Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

09:21 20.4.2020

Міністэрства здароўя дало новы прагноз зьніжэньня распаўсюду COVID-19 у Беларусі. Мінулы ня спраўдзіўся

«Цягам двух-трох тыдняў сытуацыя ня скончыцца, мы будзем у эпідпрацэсе, — сказала 19 красавіка намесьніца міністра аховы здароўя Натальля Жукава. — Але хацела б адзначыць, што сытуацыя кіраваная. Ёсьць перадумовы думаць, што захваральнасьць павінна зьніжацца ў наступныя тры-чатыры тыдні».

Паводле яе, Міністэрства аховы здароўя можа рабіць такую выснову, паколькі адсочвае захваральнасьць на рэсьпіраторныя інфэкцыі, а каранавірус адносіцца да групы, якая выклікае падобныя захворваньні.

Іншая намесьніца міністра аховы здароўя Алены Богдан на брыфінгу 14 красавіка разважала: ў апошнія тры дні штодзень рэгіструюць прыблізна 340–360 новых выпадкаў COVID-19, і гэтыя лічбы не мяняюцца — гэта значыць, што распаўсюд вірусу не паскараецца.

Але на наступны дзень пасьля заявы Богдан у Беларусі выявілі 447 новых выпадкаў, празь дзень — 476, праз два дні — 575, праз тры дні перасталі паведамляць колькасьць новых выяўленых выпадкаў і агульную колькасьць выпадкаў COVID-19 у Беларусі.

09:22 20.4.2020

Беларусь не адна. У Туркмэністане пасьля перапынку аднавілі футбольны чэмпіянат

Нягледзячы на пагрозу каранавірусу, у Туркмэністане аднавіўся футбольны сэзон. Нацыянальнае першынства было працягнутае пасьля перапынку, які доўжыўся адзін месяц.

Унутраныя чэмпіянаты спыненыя практычна ва ўсім сьвеце, за выключэньнем Беларусі, Туркмэністану, Таджыкістану, Нікарагуа і Тайваня. І толькі ў двух першых краінах на стадыёнах дазволеная прысутнасьць гледачоў.

Туркмэністан афіцыйна не прызнаў выпадкі інфікаваньня каранавірусам на сваёй тэрыторыі. Карэспандэнты Радыё Свабода раней паведамлялі, што людзей, якія публічна абмяркоўваюць пандэмію, затрымліваюць супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным.

10:06 20.4.2020

Лукашэнка расказаў, як супрацоўніка ягонай адміністрацыі правяралі на каранавірус

У час візыту ў царкву ў вёсцы Малыя Ляды ў Смалявіцкім раёне 19 красавіка Аляксандар Лукашэнка расказаў пра тэст на каранавірус у супрацоўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.

Пра гэта не паведамлялася асобна, але ў перадачы «Контуры» дзяржаўнага тэлеканала АНТ на 35-й хвіліне чуваць такія словы Лукашэнкі:

«Майце на ўвазе, што вялікая праблема ў нас — тэставаньне, — казаў Лукашэнка аднаму са сьвятароў. — Сёньня пратэставалі — хворы, пайшлі — здаровы».

Пасьля гэтага Лукашэнка азірнуўся і паказаў на кіраўніка сваёй адміністрацыі Ігара Сергеенку:

«Во, жывы, — сказаў ён пра Сергеенку. — У яго ў прыёмнай чалавек захварэў. Жывы, здаровы! І пратэставалі, усё нармальна. А то — гвалт, паміраюць! — і іншае. Калі не захочаш памерці і будзеш лячыцца і хацець жыць, то будзеш жыць. А калі будзеш шарахацца ад кожнага гуку...»

З цытаты не зразумела адназначна, ці Лукашэнка казаў пра хворага на COVID-19. Але, паводле дыктара, гаворка перад гэтым ішла менавіта пра сытуацыю з каранавірусам у Беларусі.

10:08 20.4.2020

Лукашэнка назваў новы «сродак» ад каранавірусу: ультрафіялет. WHO кажа, гэта не дапаможа

У час візыту ў царкву ў вёсцы Малыя Ляды ў Смалявіцкім раёне 19 красавіка Аляксандар Лукашэнка агучыў чарговы «сродак супраць каранавірусу». Раней ён ня раз называў такія «сродкі»: лазьню, гарэлку, трактары, хакей, тлустую ежу, козаў... Цяпер расказаў наступнае:

«Учора мне лекары сказалі, што пры ўльтрафіялеце, сонечным сьвятле вірус гіне, — заявіў Лукашэнка. — Дык чаго мы хаваем людзей у крэматорыі гэтыя? То ў вас там дом, вы выйшлі ці я выйшаў, падыхаў сьвежым паветрам. А ў 20-павярховым доме як чалавеку? Дык вы ж на вуліцу ходзіце, а іх жа зачынілі».

Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) сьцьвярджае: ні сонечныя прамяні, ні цёплае надвор’е не зьяўляюцца сродкамі ад каранавірусу. Захварэць на COVID-19 магчыма незалежна ад таго, наколькі сонечнае ці сьпякотнае надвор’е, засьцерагае WHO.

10:18 20.4.2020

EPAM і Wargaming перадалі беларускім мэдыкам 700 тысячаў рэсьпіратараў

Мініcтэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла, што 20 красавіка прадстаўнікі беларускіх IT-кампаніяў EPAM і Wargaming перадалі каля 700 тысячаў фільnравальных масак клясу абароны FFP2 вытворчасьці кампаніі 3M.

Гэта менавіта такія рэсьпіратары, якія Сусьветная арганізацыя здароўя раіць выкарыстоўваць мэдыкам у пакоях пацыентаў падчас працэдураў з пацыентамі, хворымі на COVID-19.

Такая колькасьць рэсьпіратараў даволі значная. 10 красавіка ў Мінздароўя казалі, што на той момант «ў мэдычнай сетцы» Беларусі было 176 тысячаў рэсьпіратараў. Зь дзяржаўнага дабрачыннага фонду лякарням закупілі 1 тысячу такіх рэсьпіратараў. Ад кампаніі «Сервалюкс агра» Мінздароўя перадала ў лякарні 50 тысяч рэсьпіратараў аналягічнага клясу KN95.

10:31 20.4.2020

Галоўная лекарка Стоўпцаў: сытуацыя ў раёне складаная, колькасьць пнэўманіяў не зьмяншаецца

У інтэрвію стаўпецкай газэце «Прамень» галоўны лекар цэнтральнай раённай бальніцы Сьвятлана Глебка заклікала ўсіх жыхароў рэгіёну прыняць асабісты меры для прафіляктыкі каранавіруснай інфэкцыі.

У Стоўпцах на базе раённай бальніцы адкрыты шпіталь на 134 месцы. Практычна ўсе аддзяленьне раённага шпіталя перапрафілявалі для лячэньня хворых на каранавірус. Сьвятлана Глебка не прыводзіць лічбы хворых, але сытуацыю называе складанай.

«Колькасьць хворых з пнэўманіяй не зьмяншаецца. Таму прашу ад жыхароў раёна строга выконваць рэжым самаізаляцыі. На гэты час неабходна адкласьці ўсе справы, якія павядуць вас у соцыюм».

Сьвятлана Глебка просіць адмовіцца ад сяброўсіх сустрэч, пацісканьня рук, абдымкаў, выключыць усе кантакты, мыць рукі, насіць павязак і маскі, пальчаткі ў грамадзкіх месцах, захоўваць дыстанцыю адзін ад аднаго.

«Усіх хворых пакуль ёсьць магчымасьць шпіталізаваць. Нам дапамагаюць іншыя раёны ў разьмяшчэньні хворых. Кожны павінен усьвядоміць, што ёсьць службы, у тым ліку і мэдыцынскія, якія змагаюцца з пандэміяй ушчыльную».

11:04 20.4.2020

Прэзыдэнт Чэхіі: забарона на паездкі павінна дзейнічаць год

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман лічыць, што абмежаваньні на паездкі грамадзян за мяжу, якія дзейнічаюць у краіне, павінны працягвацца год.

Гэта неабходна, каб не дапусьціць новай хвалі захворваньняў каранавіруснай інфэкцыяй. Такія наступствы, па словах Зэмана, могуць выклікаць паездкі ў краіны, дзе пакуль захоўваецца складаная эпідэміялягічная сытуацыя. Прэзыдэнт параіў жыхарам атрымліваць асалоду гэтым летам ад мясцовых прыгажосьцяў.

