Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кастрычніку Літва зафіксавала рэкордную за апошнія паўгоду колькасьць спробаў нелегальнага пераходу мяжы зь Беларусі


У кастрычніку Літва спыніла 275 спробаў незаконнага пераходу мяжы, вынікае з праведзенага «Позіркам» аналізу зьвестак памежнай службы.

Прычым, амаль палова спробаў зафіксаваная за апошнія пяць дзён месяца — пасьля таго як Літва закрыла мяжу зь Беларусьсю.

А 31 кастрычніка была рэкордная сутачная колькасьць спробаў за тры гады — 63.

Агулам за мінулы месяц суседнія краіны Эўразьвязу зафіксавалі 3271 спробу незаконнага пераходу мяжы зь Беларусі — крыху менш, чым у верасьні, і амаль на палову больш, чым у леташнім (+42%).

Ад пачатку 2025 году было спынена 41 160 спробаў — на 20,6% больш, чым летась за такі ж час:

  • Польшча — 28 435 (+0,6%),
  • Латвія — 11 180 (+120%),
  • Літва — 1545 (+83,5%).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Эўрасаюз празь Беларусь, бо іх туды нібыта «паклікалі».

Апошняя гэткая заява была 28 кастрычніка.

«Ва ўмовах усёабдымнага санкцыйнага ціску ў нас няма ні лішніх рэсурсаў, ні маральных абавязацельстваў вырашаць праблемы тых, хто гэтыя санкцыі ўвёў. Нас душаць санкцыі, кажуць, абараняйце нас... Як толькі ўвялі санкцыі і разарвалі з намі адносіны па пытаньнях міграцыі, я ім сумленна і адкрыта сказаў: мы лавіць тут анікога ня будзем і абараняць ня будзем. <...> Мы ня будзем вас абараняць зь пятлёй на шыі. Санкцыі — гэта пятля на шыі беларускага народу. І вы ад нас патрабуеце вас абараняць? Гэтага ня будзе», — заявіў Лукашэнка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG