COVID-19 у беларускім войску: адзін афіцэр на ШВЛ
Як стала вядома Свабодзе, родныя аднаго з афіцэраў беларускай арміі шукаюць донара плязмы крыві, які перахварэў на COVID-19. Яны ня сталі камэнтаваць сытуацыю журналістам.
У Мінабароны паведамляюць, што абсалютная большасьць вайскоўцаў, якія захварэлі, — у здавальняючым стане. Патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх на дадзены момант мае адзін афіцэр. Цалкам чытайце па спасылцы.
На Магілёўшчыне ўспышка каранавірусу ў Чэрыкаўскім раёне. Жыхароў заклікаюць не выходзіць на вуліцу, закрылі школы
У райцэнтры Чэрыкаве на карантын зачынілі ўсе школы. COVID-19 выявілі ў пэдагогаў, мясцовыя ўлады кажуць пра «сур’ёзную сытуацыю», але не называюць лічбаў.
Уладзімер Япрынцаў пасьля лякарні пойдзе на парад. Хварэюць яго жонка, дачка і цешча
Бізнэсовец і сябра выканкаму Міжнароднай фэдэрацыі самба Ўладзімер Япрынцаў, якога два дні таму выпісалі зь лякарні «лечкамісіі», сказаў, што абавязкова пойдзе на парад 9 траўня.
«Нават калі б не было параду, то я ўзяў бы кветкі і пайшоў на плошчу Перамогі. Ухутаў бы сваю фізіяномію, каб нікому не нашкодзіць, і хоць паўзком дайшоў бы да плошчы Перамогі і паклаў бы кветкі».
Блог Юрыя Дракахруста. Фокус статыстыкі пра пандэмію: ці шкодзяць брандспойты тушэньню пажараў?
Сьцісла:
- Міністэрства аховы здароўя раней дык нават касьцямі клалася, каб ня даць недзяржаўным журналістам самую агульную лічбу захварэлых, маўляў, а навошта вам яна?
- Падчас пажараў, пры тушэньні якіх выкарыстоўваюць брандспойты, разбурэньні істотна большыя, чым падчас тых, дзе тушаць бязь іх. Напрошваецца выснова – атрымліваецца, ад брандспойтаў толькі шкода. Між тым, выснова няверная
- У Беларусі распаўсюд COVID-19 на мільён насельніцтва істотна большы, чым ва ўсіх суседзяў. Ну а больш хварэюць – дык больш і выздараўліваюць
- Беларусь павольна прыйшла да даволі нізкага паказьніку ачунялых сярод усіх інфікаваных.
- Адрозьненьне Літвы, Латвіі і Польшчы ад Беларусі, Украіны і Расеі паводле гэтага паказьніку – ня толькі арытмэтычнае. Яно зьвязанае з тым, што першыя тры краіны знаходзяцца ў іншай фазе пандэміі, яны ўжо перавалілі яе пік
«Прасьпяваю адну песьню і зноў маску надзену». Саладуха пра канцэрт 9 траўня
Сьпявак Аляксандар Саладуха расказаў карэспандэнту Свабоды, што сьвяточны канцэрт на 9 траўня адбудзецца ў 21.30 на плошчы Перамогі, адкуль будзе весьціся трансьляцыя па БТ.
Сусьветная арганізацыя здароўя занепакоеная парадам у Менску
Пра гэта заявіў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў.
«Мы вельмі занепакоеныя магчымымі нэгатыўнымі наступствамі правядзеньня такога масавага мерапрыемства ў пэрыяд эпідэміі, — сказаў ён. — Асаблівае хваляваньне выклікае магчымы ўдзел у гэтым мерапрыемстве людзей сталага ўзросту, сярод якіх адзначаецца цяжкае цячэньне хваробы і высокі ўзровень сьмяротнасьці ад COVID-19».
Сьпеўны сход і «страшна цікавыя» экскурсіі. Беларускае жыцьцё онлайн на гэтым тыдні
Сабралі падзеі з культурнага жыцьця, да якіх можна далучыцца, не пакідаючы сваёй кватэры, з 4 па 10 траўня.
Сусьветная арганізацыя здароўя занепакоеная парадам у Менску
Пра гэта заявіў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў.
«Мы вельмі занепакоеныя магчымымі нэгатыўнымі наступствамі правядзеньня такога масавага мерапрыемства ў пэрыяд эпідэміі, — сказаў ён. — Асаблівае хваляваньне выклікае магчымы ўдзел у гэтым мерапрыемстве людзей сталага ўзросту, сярод якіх адзначаецца цяжкае цячэньне хваробы і высокі ўзровень сьмяротнасьці ад COVID-19».
Лічбы на раніцу 5 траўня
- У сьвеце зафіксавалі каля 3,65 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,213 млн у ЗША, 248 тысяч у Гішпаніі, амаль 212 тысяч у Італіі, звыш 190,5 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 169,5 тысячы ў Францыі, 166 тысяч у Нямеччыне, звыш 145 тысяч у Расеі, 127,5 тысячы ў Турэччыне, 108,5 тысячы ў Бразыліі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 250 977 чалавек. Зь іх 69 921 у ЗША, 29 079 у Італіі, 28 734 у Вялікай Брытаніі, 25 428 у Гішпаніі, 25 201 у Францыі.
- Выпісалі звыш 1,2 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,2 млн, зь іх каля 50 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 4 траўня, пацьверджана 17 489 выпадкаў COVID-19 (плюс 784 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 103 чалавек (плюс 4 за дзень), выпісалі здаровымі 3259 пацыентаў, колькасьць зробленых тэстаў на дзень зьнізілася на 26% ад пікавай лічбы, названай 1 траўня.
- Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
Сэнат Францыі адхіліў плян выхаду з ізаляцыі пасьля 11 траўня
На мінулым тыдні, у аўторак, Нацыянальная асамблея (ніжняя палата парлямэнту) падтрымала плян кіраўніка ўраду. Цяпер сацыялісты і камуністы прагаласавалі супраць.
Пры галасаваньні ў Сэнаце 89 чальцоў верхняй палаты выказаліся «супраць», 81 — «за», 174 устрымаліся. Галасы супраць ішлі ад сацыялістаў і камуністаў. Устрымаліся ў асноўным рэспубліканцы. Кіроўная партыя «Наперад, Рэспубліка!» аднагалосна падтрымала захады, прапанаваныя прэм'ер-міністрам.
У панядзелак, 4 траўня ўрад прадставіў праект выхаду краіны з карантыну ў Сэнаце, заявіўшы аб немагчымасьці і далей выконваць рэжым карантыну. Паводле Эдуара Філіпа, усе, хто працаваў у галіне турызму, мастацтва, гастраноміі, прыпынілі сваю дзейнасьць. Працягваць карантын, па словах прэмʼера, азначала б парушыць разьвіцьцё эканомікі, сельскай гаспадаркі і страціць інвэстыцыйную прывабнасьць Францыі.
Паводле задумы ўраду, у выпадку, калі санітарная сытуацыя не пагоршыцца ў першыя тыдні пасьля адмены карантыну, можна было б з 29 мая дазволіць правядзеньне набажэнстваў.
Адмова Сэнату падтрымаць урадавы плян супала па часе з абвяшчэньнем афіцыйных зьвестак аб новых ахвярах эпідэміі COVID-19. За адны апошнія суткі загінулых стала на 306 больш, а агульная колькасьць ахвяраў хваробы перавысіла 25 000. Усяго інфікаваных і хворых у Францыі каля 170 тысяч.
Парад падчас чумы — «Трыюмф волі» і «поўха Пуціну». Разважае Віталь Цыганкоў
Нават магчымасьць страціць 60 мільёнаў даляраў, якія зьбіраўся выдаткаваць Эўразьвяз Беларусі на барацьбу з пандэміяй, не спыняе ад жаданьня правесьці парад. Лукашэнка і праўда «за ценой не постоит».
Колькі разоў заяўлялі, што беларускі рэжым нібыта даўно стаў прагматычным, практычным, безь вялікіх і небясьпечных ідэйных заскокаў.
Ну-ну. Давайце задумаемся, ці ёсьць хоць намёк на нейкія лягічныя і прагматычныя прычыны праводзіць парад падчас чумы?
«Парад — памылка і злачынства з боку Лукашэнкі». Расейскія дэпутаты не зьбіраюцца ў Менск
Расейскія дэпутаты і сэнатары могуць прыехаць у Менск на вайсковы парад 9 траўня толькі як прыватныя асобы, сказаў намесьнік старшыні Савету Фэдэрацыі Расеі Ільяс Умаханаў.
Сябра фракцыі КПРФ у Дзярждуме Уладзімір Кашын сказаў, што фракцыя ня будзе рэкамэндаваць сваім дэпутатам ехаць на парад у Менск.
Лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» таксама заявіў, што «ніхто з фракцыі нікуды не паедзе».
У Беларусі двое зьняволеных захварэлі на COVID-19
COVID-19 выявілі ў двух зьняволеных у беларускіх папраўчых установах, расказаў 5 траўня міністар унутраных спраў Беларусі Юры Караеў.
Па словах міністра, адзін з хворых ужо паправіўся, пра гэта стала вядома сёньня, 5 траўня. Стан другога хворага невядомы.
Як адзначыў Караеў, хворыя адбываюць пакараньне ва ўстанове адкрытага тыпу. Гэта значыць, яны мелі магчымасьці выходзіць на працу за межы папраўчай установы.
Экспэрты САЗ не прыедуць у Туркмэністан: улады адмянілі запрашэньне
Прадстаўнікі Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) не прыедуць у Туркмэністан на гэтым тыдні, паведамляе туркмэнская служба Радыё Свабода. Паводле экспэртаў, улады краіны адмянілі запрашэньне для місіі САЗ.
Місія САЗ цяпер знаходзіцца ў Таджыкістане, дзе напярэдадні яе візыту ўлады 30 красавіка афіцыйна пацьвердзілі наяўнасьць пацыентаў, якія захварэлі на COVID-19. Улады Туркмэністану афіцыйна пакуль пра выпадкі захворваньня не паведамлялі і адмаўляюць, што каранавірус ў краіне ёсьць. Аднак у Туркмэністане пры гэтым увялі абмежаваньні на перамяшчэньне па краіне, а для пасадкі на цягнікі і міжгароднія аўтобусы ад пасажыраў патрабуюць здаць аналізы.
Беларускія вязьні штодня шыюць 16 тысяч ахоўных камбінэзонаў для мэдыкаў
Зьняволеныя ў Беларусі шыюць 16 тысяч ахоўных камбінэзонаў у суткі, паведаміў журналістам 5 траўня ў Палаце прадстаўнікоў міністар унутраных спраў Юры Караеў. Паводле яго, гэта вырашыла і праблему частковага беспрацоўя ў папраўчых установах.
З 16 тысяч ахоўных касьцюмаў 15 тысяч пастаўляюць у «Белмедцэнтар», які разьмяркоўвае іх туды, куды яны больш патрэбныя, а 1 тысячу на дзень Караеў загадаў зарэзэрваваць для ўстановаў аховы здароўя МУС.
У Мікашэвічах памерла 30-гадовая жанчына. Сваяк: «У яе быў каранавірус»
нфармацыю пра сьмерць маладой жанчыны разьмясьцілі на старонцы «Мікашэвічы» ў сацсетцы «Аднаклясьнікі». Сьмерць жанчыны, у якой засталося двое малых дзяцей, Радыё Свабода пацьвердзіў яе сваяк. Ён таксама паведаміў, што яна мела дыягнаставаны каранавірус.
Брытанія выйшла на першае месца ў Эўропе ў колькасьці сьмерцяў ад COVID-19
Брытанскае статыстычнае бюро 5 траўня паведаміла, што колькасьць афіцыйна зарэгістраваных у краіне памерлых ад заражэньня каранавірусам перавысіла 32 тысячы.
Такім чынам, Брытанія выйшла на першае месца ў Эўропе ў колькасьці сьмяротных ахвяраў COVID-19, абагнаўшы Італію, дзе колькасьць загінулых ад пандэміі вымяраецца лічбай, меншай за 30 тысяч.
Reuters перасьцерагае, што новая лічба сьмерцяў ад каранавірусу ў Брытаніі вынікае зь іншага, чым раней, мэтаду падліку сьмяротнасьці, і гэтую лічбу нельга параўноўваць з падлікамі сьмяротнасьці ў іншых краінах. Аднак агенцтва, спасылаючыся на брытанскіх статыстыкаў, дадае, што сапраўдная колькасьць памерлых ад каранавіруснай інфэкцыі ў краіне можа быць яшчэ большая, чым 32 тысячы.
«Крама» дасьць «не-канцэрт» 6 траўня
Беларускі рок-гурт «Крама» анансаваў на 20.00 6 траўня онлайн-сустрэчу, якую «ня будзе называць канцэртам». Але на гэтай «сустрэчы», трансьляваць якую будуць на Facebook, гурт абяцае «пасьпяваць акустычна песьні розных часоў» і «зайграць нешта з новага альбому».
Назвалі колькасьць хворых на «Гродна Азоце»
На ААТ «Гродна Азот» зафіксавалі 12 выпадкаў каранавірусу, кантактамі першага ўзроўню прызналі 54 чалавека. Таксама яшчэ 6 чалавек хварэюць на пнэўманію і 37 чалавек на вострую рэсьпіраторную інфэкцыю.