У сярэдзіне сакавіка чэскія ўлады ўвялі забарону на выезд і ўезд у краіну, каб стрымаць распаўсюд каранавірусу. Выключэньні датычаць толькі некаторых выпадкаў. Сярод іх паездкі па неадкладных прычынах, у тым ліку для лячэньня, дазволы, якія выдаюцца кіроўцам вялікагрузнага транспарту.

11:22 20.4.2020

«Цела ў труну кладуць у пакеце», — сваякі ахвяры COVID-19 пра крэмацыю без разьвітаньня

17 красавіка ў 10-й лякарні Менску ад каранавірусу на 81-м годзе жыцьця памерла Мая Зісіна, якая перажыла Галакост і была актывісткай габрэйскіх арганізацый і грамадаў Беларусі. 19 красавіка адбылася крэмацыя жанчыны. Як распавяла Свабодзе пляменьніца Маі Зісінай псыхоляг Сьвятлана Бэргер, «мы зможам зрабіць разьвітаньне зь цёцяй толькі, калі гэта будзе бясьпечна і калі зможа прыехаць з-за мяжы мая дачка Фаіна. Мы з сумам жартуем, што мёртвай бабулю ніхто з нас ня бачыў».

За Маю Зісіну маліліся бахаі ў ЗША, Саўдаўскай Арабіі, Лібане, Аўстрыі, Нямеччыне ды іншых краінах сьвету, а таксама ў грамадзе прагрэсіўнага юдаізму ў Менску. 10 траўня Маі Зісінай споўніўся б 81 год.

Чытаць далей >>

11:25 20.4.2020

Міністэрства аховы здароўя Беларусі расказала, на што пайшлі грошы зь фонду на барацьбу з каранавірусам

Паводле міністэрства, на рахункі паступіла 5 339 326 рублёў і 7 капеек, а таксама 79 011 эўра. Валюты пакуль ня трацілі, а з рублёвага рахунку на раніцу 17 красавіка выдаткавалі 1 531 178 рублёў і 34 капейкі.​

З гэтага дзяржаўнаму прадпрыемству «Белмэдтэхніка» накіравалі 1 079 300 рублёў на маскі, камбінізоны, ахоўныя экраны. Яшчэ 364 339 рублёў вылучылі на 2000 набораў рэагентаў для выяўленьня COVID-19 для РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі.

Яшчэ 198 294 і 145 522 рублі накіравалі на пакупку камбінізонаў і масак у неназванай крыніцы для неназваных мэтаў.

11:34 20.4.2020

Прэзыдэнт Бразыліі прыйшоў на акцыю супраць абмежаваньняў праз каранавірус. І кашляў

Прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару прыняў удзел у дэманстрацыі ў сталіцы краіны Бразыліа супраць абмежавальных мер, якія ўведзеныя з прычыны каранавірусу. Усяго ў акцыі ўдзельнічалі каля 600 чалавек, паведамляе ў панядзелак, 20 красавіка, AFP.

Удзельнікі акцыі запатрабавалі закрыцьця парлямэнта і выступленьня арміі на баку Балсанару. Прэзыдэнт на акцыі выступіў з прамовай, якую вымушаны быў некалькі разоў перарываць праз кашаль, паведамляе агенцтва.

Парлямэнт і кіраўніка рэгіёнаў у Бразыліі ўвялі забарону на выхад з дому праз эпідэмію каранавірусу. Балсанару крытыкуе гэтыя меры, называе вірус «невялікім грып», а барацьбу з распаўсюджваньнем каранавіруса «гістэрыяй». Раней Балсанару адправіў у адстаўку папулярнага ў краіне міністра аховы здароўя Луіса Энрыке Мандэту, які быў адным з галоўных прыхільнікаў сацыяльнага дыстанцыяваньня ў Бразыліі.

13:07 20.4.2020

Амбасада Швэцыі пачала інтэрнэт-праект «Швэдзекія казкі беларускім дзеткам»

На першым відэа сама амбасадарка Крыстына Юганэсан чытае казку «Мама Му чытае» па-беларуску ў перакладзе Надзеі Кандрусевіч. Ідэю праекту падтрымала кампанія Ikea. Новыя відэа (чытаньне казак, спэкталкі, песьні і майстар-клясы) маюць зьявіцца на Youtube-канале амбасады.

Паводле амбасадаркі, цяпер «настаў момант, можа і ня самы радасны і шчасьлівы, але той, калі вельмі важнае месца ў жыцьці ізноў займаюць добрыя кнігі». Яна заклікала трымаць сацыяльную дыстанцыю і часьцей заставацца дома.

13:15 20.4.2020

У горадзенскім шпіталі павесіўся пацыент. Напярэдадні ў яго ўзялі тэст на COVID-19

У горадзенскім кардыялягічным цэнтры засіліўся пацыент. Сьледчы камітэт праводзіць праверку па факце сьмерці мужчыны.

Паводле інфармацыі горадзенскага сайта s13, 68-гадовы мужчына павесіўся ноччу 19 красавіка ў палаце кардыялягічнага цэнтру. Яго знайшла санітарка. Гарадзенец паступіў у кардыяцэнтар з інфарктам больш за тыдзень таму. Пазьней у яго выявілі пнэўманію. 18 красавіка пацыента ізалявалі ў асобную палату і ўзялі ў яго мазок на COVID-19, вынікі якога яшчэ невядомыя. Паводле папярэдніх дадзеных, сьмерць ня мае крымінальнага характару.

13:22 20.4.2020

Беларускія консульствы ў Расеі прыпынілі прыём да 1 траўня

Консульскія аддзелы амбасады Беларусі ў Расеі ў Екацярынбургу, Казані, Калінінградзе, Краснаярску, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасыбірску, Растове-на-Доне, Санкт-Пецярбургу, Смаленску, Уфе і Хабараўску прыпынілі прыём грамадзян па консульскіх пытаньнях да 1 траўня, паведамілі агенцтву «Минск-Новости» ў беларускім прадстаўніцтве ў Расеі.

У той жа час можна зьвярнуцца ў консульства па экстраных пытаньнях — выдача пасьведчаньняў на вяртаньне ў Беларусь, візаў дыпляматам і адміністрацыйна-тэхнічнаму пэрсаналу амбасадаў, акрэдытаваных у Расеі.

13:26 20.4.2020

Некалькі эўрапейскіх краін пачалі аслабляць карантын

Урады некалькіх эўрапейскіх краін пачалі паступова здымаць абмежаваньні на фоне эканамічнага і сацыяльнага ціску.

Ад 20 красавіка ў Нямеччыне можна будзе адчыніць малыя і сярэднія крамы. Пры гэтым грамадзяне павінны вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю. У некаторых

рэгіёнах краіны людзі надалей абавязаныя прыкрываць твары ў грамадзкім транспарце і крамах.

Міністэрства аховы здароўя Нямеччыны мяркуе, што патрабаваньне сацыяльнай дыстанцыі будзе захоўвацца яшчэ шмат месяцаў, пакуль ня будзе знойдзеная вакцына.

Швайцарыя, Данія і Фінляндыя пачынаюць аднаўляць працу школ і крамаў. Бэльгія, Грэцыя і Партугалія заяўляюць, што распрацоўваюць плян аднаўленьня дзейнасьці эканомікі ў траўні. Чэхія таксама мае намер адкрыць невялікія крамы.

13:30 20.4.2020

Опэрны тэатар адмяніў два свае летнія фэстывалі

Нацыянальны тэатар опэры і балета Беларусі адмяніў два фэстывалі, якія павінны былі прайсьці ў чэрвені 2020 году:

  • фэстываль «Балетнае лета ў Вялікім», які мусіў прайсьці на стацыянарнай пляцоўцы тэатру,
  • фэстываль «Вечары ў замках Радзівілаў», які традыцыйна праходзіць у Нясьвіжы.

Інфармацыю пра гэта Tut.by пацьвердзілі ў прэс-службе калектыву. Таксама ў тэатры адмянілі практычна ўсе травеньскія паказы, замест іх у тэатры адбудуцца канцэрты.

13:44 20.4.2020

Як мінімум да 1 ліпеня. Нацбанк рэкамэндаваў банкам падаўжаць тэрмін дзеяньня картак кліентаў з прычыны каранавірусу

Нацыянальны банк Беларусі (НББ) рэкамэндаваў банкам аўтаматычна падаўжаць тэрмін дзеяньня плацежных картак «як мінімум да 1 ліпеня 2020 году» на фоне распаўсюджваньня каранавірусу ў Беларусі, паведамляе Interfax.by.

