Міністар абароны Бэльгіі Тэа Франкен заявіў пра мэтанакіраваны пралёт каля авіябазы Кляйнэ-Брогель. Паводле СМІ, на ёй захоўваецца ядзерная зброя NATO, перадае DW.
Над авіябазай NATO Кляйнэ-Брогель у горадзе Пэр на паўночным усходзе Бэльгіі двойчы заўважылі невядомыя бесьпілётнікі. Дроны зафіксавалі ўначы на 1 і 2 лістапада.
Буйныя бесьпілётнікі праляцелі над вайсковым аб’ектам на вялікай вышыні.
Таксама адзін з дронаў завіс над аэрапортам Антвэрпэну і мог сутыкнуцца з самалётам. Здарэньне адбылося каля 19-й гадзіны 1 лістапада.
Авіябаза Кляйнэ-Брогель у кастрычніку выкарыстоўвалася для штогадовых вучэньняў NATO па абароне тэрыторыі альянсу з ужываньнем ядзернай зброі. У манэўрах удзельнічалі каля 2 тысячаў вайскоўцаў.
Бэльгійскае інфармагенцтва Belga называе авіябазу Кляйнэ-Брогель важнай вайскова-паветранай базай бэльгійскага войска. Там захоўваецца амэрыканская ядзерная зброя, і з 2027 году тут будуць базавацца новыя зьнішчальнікі F-35, піша агенцтва.
Падобныя інцыдэнты ўжо неаднаразова здараліся ў Бэльгіі і іншых краінах.
- Пры канцы кастрычніка дроны двойчы заўважылі над бэльгійскай вайсковай базай у Марш-ан-Фамэне на поўдзень ад Льежу.
- На пачатку кастрычніка 15 бесьпілётнікаў зафіксавалі над вайсковым палігонам на ўсходзе Бэльгіі.
Невядомыя дроны ня раз бачылі каля вайсковых аб’ектаў і аэрапортаў у цэлым шэрагу эўрапейскіх краін, у тым ліку Нямеччыны, Даніі і Нарвэгіі.
Форум