«Вірус будзе з намі доўга». Сусьветная арганізацыя здароўя пра пагрозу новых асяродкаў COVID-19
«Нам трэба будзе прайсьці доўгі шлях. Гэты вірус будзе з намі яшчэ доўга», — цытуе ВВС кіраўніка арганізацыі Тэдраса Гебрэесуса.
Паводле яго, калі у краінах Заходняй Эўропы сытуацыя пакрысе стабілізуецца, трывожны рост колькасьці інфікаваных назіраецца ва ўсходняй частцы кантынэнту, а таксама ў Афрыцы, Цэнтральнай і Паўднёвай Амэрыцы.
«Грамадзяне краін, дзе дзейнічаюць карантынныя захады, адчуваюць зразумелае раздражненьне ад таго, што ўжо некалькі тыдняў не пакідаюць свае дамы. Але сьвет ужо ня будзе ранейшым», — сказаў Гебрэесус.
Вірус па-ранейшаму вельмі небясьпечны і, паводле ацэнак Сусьветнай арганізацыі здароўя, рызыкуе значная частка насельніцтва на ўсёй плянэце. Новая ўспышка захворваньня можа пачацца ў любы момант.
Паводле дадзеных на 23 красавіка, каранавірусам заразіліся больш за 2,6 мільёна жыхароў ў розных краінах, вірус забраў жыцьці 183,5 тысячы чалавек.
У ЗША зарэгістравалі рэкордную колькасьць беспрацоўных
За апошнія пяць тыдняў 26 мільёнаў амэрыканцаў зьвярнуліся да ўраду з просьбай аб атрыманьні дапамогі ў сувязі зь беспрацоўем. Гэта складае каля 16% усёй працоўнай сілы ў ЗША.
Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, спасылаючыся на найноўшыя зьвесткі зь Міністэрства працы ЗША.
Агенцтва адзначае, што гэтая рэкордная колькасьць беспрацоўных, выкліканая пандэміяй каранавіпусу, практычна зьнішчыла ўсе ранейшыя намаганьні адміністрацыі прэзыдэнта Дональда Трампа па стварэньні новых працоўных месцаў у краіне.
«Яндэкс» запусьціў у Менску дастаўку пасылак да 20 кг
Ад 22 красавіка расейскі сэрвіс «Яндекс.Такси» прапануе ў Менску паслугу дастаўкі — кампанія лічыць, што такая паслуга актуальная ў час, калі многія спрабуюць пазьбягаць месцаў масавага збору людзей і застаюцца дома.
Замовіць дастаўку можна праз мабільную праграму, пазначыць нумар тэлефона атрымальніка, вынесьці да машыны пасылку і перадаць кіроўцу. Той, каму прызначаная пасылка, атрымае SMS са спасылкай на старонку, дзе зможа сачыць за лякацыяй машыны з грузам. Можна папрасіць і дастаўку «ў рукі» да дзьвярэй, і бескантактную дастаўку.
Падача машыны каштуе 3,4 рубля (у гэта ўключаныя 2 км дарогі і 10 хвілінаў чаканьня), далей тарыф па горадзе — 0,3 рубля на 1 км, за горадам — 0,65 р/км. Пасылка мусіць зьмяшчацца ў багажнік машыны і ня быць цяжэйшай за 20 кг. Зброю, жывёлаў, наркатычныя рэчывы, вадкасьці ў адкрытай тары і некаторыя іншыя рэчы дастаўляць ня будуць.
У Кітаі праз каранавірус зачынілі ўезд у горад Харбін
У Кітаі праз павелічэньне колькасьці хворых на COVID-19 зачынілі ўезд у Харбін для жыхароў і аўтамабіляў зь іншых гарадоў. Пра гэта паведамляе Reuters.
Акрамя таго, для выхаду з дому жыхары Харбіна павінны мець QR-код з пацьверджаньнем таго, што яны не інфікаваныя каранавірусам. На вуліцы загадана насіць ахоўную маску.
10-мільённы Харбін, як пішуць агенцтвы, стаў цэнтрам другой хвалі распаўсюду каранавірусу ў Кітаі — за апошнія 10 дзён у горадзе пацьверджаны 57 выпадкаў заражэньня.
Завод «Луч» зрабіў гадзіньнікі, выручку ад якіх перадасьць Мінздароўя
Менскі гадзіньнікавы завод «Луч» выпусьціў партыю наручных гадзіньнікаў #часдапамагаць. Мэханічны ўнісэкс-гадзіньнік каштуе 69 рублёў, а выручку ад продажаў абяцаюць перавесьці на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя. Дастаўка гадзіньніка бясплатная па Беларусі, а ў Менску магчымая бескантактная дастаўка.
Прэзыдэнт Таджыкістану заклікаў перанесьці пост з прычыны пандэміі каранавірусу
Прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон павіншаваў суграмадзян з надыходам сьвятога месяца Рамадан і заклікаў іх адкласьці пост на іншы час праз пандэмію каранавірусу, паведамляе таджыцкая служба Радыё Свабода.
Як указаў прэзыдэнт, у першую чаргу гэта тычыцца работнікаў сельскай гаспадаркі, бо Рамадан сёлета «супаў з часам веснавых палявых работ».
Страціўшы працу, беларуская гід у Гішпаніі вырашыла працаваць на вінаградніках
Беларуская журналістка Вольга Ўлевіч, якая апошнія 8 гадоў працавала гідам у Каталёніі, вырашыла з прычыны пандэміі зьмяніць сфэру дзейнасьці — працаваць на зямлі ў сельскай гаспадарцы. Паводле Вольгі, гэта цяпер вельмі запатрабаваная праца, бо з прычыны COVID-19 у Гішпанію ня змогуць прыехаць сэзонныя работнікі. Пандэмія падштурхнула Вольгу інакш паглядзець на многія рэчы і пераасэнсаваць, што для яе насамрэч важна ў жыцьці. Чытайце гісторыю Вольгі па спасылцы >>
Ці варта праводзіць суботнік ва ўмовах пандэміі? Апытаньне ў Менску
Афіцыйныя прафсаюзы рыхтуюцца да рэспубліканскага суботніку 25 красавіка. У той жа час выканкам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) асудзіў рашэньне ўладаў правесьці суботнік у разгар пандэміі каранавірусу. Спыталі ў мінакоў, ці варта праводзіць суботнік.
«Трэба — увядзём і камэнданцкі час». Лукашэнка сказаў «не адмахвацца» ад рэкамэндацыяў WHO, але дзейнічае па-свойму
Паводле Лукашэнкі, Беларусь ня стане адмахвацца ад рэкамэндацыяў Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO), але будзе дзейнічаць згодна зь бягучай сытуацыяй.
«Калі, дапусьцім, яны нам рэкамэндуюць, як некаторыя пішуць, аж да камэнданцкага часу ўвесьці, я яшчэ раз падкрэсьліваю: трэба — увядзём і камэнданцкі час, трэба — ізалюем гарады, пасёлкі і вёскі. Але хіба сёньня такая праблема стаіць перад краінай? Не. Таму мы не адмахваемся ад рэкамэндацыяў, але мы мусім з комплексу рэкамэндацый, нашага досьведу, дзейнічаць адпаведна», — заявіў Лукашэнка. Цалкам чытайце тут.
Жаночы чэмпіянат Беларусі ў футболе пачнецца 30 красавіка, мужчынскі і не спыняўся
Спачатку плянавалася пачаць жаночае першынства 16 красавіка, але старт адклалі ў сувязі з тым, што некалькі футбалістак кантактавалі з магчымымі носьбітамі COVID-19. Аднак праведзеныя тэсты на наяўнасьць вірусу далі адмоўныя вынікі. 29-ы па ліку жаночы чэмпіянат Беларусі пройдзе ў тры этапы і завершыцца 8 лістапада.
Зьнізіць стаўкі і адкрываць рахункі праз інтэрнэт. Нацбанк змагаецца з пандэміяй у фінансавым сэктары
Нацыянальны банк Беларусі даў рэкамэндацыі мікрафінансавым арганізацыям зьніжаць стаўкі і адтэрміноўваць плацяжы кліентам, якія апынуліся ў складаных умовах (падрабязьней тут).
Лукашэнка пераклаў праблему падтрымкі бізнэсу ў час пандэміі на рэгіянальныя ўлады
Як піша прэс-служба Лукашэнкі, урад прапанаваў акрэсьліць галіны, якія найбольш пацярпяць ад запавольваньня эканамічнай актыўнасьці і падзеньня попыту. У пакеце прапановаў пытаньні падаткаў, арэнды, працоўных адносінаў і «шэраг адчувальных сацыяльных аспэктаў».
«Гэта будуць рэкамэндацыі „губэрнатарам“, — сказаў Лукашэнка, маючы на ўвазе старшыняў аблвыканкамаў. — І нейкім прадпрыемствам, за якія ўрад непасрэдна адказвае. Калі мы будзем выдзяляць нейкія грашовыя сродкі для эканомікі — іх будуць дзяліць „губэрнатары“, яны гэтага запатрабавалі. Яны кажуць: мы самі разьбяромся, або краму падтрымліваць, хімвалакно, або нейкае дывановае прадпрыемства». Цалкам чытайце тут.
У жаночым манастыры пад Менскам пацьвердзілі 2 выпадкі заражэньня каранавірусам
У Сьвята-Елісавецінскім манастыры, які знаходзіцца пад Менскам, пацьвердзілі 2 выпадкі заражэньня каранавірусам і расказалі, колькі чалавек агулам хварэюць у манастыры (у некалькіх чалавек пнэўманія, ВРВІ), але заклікалі ня верыць «фэйкам пра масавае заражэньне». Падрабязнасьці тут.