У лісьце НББ банкам Беларусі таксама рэкамэндуецца максымальна пашырыць магчымасьці дыстанцыйнага абслугоўваньня, каб кліенты банкаў маглі праз АРІП датэрмінова пагашаць крэдыты і пасьля заканчэньня тэрміну дэпазыту пераводзіць онлайн сродкі на бягучы рахунак.

13:51 20.4.2020

Каманда #БНР100 раздасьць актывістам, блогерам і мэдыкам павязкі, плякаты і карысныя сувэніры кампаніі «Трымайся годна»

Прадстаўнікам грамадзкіх арганізацыяў, публічным асобам і мэдыкам дастаткова запоўніць адмысловую форму, каб атрымаць «бясьпечныя ручкі» для дзьвярэй (каб можна было адчыняць, не дакранаючыся далонямі), маскі на твар, інфармацыйныя налепкі і плякаты, сувэнірныя кубкі, значкі і магніты.

Усім астатнім прапануюць падтрымаць кампанію рублём: набыць праз Ulej.by тыя самыя рэчы па цане ад 3 рублёў за значок ці магніт, ад 10 рублёў за павязку ці кубак. Цэлы набор каштуе 50 рублёў.

13:55 20.4.2020

Распаўсюджваньне інфэкцыі ў многіх эўрапейскіх краінах запавольваецца

Паводле дадзеных сайту Worldometers, за папярэдні дзень у краінах Эўропы было выяўлена каля 23 000 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам. Гэта самы нізкі паказьнік за некалькі тыдняў.

Таксама і колькасьць памерлых паступова зьмяншаецца — у Эўропе за дзень зафіксавана каля 2500 ахвяр каранавірусу, ва ўсім сьвеце — каля 5000.

У Злучаных Штатах колькасьць выяўленых новых выпадкаў таксама паступова памяншаецца, менш за 30 000 у дзень.

  • У Гішпаніі колькасьць заражаных у панядзелак перавысіла 200 000. 399 чалавек памерлі ад COVID-19 за апошні дзень у гэтай краіне — гэта прыкладна ў два разы менш, чым на піку эпідэміі некалькі тыдняў таму.
  • У Італіі за апошнія 24 гадзіны ад каранавіруснай інфэкцыі памерла 433 чалавекі. Колькасьць выпадкаў сьмерці за дзень у гэтай краіне паступова зьмяншаецца, як і колькасьць хворых у аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі.
  • У такіх краінах, як Нямеччыны і Аўстрыя, кожны дзень колькасьць вылечаных перавышае колькасьць новых выяўленых выпадкаў заражэньня.
  • У Кітаі, Паўднёвай Карэі, Аўстраліі і Новай Зэляндыі колькасьць наноў выяўленых выпадкаў заражэньня каранавірусам таксама зьмяншаецца. За апошнія 24 гадзіны ў Кітаі іх было толькі 12, у Аўстраліі 7.
  • Сынгапур перажывае новую ўспышку інфэкцыі, штодня заражаецца амаль 1500 чалавек.

14:37 20.4.2020

Каранавірус: ці трэба пераапранацца і прымаць душ, калі мы прыходзім з вуліцы


Кропля, якая настолькі малая, каб некаторы час плаваць у паветры, наўрад ці асядзе на адзеньне з прычыны аэрадынамікі, — кажа Лінсы Мар, навуковец у галіне аэразоляў з Тэхналягічнага ўнівэрсытэту ў Вірджыніі. Кроплі такія малыя, што могуць свабода перамяшчацца ў паветры вакол нашага цела і адзеньня, — дадае Мур. Але ёсьць выпадкі, калі лепш душ усё ж прыняць.

14:51 20.4.2020

«Будзеш сварыцца — табе працаваць не дадуць». Хворай на COVID-19 доктарцы не давалі бальнічнага і не рабілі тэстаў

Кацярына Зімніцкая
Кацярына Зімніцкая

Стаматоляг Вялейскай цэнтральнай раённай лякарні Кацярына Зімніцкая апынулася ў валожынскім шпіталі з дыягназам COVID-19 пасьля кантакту з заражанай пацыенткай. Яна сьцьвярджае, што, нягледзячы на яўныя сымптомы ў яе, мужа і іхных траіх дзяцей, адміністрацыя вялейскай лякарні адмаўлялася рабіць усім ім тэсты на COVID-19, ёй не давалі бальнічнага і доўгі час не прапаноўвалі шпіталізацыі.

Гісторыю Кацярыны Зімніцкай чытайце па спасылцы>>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG