У Беларусі пандэмія пашыраецца як у Расеі. У іншых суседзяў — больш павольна
На графіку, які прыводзіцца ніжэй, пазначаная дынаміка тэмпу распаўсюду каранавірусу ў Беларусі і ў пяці суседніх зь ёй краінах з 6 красавіка па 26 красавіка.
У папярэдні пэрыяд колькасьць хворых ва ўсіх краінах была адносна невялікай, таму тэмпы часам рэзка мяняліся, зьяўленьне ў нейкай краіне новага асяродку захворваньня прыводзіла да рэзкіх скачкоў тэмпу.
Ад пачатку красавіка скачкоў амаль нідзе ўжо не было, адбываліся паступовыя зьмены хуткасьці распаўсюду захворваньня.
Тэмп росту колькасьці інфікаваных каранавірусам у Беларусі і ў суседніх краінах, у %
Мільён выпадкаў COVID-19 у ЗША: памерлі 56 800 чалавек, распаўсюд вірусу працягваецца
На раніцу 28 красавіка ў Злучаных Штатах Амэрыкі зафіксавалі звыш 1 010 500 выпадкаў хваробы COVID-19, выкліканай новым каранавірусам SARS-CoV-2. Памерлі 56 803 пацыенты, у цяжкім стане застаюцца звыш 14 тысяч.
Выпісалі здаровымі звыш 139 тысяч чалавек, «актыўных выпадкаў» хваробы застаецца звыш 814 тысяч.
Злучаныя Штаты ўжо працяглы час на першым месцы ў сьвеце паводле распаўсюду каранавірусу і колькасьці памерлых. На другім месцы ў колькасьці выпадкаў Гішпанія (каля 229,4 тысячы выпадкаў, памерлі 23 521), на другім паводле сьмерцяў — Італія (каля 199,4 тысячы выпадкаў, памерлі 26 977).
У распаўсюджаньні вірусу на душу насельніцтва ЗША таксама сярод першых — каля 3053 выпадкаў на мільён чалавек. Больш у Італіі (3298), Швайцарыі (3370), Катары (3903), Ірляндыі (3979), Бэльгіі (4028), Гішпаніі (4907), Ісьляндыі (5251), Люксэмбургу (5957) і шэрагу мікрадзяржаваў.
У ЗША найбольш пацярпелі штаты Нью-Ёрк (298 тысяч выпадкаў, 22 623 памерлі), Нью-Джэрзі (111 тысяч выпадкаў, 6 044 памерлі) і Масачусэтс (56,5 тысячы выпадкаў, 3003 памерлі).
Распаўсюд вірусу працягваецца, расьце ў тым ліку колькасьць «актыўных выпадкаў». Але рост не паскараецца. Колькасьць хворых і памерлых расьце ўжо не па экспанэнце, ужо месяц колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень трымаецца ў межах 20–38 тысяч (учора 23 196), сьмерцяў на дзень — ад 1000 да 2638 (учора — 1384).
Беларускія лёгкаатлеты ўпершыню пазмагаюцца ў онлайн-рэжыме
Пра першыя ў краіне онлайн-спаборніцтвы абвясьціла Беларуская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі.
«Сёньняшняя сытуацыя, выкліканая пандэміяй COVID-19, паўплывала ня толькі на каляндар, а і на трэнавальны працэс у многіх краінах. Балазе, у беларускіх лёгкаатлетаў ёсьць магчымасьць працягваць сваю падрыхтоўку. Гледачы, заўзятары, трэнэры і, вядома, самі атлеты засумавалі па турнірах», — адзначаецца ў прэс-рэлізе фэдэрацыі.
А яшчэ заўзятарам прапануецца паназіраць за спаборніцтвамі ў онлайн-рэжыме. Першымі выйдуць на старты штурхальнікі ядра. Далучыцца да трансьляцыі можна на youtube-канале фэдэрацыі AthleticsBY.
30 красавіка а 18-й гадзіне на месцах трэніровак атлетаў у Віцебску і Берасьці пройдуць дзьве завочныя дуэлі, у якіх возьмуць удзел вядучыя штурхальнікі ў розных узроставых катэгорыях. У кожнага будзе права на выкананьне шасьці спробаў, па выніках будзе вызначаны пераможца ў пары.
Кіраўнік NATO: Расея і Кітай працягваюць дэзынфармаваць пра пандэмію
Генэральны сакратар NATO абвінаваціў Кітай і Расею ў пашырэньні дэзынфармацыі аб супрацьдзеяньні пандэміі каранавірусу. Енс Столтэнбэрг правёў сустрэчу з журналістамі ў фармаце тэлеканфэрэнцыі. У ёй удзельнічаў карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
«Расейскія і кітайскія прадстаўнікі сьцьвярджалі, што саюзьнікі па NATO не падтрымліваюць адзін аднаго ў супрацьдзеяньні пандэміі COVID-19, што нашыя краіны ня здольныя абараняць сваіх старых і што саюзьнікі па NATO адказныя за пашырэньне вірусу. У нас ёсьць некалькі прыкладаў заяў, зробленых у Маскве і Пэкіне, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці і пры гэтым зьяўляюцца спробамі нанесьці шкоду саюзьніцкім сувязям паміж краінамі NATO», — расказаў Столтэнбэрг.
«Што тычыцца нашай здольнасьцяў узаемадзейнічаць у аказаньні дапамогі пацярпелым ад эпідэміі, то на нядаўняй тэлеканфэрэнцыі міністраў абароны ўсе ўдзельнікі пагадзіліся нарошчваць і паскараць сумесную працу. Толькі сумеснымі сіламі мы і можам забясьпечваць дастаўку хворых празь межы, перавозіць матэрыялы і мэдычнае абсталяваньне. Сьцьвярджэньні адваротнага — гэта няслушныя сьцьвярджэньні».
У Беларусі адны вайскоўцы дэзынфікуюць лякарні, іншыя рыхтуюцца да параду
Зводны батальён войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны апрацаваў памяшканьні і прылеглую тэрыторыі цэнтральнай раённай лякарні і паліклінікі № 1 у Менску.
Як паведамілі ў Міністэрстве абароны, 170 спэцыялістаў-хімікаў і 60 адзінак тэхнікі прыбылі ў Менск для дэзынфэкцыі устаноў аховы здароўя. Мэта — мінімізацыя распаўсюду інфэкцыі COVID-19.
Вайскоўцы маюць у сваім арсэнале камплекты спэцыяльнай апрацоўкі.
У той жа час іншыя падразьдзяленьні абароннага ведамства Беларусі рыхтуюцца да вайсковага параду 9 траўня. Так, чакаецца, што 29 красавіка ў Менску пройдзе чарговая трэніроўка на маршруце мэханізаванай калёны. У сувязі з гэтым увечары будзе абмежаваны рух усіх відаў транспарту ад праспэкту Пераможцаў да вуліцы Куйбышава і зьменяцца трасы шэрагу аўтобусных маршрутаў.
Для пасажырскага транспарту ў месцах перакрыцьця дарог прадугледжаны часовы прыпынак на час праходжаньня калёны.
Плюс 919 інфікаваных і 4 сьмерці. У Беларусі зафіксавалі 12 208 выпадкаў COVID-19
Паводле Мінздароўя, на раніцу 28 красавіка ў Беларусі зафіксавалі:
- агулам 12 208 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць вылекаваныя і памерлыя);
- 79 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, гэта ня так);
- 1993 выпісаных пацыентаў, у якіх была каранавірусная інфэкцыя;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 919 выпадкаў і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 253 пацыентаў;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 161 028 тэстаў, плюс 7183 за дзень;
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісаныя дамоў на «амбуляторнае лекаваньне», не паведамляецца.
Беларусы гуляюць у футбол падчас пандэміі, але атрымаюць дапамогу ад UEFA, як і тыя, хто на карантыне
55 футбольных асацыяцый Эўропы, уключна зь Беларускай фэдэрацыяй футболу, атрымаюць ад UEFA па 4,3 мільёна эўра на барацьбу з наступствамі каранавірусу. Агулам 236,5 млн эўра выдзеленыя праграмай дапамогі HatTrick. Падрабязьней тут.
«У кожнага пятага пацьвярджалася пнэўманія». Каранавірус у сям’і рок-музыкі Андрэя Казлоўскага
У аднаго з пачынальнікаў беларускага гард-року, заснавальніка культавага гурту «Сузор’е» Андрэя Казлоўскага пацьвердзіўся станоўчы вынік тэсту на каранавірус. Заразілася і ягоная жонка Тамара Юркевіч. У размове са Свабодай музыка выказаў здагадку, дзе і калі мог падхапіць інфэкцыю.
Крыху больш за месяц таму разам з жонкай ён адвозіў 92-гадовую цешчу ў лякарню хуткай дапамогі. Там 6 гадзінаў яны вымушана правялі ў прыёмным пакоі сярод людзей, якія чхалі і кашлялі. На пачатку красавіка пажылой жанчыне зноў стала кепска. Яе транспартавалі ў 5-ю лякарню, дзе карціна паўтарылася — дзясяткі рэальна і патэнцыйна хворых у адным памяшканьні.
«Можа, паўсотні чалавек у чаканьні прыёму, — гаворыць ён. — Нашу бабулю хоць і прапускалі без чаргі, бо ў асноўным усе маладзейшыя, але 4,5 гадзіны гэта заняло. Дык вось: дзесьці ў кожнага пятага пацьвярджалася пнэўманія. Ну а ўсіх астатніх выпраўлялі дадому — бяз тэстаў, безь нічога». ГісторыюАндрэя Казлоўскага цалкам чытайце па спасылцы >>
«Час неадкладных і маштабных захадаў», — каардынатарка ААН заклікала беларусаў заставацца дома
Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі Яанна Казана-Вісьнявецка 28 красавіка выступіла са зваротам да беларусаў і беларускіх уладаў.
Яна падкрэсьліла, што нягледзячы на актыўныя намаганьні ўраду і міжнародных партнэраў, цяпер у Беларусі «назіраецца эвалюцыя ўспышкі інфэкцыі COVID-19», і адзначыла, што «цяпер прыйшоў час для неадкладных і маштабных захадаў ва ўзмацненьні жорсткасьці фізычнага дыстанцыяваньня».
Яна нагадала рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя:
- перанос масавых падзей;
- магчымасьць дыстанцыйнай працы і навучаньня ва ўстановах адукацыі;
- прыпыненьне прадпрыемстваў, якія не аказваюць «асноўных паслуг» — кавярняў, рэстарацыяў, гандлёвых цэнтраў;
- скарачэньне «неістотных перасоўваньняў» — паездак за горад, у вёскі і на лецішчы, асабліва сярод людзей у групах рызыкі.
і заклікала беларусаў заставацца дома, каб прадухіліць шматлікія заражэньні, запаволіць распаўсюд вірусу і даць мэдыкам час падрыхтаваць рэсурсы і работнікаў.
У БПЦ пацьвердзілі, што ў манастыры, які наведваў Лукашэнка на Вялікдзень, каранавірус
Мужчынскі праваслаўны манастыр у вёсцы Малыя Ляды Смалявіцкага раёну знаходзіцца на карантыне, наведваць яго нельга, паведамілі Свабодзе ў манастыры.
Старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ пратаярэй Сяргей Лепін пацьвердзіў карэспандэнту Свабоды, што Лядзенскі манастыр знаходзіцца на карантыне і там ёсьць людзі з пацьверджаным каранавірусам.«Але колькі, я ня ведаю. Па дадатковую інфармацыю вам трэба зьвяртацца ў Лядзенскі манастыр», — сказаў ён.
Прэс-сакратар Барысаўскай япархіі а. Ігар Васько сказаў, што хворых у манастыры няма. Падрабязьней тут>>
«У ганаровай варце хворых на каранавірус няма, пра іншых высьвятляем». Чаму 27 красавіка адмянілі рэпэтыцыю параду?
Увечары 27 красавіка ў Менску не адбылося рэпэтыцыі вайсковага параду, які плянуецца на 9 траўня. Паводле прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай, рэпэтыцыі вайсковага параду «яшчэ адбудуцца». У падразьдзяленьні ганаровай варты, якая бярэ ўдзел у рэпэтыцыі параду, «хворых на каранавірус няма», запэўніла Вольга Чамаданава, пра выпадкі заражэньня іншых падразьдзяленьнях, задзейнічаных у рэпэтыцыях, яна ня ведае.
Дзяжурны брыгады спэцыяльнага прызначэньня ў Мар’інай Горцы абверг зьвесткі, што ў кагосьці з вайскоўцаў брыгады выявілі каранавірус. «У брыгадзе каранавірусу няма, без камэнтароў», — сказаў дзяжурны і паклаў слухаўку. Цалкам чытайце тут.
Як пандэмія вярнула да жыцьця аўтакіно і спарадзіла аўтаканцэрт
У Чэхіі, у сувязі з абмежаваньнямі грамадзкага і культурнага жыцьця на час пандэміі каранавірусу, узнавілі працу даўно забытыя аўтакінатэатры, якія дазваляюць глядзець фільмы з аўтамабіляў, прыпаркаваных перад вялізным экранам пад адкрытым небам.
Тым часам у Літве на лётнішчы Палукніс 24 красавіка адбыўся першы ў краіне канцэрт для аўдыторыі ў машынах. Як і ў кінатэатрах drive-іn, гук лавіўся праз радыёпрымачы ў аўтамабілях.
Кампанія #ByCovid19 расказала, колькі мае валянтэраў і чаму з ахвяраваньняў бяруць камісію
Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі #ByCovid19 Андрэй Стрыжак адказаў на «топ-5 вострых пытаньняў» да валянтэраў. Сьцісла:
- У базе валянтэраў кампаніі звыш тысячы чалавек розных палітычных поглядаў, кампанія ўзаемадзейнічае ў тым ліку зь міністэрствамі аховы здароўя і замежных спраў.
- Мэта кампаніі — дапамога беларускім мэдыкам, палітычных мэтаў яна ня мае.
- Тое, што перадаецца (не прадаецца) у мэдычныя ўстановы, афармляецца афіцыйна праз акты перадачы і ставіцца на балянс лякарняў. У #ByCovid19 нельга купіць рэсьпіратар, тэрмомэтар ці апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
- Кампанія не бярэ сабе нейкі адсотак з сабраных грошай, але з ахвяраваньняў спаганяецца камісія, калі яны паступаюць на сэрвіс Molamola. Сумарна банкі і пляцоўка бяруць за сваю працу 6% ад сумаў.
- Сама кампанія працуе задарма, жыве за кошт уласных запасаў, з харчаваньнем дапамагае бізнэс.
Цалкам чытайце па спасылцы.
Памёр навуковец з прадпрыемства «Пеленг», які быў на апараце ШВЛ
У менскім шпіталі памёр Анатоль Тарэеў, начальнік аддзелу аптычных сыстэм прадпрыемства «Пеленг», якое падпарадкоўваецца Дзяржаўнаму вайскова-прамысловаму камітэту Беларус, піша «НН» са спасылкай на сваякоў Тарэева.
Ён правёў у больніцы з пнэўманіяй каля 3 тыдняў, у апошнія дні мужчыну падключылі да апарата ШВЛ, але выратаваць не змаглі. Сваякі кажуць, што Тарэеву рабілі тэст на каранавірус і ён быў станоўчым; ніякіх сур’ёзных хранічных захворваньняў Тарэеў ня меў.
На 24 красавіка Covid-19 пацьвердзілі ў 13 супрацоўнікаў «Пеленгу». Завод увёў 2-тыднёвыя канікулы да 10 траўня з адпрацоўкай у суботы чэрвеня і кастрычніка.
Радаўніца ў Магілёве ва ўмовах пандэміі: на могілкі ў масках. ФОТА
Сёлета Радаўніца, дзень памінаньня памерлых, адзначаецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу. Каб пазьбегнуць пашырэньня хваробы, сьвятары і мэдыкі заклікалі беларусаў ня ехаць на могілкі. У Магілёве ўшанаваць памяць продкаў на найвялікшыя Паўднёва-ўсходнія могілкі прыйшло значна меней людзей, чым у мінулыя гады. Шмат хто з гараджанаў адведаў магілы блізкіх напярэдадні.
«Вядома ж людзі баяцца каранавірусу, таму пазьбягаюць штурханіны, як тое было раней, — кажа адна з наведніц могілак. — Раней ні ў аўтобус, ні ў тралейбус ня ўціснуцца было, а сёньня пустыя ідуць. Загадзя прыбралі людзі магілкі». Далей чытайце па спасылцы.
Чарговая краіна Эўразьвязу скасоўвае карантын
Абмежавальныя меры, уведзеныя ў Партугаліі ў сакавіку, будуць адменены з 3 траўня, але аднаўленьне эканомікі будзе павольным і паступовым працэсам, заявіў прэзыдэнт Марсэла Рэбэл дэ Суса 28 красавіка. Абмежаваньні ў краіне ўвялі 18 сакавіка.
Каранавірус выклікае інсульты ў маладых людзей — The Washington Post
Амэрыканскае выданьне піша, што лекары б’юць трывогу з прычыны прыкметнай колькасьці інсультаў сярод заражаных каранавірусам маладых людзей, хвароба якіх працякала ў лёгкай форме. Узрост такіх пацыентаў ад 30 да 40 гадоў, многія зь іх нават ня ведалі, што заражаныя каранавірусам, а цяпер некаторыя зь іх паралізаваныя, а іншыя загінулі ад інсультаў. І гэта пры тым, што сярэдні ўзрост пацыентаў з інсультамі ў ЗША — 74 гады. Цалкам чытайце па спасылцы.
У Францыі абвясьцілі плян выхаду з карантыну
Прэм’ер-міністар Францыі Эдуар Філіп паведаміў, што накіруе ў парлямэнт законапраект, які працягвае надзвычайнае становішча ў краіне да 23 ліпеня. Гэты закон, калі яго прыме парлямэнт, дазволіць ураду да гэтага тэрміну ўказамі абмяжоўваць свабоду сходаў і перамяшчэньня грамадзян, а таксама працу прадпрыемстваў.
Улады, тым ня менш, плянуюць паступовае паслабленьне карантыну.
Прэмʼер-міністар прадставіў плян паступовага выхаду краіны з локдаўну, пачынаючы з 11 траўня. Гэты плян будзе ажыцьцяўляцца ў розных рэгіёнах Францыі, аднак у найбольш пацярпелых ад эпідэміі месцах жорсткія меры карантыну будуць па-ранейшаму выконвацца.
- Плян прадугледжвае адкрыцьцё крамаў і рынкаў. Рэстараны і бары па-ранейшаму будуць зачыненыя.
- У грамадзкім транспарце нашэньне масак будзе абавязковым.
- Спартовыя чэмпіянаты краіны, у тым ліку футбольны, ня будуць адноўленыя да верасьня.
Пуцін падоўжыў абмежавальныя меры ў Расеі
Пэрыяд непрацоўных дзён у Расеі захаваецца да 11 траўня. Краіне ўдалося стабілізаваць сытуацыю з разьвіцьцём каранавірусу, але самы небясьпечны момант яшчэ ня пройдзены. Чым больш строга грамадзяне будуць выконваць абмежаваньне, тым хутчэй краіна вернецца да нармальнага жыцьця, заявіў прэзыдэнт РФ.
Гэтую заяву Уладзімер Пуцін зрабіў падчас нарады з урадам і кіраўнікамі рэгіёнаў па сытуацыі з распаўсюдам каранавірусу.
Разам з тым Пуцін заявіў, што ўрад да 5 траўня падрыхтуе плян паэтапнага выхаду з рэжыму самаізаляцыі.
Міністэрства адукацыі: атэстацыю плянуюць правесьці пры ўзаемадзеяньні выкладчыкаў з навучэнцамі
У Міністэрстве адукацыі лічаць, што студэнты і школьнікі мусяць асабіста прысутнічаць на атэстацыі. Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўленьня прафэсійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Касьпяровіч на тэлеканале СТВ.
Што маецца на ўвазе? Залікі, экзамэны і гадавыя адзнакі школьнікаў.
«Асабісты ўдзел — гэта дэманстрацыя асабістых ведаў», — сказаў Касьпяровіч.