Сьвятары і мэдыкі заклікаюць ня ехаць на Радаўніцу на могілкі, улады прапануюць дадатковыя аўтобусы
Транспартныя прадпрыемствы заяўляюць, што на Радаўніцу арганізуюць дадатковыя рэйсы на могілкі, каб разгрузіць колькасьць пасажыраў. Толькі ў Менску на маршрут звыш графіку выйдзе 250 аўтобусаў.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі раней заклікала людзей на вялікія выходныя, прымеркаваныя да Радаўніцы, заставацца дома, каб праз тыдзень-два не атрымаць росту захворваньня. Просяць устрымацца ад наведваньня могілак і ў кіраўніцтве Беларускай праваслаўнай царквы.
«За ноч памерлі 5 чалавек». Што адбываецца ў Стоўпцах, дзе ў шпіталі звыш ста хворых на пнэўманію
Усе аддзяленьні раённай лякарні запоўненыя хворымі на COVID-19 і пнэўманію. Успышка ў раёне настолькі моцная, што хворых развозяць у іншыя раёны. У найбліжэйшыя дні ў Стоўпцах чакаюць дапамогі мэдыкаў зь Менску.
Рэпартаж Свабоды чытайце па спасылцы>>
«У нас таксама лечаць хворых з каранавірусам» — Ірына Абельская, галоўны доктар мэдцэнтру Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта
У Рэспубліканскім клінічным мэдцэнтры кіраўніцтва спраў прэзыдэнта ў Ждановічах перапрафілявана спэцыяльнае аддзяленьне для лячэньня пацыентаў з каранавірусам.
Лукашэнка расказаў пра «расслабленасьць» і «расхлябанасьць» сярод некаторых мэдыкаў
«Мы пачыналі гэтую барацьбу толькі сіламі Міністэрства аховы здароўя, — казаў Лукашэнка. — І зь некаторай такой расслабленасьці нашых лекараў. Я б сказаў, што ў асобных выпадках — расхлябанасьці. І гэта прывяло да таго, што мы атрымалі гэтую заразу ў некалькіх дзясяткаў лекараў. І нам давялося лячыць лекараў»/
60 памерлі. У Беларусі прызналі 8022 выпадкаў COVID-19, плюс 741 за дзень
- агулам 8022 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19;
- 60 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй;
- 938 выпісаных пацыентаў, у якіх была каранавірусная інфэкцыя;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 741 выпадак і прызналі яшчэ 2 сьмерці, выпісалі яшчэ 169 пацыентаў;
Кіраўніцтва пацьвердзіла каранавірус у хакейным клюбе «Нёман»
Намесьнік гендырэктара хакейнага клюбу «Нёман» Анатоль Варывончык пацьвердзіў Tribuna.com, што ўдзельнікі каманды захварэлі на Covid-19.
«Мы праверылі дзьве каманды, і ў некага аказаўся станоўчы вынік. Не магу сказаць, колькі чалавек», — сказаў Варывончык.
Варывончык не ўдакладніў, колькі менавіта хакеістаў хварэюць, бо ня мае дадзеных. Вядома, што правяралі гульцоў каманды «Нёман» і «Нёман-2».
Ад 13 красавіка каманда знаходзіцца ў адгулах да канца месяца. 29-30 красавіка гульцоў зьбяруць каб працягнуць кантракт ці разьвітацца.
Чаму гэта важна?
21 красавіка Варывончык казаў Tribuna.com, што адгулы ў камандзе не зьвязаныя з заражэньнем каранавірусам, проста хакеісты назапасілі выходныя цягам сэзону.
Дык а што здарылася?
21 красавіка стала вядома, што першыя станоўчыя тэсты на Covid-19 атрымалі 4 фінскія гульцы каманды. Аналізы ў іх узялі 13 красавіка ў аэрапорце Гэльсінкі.
Пазьней стала вядома, што на каранавірус захварэлі нападаючы каманды Мікіта Бастрыкін і брамнік Віктар Майсеенка.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
«5 інтэрнатаў для інвалідаў ужо сталі асяродкамі каранавірусу». Праваабаронцы б’юць у званы з прычыны сытуацыі ў інтэрнатах
7 грамадзкіх арганізацый, якія апякуюцца інтэрнатамі для састарэлых, інвалідаў і хворых на псыхічныя хваробы, падпісалі адкрыты зварот у сувязі з распаўсюдам у гэтых установах каранавірусу.
Па дадзеных кіраўніка «Офіса па правах людзей з інваліднасьцю» Сяргея Драздоўскага, ужо ў 5 інтэрнатах зарэгістраваныя выпадкі захворваньня на каранавірус, іх ужо некалькі дзясяткаў, але афіцыйна гэтыя зьвесткі не агалошваюцца. Актывіст не выключае, што колькасьць тых, хто захварэў, сярод пастаяльцаў і супрацоўнікаў інтэрнатаў для састарэлых, інвалідаў і псыхічна хворых будзе павялічвацца. Цалкам чытайце па спасылцы.