Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

14:16 29.4.2020

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Сотні беларускіх мэдыкаў заразіліся COVID-19, многім дыягнаставалі пнэўманію. Сярод іх ёсьць і памерлыя. Свабода сабрала гісторыі пра лекараў, фэльчараў і мэдсясьцёр, якія сёлета страцілі жыцьцё, ратуючы беларусаў ад новай для чалавецтва хваробы. Дапоўніць сьпіс можна тут. Артыкул цалкам па спасылцы.

14:18 29.4.2020

У Берасьці ў школьнага настаўніка выявілі каранавірус, пачатковыя клясы перавялі на хатняе навучаньне

Пачатковыя клясы школы № 33 у Берасьці перавялі на аддаленае навучаньне, кантакты першага ўзроўню цяпер на самаізаляцыі, паведаміла «Брестская газета». У адміністрацыі школы пацьвердзілі гэтую інфармацыю. Падрабязьней тут.

14:19 29.4.2020

Найбуйнейшую аграрную выставу Беларусі перанесьлі на восень у сувязі з каранавірусам

Міжнародныя спэцыялізаваныя выставы «Белагра- 2020», «Белфэрма», «Белпрадукт», «Харчовая індустрыя» пераносяцца на 1-5 верасьня, паведамляюць арганізатары і адзначаюць, што «здароўе нашых кліентаў і партнэраў зьяўляецца найважнейшым прыярытэтам».

14:22 29.4.2020

Колькі людзей было ў Петрапаўлаўскім саборы, калі яго сьвятар паміраў ад каранавірусу. ФОТА

У ноч на 29 красавіка памёр айцец Генадзь Буцько — сьвятар менскага Петрапаўлаўскага сабору, які хварэў на COVID-19 і з 14 красавіка быў у штучнай коме, на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Яшчэ 26 красавіка Беларуская праваслаўная царква пісала на сваім сайце, што для Буцько шукаюць донара плязмы, які перахварэў на COVID-19. Набажэнствы ў саборы ішлі і 26 красавіка і ў наступныя, і заплянаваныя надалей. Колькі людзей было на службах, глядзіце па спасылцы.

14:24 29.4.2020

У Баранавічах ад пнэўманіі памерла доктарка

Лекарка Баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 Алена Пашко памерла ад двухбаковай пнэўманіі. У яе ўзялі аналіз на каранавірус, але вынік пакуль невядомы. Жанчыне было 54 гады, яна тыдзень лекавалася дома, але хвароба не праходзіла, апошнія тры дні яна правяла ў лякарні, дзе і памерла. Цалкам чытайце тут>>

14:25 29.4.2020

Прадстаўніца Эўракамісіі: Уплыў каранавірусу на Беларусь будзе вельмі вялікім

Прадказальна, што ўплыў каранавірусу на Беларусь будзе вельмі вялікім, заявіла 29 красавіка намесьніца гендырэктара дэпартамэнту Эўрапейскай камісіі ў эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамоваў аб пашырэньні Катарына Матэрнава падчас онлайн-брыфінгу.

«Беларусь не прымала такіх мераў для прадухіленьня распаўсюджваньня COVID-19, як, напрыклад, Грузія, якая адрэагавала вельмі хутка, — сказала Матэрнава. — Экспанэнцыйны рост колькасьці выпадкаў у Беларусі сьведчыць пра тое, што ўплыў на Беларусь будзе вельмі вялікі».

14:27 29.4.2020

Лячыцца дома — толькі маладзейшым за 55 гадоў. Міністэрства здароўя выдала памятку пра COVID-19

На сайце Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавалі памятку (PDF) для тых, хто мае лячыцца ад COVID-19 дома. Паводле статыстыкі на 24 красавіка, на «амбуляторным лячэньні» было каля трох тысяч чалавек — пасьля іх колькасьць не паведамлялі. Рашэньне аб лячэньні дома можа прымаць толькі доктар, але ня сам пацыент.

У памятцы адзначаецца, што лячыцца дома могуць толькі пацыенты зь бессымптомным або лёгкім цячэньнем хваробы, маладзейшыя за 55 гадоў, якія ня маюць хранічных захворваньняў кшталту дыябэту, сардэчнай недастатковасьці або бранхіяльнай астмы. Цалкам чытайце тут.

14:27 29.4.2020

У Кіеве адбыліся сутыкненьні паміж паліцыяй і прадпрымальнікамі, якія патрабуюць зьняць карантын

У Кіеве каля будынку ўраду, дзе з раніцы пратэстуюць прадпрымальнікі з патрабаваньнем завяршыць карантын з 1 траўня, паміж паліцыяй і мітынгоўцамі адбыліся сутыкненьні. Як паведамляе УНІАН, прадпрымальнікі выступілі супраць «выбарачнага» карантыну.

«Нам няма на што жыць!» — выкрыквалі прадпрымальнікі. Амаль усе яны прыехалі да будынку ўраду на машынах і заблякавалі вуліцу Грушэўскага. Сутыкненьні паміж пратэстоўцамі і паліцыяй пачаліся, калі прыбылі эвакуатары, каб разблякаваць праезд. Пасьля частку вуліцы прадпрымальнікі ўсё ж вызвалілі. Як заявіла «Грамадзкае тэлебачаньне», паліцыянты зьбілі журналіста тэлеканалу, які вёў наўпроставы эфір з месца падзей.

14:28 29.4.2020

«Хуткая», лекары ў «скафандрах» і закрытыя службы. Што адбываецца ў жаночым манастыры ў Горадні. ФОТА

Сьвецкіх людзей не пускаюць на богаслужбы ў манастыр Нараджэньня Багародзіцы ў Горадні. Лекары «хуткай» у ахоўным рыштунку прыяжджалі ў манастыр 29 красавіка. Свабода спрабавала разабрацца, што адбываецца ў праваслаўных манашак. Чытайце рэпартаж з манастыру па спасылцы >>

14:45 29.4.2020

Расея падоўжыла забарону на ўезд замежнікаў, у тым ліку беларусаў

Прэм’ер Расеі Міхаіл Мішусьцін падоўжыў абмежаваньні на ўезд замежнікаў у Расею да стабілізацыі сытуацыі з каранавірусам, пры гэтым замежныя спэцыялісты для абслугоўваньня імпартнага абсталяваньня прыяжджаць у краіну змогуць, паведамляе Інтэрфакс.

Кіраўнік ураду Расеі падкрэсьліў, што пакуль нельга назваць дакладнай даты адмены абмежаваньняў, уведзеных праз пандэмію, у тым ліку па перасячэньні мяжы РФ.

15:38 29.4.2020

Яны любіць ня ўмеюць нават мёртвых. Чаму беларускія ўлады прыніжаюць мэдыкаў. Разважае Валянцін Жданко

Яны штодня рызыкуюць жыцьцём і часта гінуць, ратуючы іншых. А ў адказ замест удзячнасьці і пашаны нярэдка атрымліваюць зьдзеклівыя папрокі і прыніжэньні ад улады. Чаму?

У розных краінах сьвету падчас пандэміі заразіліся і памерлі тысячы мэдыкаў — дактароў, мэдсясьцёр, санітараў. І адбылося гэта зусім не таму, што яны легкадумна грэбавалі захадамі бясьпекі. Любы мэдык ведае: ніякія рэсьпіратары, акуляры і адмысловыя касьцюмы ня здольныя гарантаваць поўную засьцярогу, калі ты 24 гадзіны на суткі вымушаны знаходзіцца ў памяшканьнях з высокай канцэнтрацыяй вірусу. Можна выпадкова заразіцца, здымаючы ці надзяваючы спэцадзеньне, папраўляючы рэсьпіратар ці калі раптам спаўзе пальчатка ці маска...

Чытаць далей >>

15:45 29.4.2020

Прэзыдэнцкія выбары ва ўмовах пандэміі: прапановы беларускіх праваабаронцаў

«Праваабаронцы за свабодныя выбары» прапанавалі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў унесьці ў Выбарчы кодэкс зьмены ў артыкулы, якія б замацоўвалі парадак дачы згоды выбарнікам аб вылучэньні асобы кандыдатам у прэзыдэнты шляхам дыстанцыйнага выказваньня згоды:

  • праз пошту
  • праз электронную пошту
  • праз службу кароткіх паведамленьняў апэратараў мабільнай сувязі
  • праз электронную перадачу выявы запоўненага падпіснога ліста.

Што яшчэ прапануюць >>

15:46 29.4.2020

Міністарка здароўя Швэцыі пра падыход сваёй краіны да барацьбы з COVID-19

Міністарка здароўя Швэцыі пра падыход сваёй краіны да барацьбы з COVID-19
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:43 0:00

15:48 29.4.2020

Канапацкая падала заяву ў Генпракуратуру на міністра аховы здароўя

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая 29 красавіка падала ў Генэральную пракуратуру заяву на міністра аховы здароўя Беларусі Ўладзіміра Караніка. На Facebook яна выклала поўны тэкст заявы.

Што яна напісала, сьцісла >>

15:50 29.4.2020

Як паўплываў каранавірус на пастаўкі ўкраінскай раньняй гародніны ў Беларусь

Хэрсонскія памідоры і перцы павязуць у Беларусь, нягледзячы на адміністрацыйныя бар’еры, каранавірус і карантын. Улады Ўкраіны хутка адрэагавалі на пратэсты фэрмэраў — харчовыя рынкі, і ня толькі гуртовыя, абяцаюць адкрыць. Але ня ўсе.

Беларускі рынак — прыярытэтны для Ўкраіны. У залежнасьці ад году і сэзону, ён займае першыя месцы пасьля рынку Эўразьвязу.

Што будзе з пастаўкамі >>

15:51 29.4.2020

Ня толькі каранавірус. Колькі эпідэмій перажыў Жыровіцкі манастыр за 500 гадоў сваёй гісторыі

На карантыне адзін з галоўных цэнтраў беларускага хрысьціянства — Сьвята-Ўсьпенскі мужчынскі манастыр і Найвышэйшая духоўная сэмінарыя ў мястэчку Жыровічах на Слонімшчыне. Дзясяткі сьвятароў, манахаў і сэмінарыстаў шпіталізаваныя, доступ наведнікаў за манастырскія муры спынены. Прычына — пандэмія каранавірусу, якая зачапіла манастыр.

Свабода сабрала зьвесткі пра іншыя эпідэміі ў гісторыі Жыровіцкага манастыра, які сёлета адзначае 500-годзьдзе.

Прачытаць гісторыю >>

15:54 29.4.2020

«Мы рускія, з намі бог», — як сьвятар з Ганцавічаў натхняў вернікаў у час эпідэміі каранавірусу

«Як Cувораў казаў: „Мы рускія — з намі бог!“ — натхняў вернікаў сьвятар Пятро Піліпчук, настаяцель храма Сьвяціцеля Ціхана ў Ганцавічах. — Нікога не баяўся — і ніводнай паразы! Аляксандар Неўскі тое самае, Фёдар Ушакоў — нашыя вядомыя палкаводцы, нашы сучасныя нічога не баяліся, ішлі наперад!»​

Адносна эпідэміі COVID-19 Піліпчук заяўляе, што «ў нас хворых не было і няма». Ён расказвае, што хаваў ужо двух людзей у закрытых трунах, «нібы пнэўманія, каранавірус», а пасьля нібыта выявілася, што абодва памерлі ад сардэчнай недастатковасьці. Ён абураецца, навошта тады хлусілі.

«А што баяцца? — пытае ён пра каранавірус. — Што, людзі нашыя кожны дзень не хварэюць? І ад лёгкіх паміраюць, і ад нырак, і ад пячонкі, і ад сэрца, і ад раку, ад самагубстваў. У царкву перасталі хадзіць. Выходзіць, на кірмаш можна, у краму можна, па справах можна, а ў царкву — нельга. Навошта гэта разьдзьмуваць? Калі чалавек ходзіць у царкву, то чаго яму баяцца? Ён пад Богам ходзіць».

Тое, што прычасьце праводзяць з адной лыжкі, ён патлумачыў спрадвечнай традыцыяй — маўляў, «хворых і ў час чумы прычашчалі».

Чытаць далей, пра наркотыкі на Майдане і нашэсьце мусульманаў >>

16:45 29.4.2020

У грамадзянскіх спэцыялістаў Вайсковай акадэміі пацьвердзілі Covid-19

У грамадзянскіх спэцыялістаў Вайсковай акадэміі пацьвердзілі каранавірус. На момант выяўленьня хваробы яны знаходзіліся на самаізаляцыі. Пра гэта піша Tut.by са спасылкай на прадстаўніцу Міністэрства абароны Натальлю Гаўрусік.

17:41 29.4.2020

У Баранавічах адмянілі сьвяткаваньне 1 траўня і Дня Перамогі​

У Баранавічах сёлета ня будуць сьвяткаваць Дзень Працы і Дзень Перамогі, піша Intex-press.by са спасылкай на кіраўніцу аддзелу ідэалягічнай працы Баранавіцкага гарвыканкаму Сьвятлану Паўловіч.

9 траўня ў горадзе ня будзе мітынга, шэсьця і культурна-масавых мерапрыемстваў.​

19:43 29.4.2020

У гомельскім каледжы мастацтваў выявілі каранавірус. Адміністрацыя адмяняе заняткі

Намесьнік дырэктара па вучэбнай рабоце гомельскага каледжа мастацтваў імя Сакалоўскага Анатоль Трафімовіч пацьвердзіў, што ў аднаго з навучэнцаў выявілі COVID-19. Паводле Анатоля Трафімовіча, апошнім часам хлопец быў часткова на дыстанцыйным навучаньні.

Масавыя заняткі — аркестравыя і харавыя — абмежавалі. Індывідуальныя заняткі засталіся, але іх няшмат. Часткова заняткі перавялі на дыстанцыйную форму. Падрабязьней тут.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG