Трэнэр з Івацэвічаў патлумачыў разгром сваёй каманды страхам футбалістаў перад каранавірусам
Матч беларускай Другой лігі між футбольнымі клюбамі «Баранавічы» і «Івацэвічы» скончыўся разгромным лікам 9:1. Трэнэр «Івацэвічаў» растлумачыў гэта «Трыбуне» страхам футбалістаў перад каранавірусам, але выданьне знайшло нестыкоўкі ў ягонай вэрсіі.
Стартавыя склады «Івацэвічаў» на матчы супраць «Баранавічаў» і на папярэднім супраць жыткавіцкага «Мэліяратара» (які івацэвіцкі клюб таксама прайграў 0:2) былі практычна ідэнтычныя — тыя ж 9 гульцоў, мяняліся толькі брамнік і адзін з абаронцаў. На матч першага туру супраць «Астраўца» (параза івацэвіцкага клюбу 2:3) таксама выходзіў падобны склад.
У Беларусі падчас пандэміі зафіксавалі рост продажу алькаголю
Праз гандлёвую сетку Беларусі за тры месяцы 2020 году рэалізавана алькагольных напояў, у тым ліку піва, на 936 млн рублёў. Гэта звыш 8% ад агульнага раздробнага таваразвароту ў краіне.
Торт з сала і ватоўка замест глямурнай сукенкі. Карантын вымусіў опэрную салістку адзначыць дзень народзінаў у роднай вёсцы
Опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук разам зь сям’ёй самаізалявалася ў Страдзечы на Берасьцейшчыне. Пачытайце, які нечаканы падарунак яна атрымала на дзень народзінаў, за што ваюе з мясцовымі ўладамі, якія сэрыялы раіць паглядзець і што зразумела пра жыцьцё за гэты час. Чытайце інтэрвію па спасылцы>>
У Беларусі інфікаваных каранавірусам абавязалі паведамляць пра кантакты і месца знаходжаньня
Савету Міністраў Беларусі зацьвердзіў новыя патрабаваньні да самаізаляцыі ва ўмовах пандэміі.
«Грамадзяне, якія маюць інфэкцыю COVID-19, інфармуюць службовыя органы, якія ажыцьцяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд, аб магчымай крыніцы свайго заражэньня, даюць зьвесткі аб асобах, якія мелі зь імі кантакт, пра месца свайго знаходжаньня», — гаворыцца ў дакумэнце, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
«Падман, трэш. Колькі можна маўчаць?» Фэльчар з «хуткай» заяўляе пра ціск на працы
Павал Палейчык расказвае Свабодзе, у якіх умовах працуюць лідзкія мэдыкі падчас пандэміі і чым скончылася для яго спроба папрасіць дапамогі ў валянтэраў.
«У нас на „хуткай“ усе за мяне, — кажа ён. — Пішуць прыватныя паведамленьні, падтрымліваюць. Але баяцца адкрыта выказацца. Думаю, калі пачнецца яшчэ большы ціск, то знойдзецца хтосьці, хто таксама ня будзе маўчаць».
Агаворка Лукашэнкі, або Якім вэтэранам патрэбна шоў. Піша Сяргей Навумчык
Абсалютная большасьць тых, хто ўваходзіць у Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў, ня маюць ніякага дачыненьня да Другой сусьветнай вайны.
Мая маці, якая ў 5 гадоў (на трэці тыдзень вайны, у ліпені 1941) засталася фактычна сіратой (маці загінула, бацька быў ужо на фронце) абураецца намерам правесьці парад на 9 траўня. Ёй гэтага ня трэба. Ні як дачцэ вэтэрана вайны, ні як 85-гадовай грамадзянцы Беларусі, жыцьцё якой наўпрост залежыць ад эпідэмалягічнай сытуацыі і наяўнасьці свабоднага месца ў чарзе на МРТ (у Віцебску такі апарат — толькі адзін).
У ксяндза з Ашмянаў выявілі каранавірус. Ува ўсім дэканаце скасавалі імшы
Заражэньне каранавірусам 47-гадовага ашмянскага дэкана (галоўнага сьвятара ў дэканаце) пацьвердзілі ў курыі Горадзенскай дыяцэзіі.
«Ксёндз-канонік Ян Пузына, пробашч парафіі Сьвятога Міхала Арханёла ў Ашмянах, цяпер знаходзіцца на лячэньні ў шпіталі. Праведзеныя тэсты на прысутнасьць каранавірусу ў арганізьме далі станоўчы вынік. Здароўе сьвятара паступова ідзе на папраўку», — гаворыцца ў паведамленьні курыі.
Напярэдадні ў ашмянскім касьцёле адправілі масавую імшу з прычашчэньнем вернікаў і бежмаваньнем (мірапамазаньнем) біскупам. У камэнтары Deutsche Welle месяц таму Пузына зьдзіўляўся, што людзі ўспрымаюць рэкамэндацыі аб карантыне сур’ёзна.
У Менску памер 37-гадовы фэльчар хуткай дапамогі
Аляксей 17 гадоў працаваў на 6-й падстанцыі хуткай дапамогі ў Менску. У яго засталіся жонка і дзеці.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды расказалі ў адміністрацыі станцыі хуткай мэдычнай дапамогі. Памёр ён 5 траўня. Аднак у адміністрацыі не паведамілі прычыну сьмерці. На самой падстанцыі накіравалі ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Атрымаць адказ на пытаньні ў міністэрстве не ўдалося. Паводле belsat.eu, у памерлага была пнэўманія і COVID-19. Цалкам чытайце тут.
У Беларусі прызналі 112 сьмерцяў інфікаваных COVID-19
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 6 траўня:
- агулам 19 255 чалавек было са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
- 112 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, гэта ня так);
- 4388 пацыентаў выздаравелі і выпісаныя пасьля COVID-19;
- Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 905 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 617 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 220 045 тэстаў;
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
У Гомлі памерла 36-гадовая загадчыца дзіцячага садка. Калегі кажуць пра каранавірус і пнэўманію
У Гомлі 5 траўня памерла 36-гадовая загадчыца дзіцячага садка № 130. У яе, паводле неафіцыйных зьвестак, былі каранавірус і пнэўманія. Жанчына знаходзілася на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
Свабода пагутарыла на ўмовах ананімнасьці з рознымі супрацоўнікамі садку, дзе працавала нябожчыца. Яны паведамілі, што ім забаранілі даваць інфармацыю пра сьмерць загадчыцы пад пагрозай звальненьня. Садок яшчэ працягваў працаваць раніцай 6 траўня. Дзеці ў садку былі, але няшмат. Адна з тэхнічных супрацоўніц апрацоўвала дзьверы і калідор дэзынфікцыйным сродкам. Далей чытайце па спасылцы >>
Нуль тэстаў за 4 траўня ці ўдвая менш за звычайнае 5-га?
У афіцыйнай беларускай статыстыцы распаўсюду COVID-19 другі дзень анамалія з колькасьцю зробленых тэстаў.
Дзень і два дні таму называлася аднолькавая колькасьць зробленых тэстаў: 211 369, нібы за 4 траўня не зрабілі ніводнага тэсту. Цяпер жа названая колькасьць тэстаў, на 8676 большая за ранейшую.
Цягам апошняга тыдня прыблізна столькі, 7–9,5 тысячы тэстаў, і рабілі. Але калі 8676 тэстаў зрабілі не за дзень, а за два, то значыць, што колькасьць тэстаў на дзень вярнулася да той, што была 20 красавіка і раней.
Міністэрства здароўя 5 траўня ніяк не тлумачыла адсутнасьць новых тэстаў у статыстыцы. У той жа дзень, яшчэ да міністэрства, «учорашнюю» колькасьць тэстаў агучыў Аляксандар Лукашэнка, які да таго ж заявіў, што Беларусь нібы на другім месцы ў сьвеце паводле тэстаў на душу насельніцтва.
Ва Ўкраіне рыхтуюцца да выхаду з карантыну, але не плянуюць масавых акцыяў да Дня Перамогі
Украіна тройчы падаўжала дзеяньне агульнанацыянальнага карантыну, абвешчанага ад 12 сакавіка ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Фармальна абмежаваньні будуць дзейнічаць да 22 траўня, але ўжо праз тыдзень яны стануць больш мяккімі.
Эпідэміёлягі сьцьвярджаюць, што дынаміка новых захворваньняў застаецца стабільнай, а мэдычныя ўстановы запоўненыя хворымі на 12-15 %. Улады мяркуюць, што такія паказчыкі дазваляюць паступова адмовіцца ад жорсткіх абмежаваньняў, пакінуўшы іх толькі для грамадзян, якія ўваходзяць у групы рызыкі. Далей чытайце па спасылцы.
Літоўцы, латышы і эстонцы з наступнага тыдня змогуць свабодна падарожнічаць паміж сваімі краінамі
У выніку перамоваў прэм‘ер-міністраў Літвы, Эстоніі і Латвіі здымуць абмежаваньне на падарожжы паміж краінамі Балтыі з 15 траўня для грамадзянаў гэтых краінаў.
«Нядаўна скончылася паўтарагадзінная відэаканфэрэнцыя з прэм‘ер-міністрам Латвіі Крыш'янісам Карыньшам і кіраўніком ураду Эстоніі Юры Ратасам. Навіна наконт перасячэньня межаў: мы пагадзіліся, што ўсе тры краіны Балтыі належным чынам узялі пад кантроль пашырэньне каранавірусу. Акрамя таго, мы ўзаемна давяраем сыстэмам аховы здароўя нашых краінаў.
Таму з 15 траўня мы здымаем абмежаваньні для грамадзян Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія падарожнічаюць паміж краінамі Балтыі. Важна: для грамадзян краінаў Балтыі, якія вяртаюцца зь іншых замежных краін, абавязак двухтыднёвай самаізаляцыі застаецца. Толькі гэта яны змогуць зрабіць у сваіх краінах », — напісаў Сквярняліс у Facebook.
Парады родным тых, хто трапіў у лякарні з пнэўманіяй
Паліттэхноляг і прадстаўніца ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Аліна Нагорная нядаўна заявіла, што мэдыкі «забіваюць» ейную бабулю, шпіталізаваную з двухбаковай пнэўманіяй у баранавіцкую гінэкалёгію. Паводле Наогрнай, ейнай бабулі не рабілі тэст на каранавірус, але рабілі неназваныя ўколы, ад якіх станавілася толькі горш. Цяпер Нагорная дала параты тым, чые блізкія трапілі ў лякарні з пнэўманіяй:
Памерла 40-гадовая санітарка процісухотнага дыспансэра. Калегі: у яе быў COVID-19
Санітарка менскага абласнога процісухотнага дыспансэра 40-гадовая Вікторыя З. памерла ў Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы. Яе калегі па працы сказалі карэспандэнту Свабоды, што ўчора даведаліся, што Вікторыі ня стала, хаваць яе будуць заўтра. Яны кажуць, што ў яе быў станоўчы тэст на каранавірус.
«У яе зь пятніцы трымалася тэмпэратура пад 40. У нядзелю яна ўжо трапіла ў рэанімацыю, у бальніцы казалі: «Стан крытычны». 5 траўня яна памерла, — расказваюць калегі.
Беларускія банкі вылучылі на дапамогу мэдыкам больш за 2,2 мільёна рублёў
Беларускія банкі надалі дапамогу мэдыкам у барацьбе з пандэміяй каранавірусу агулам на суму больш за 2,2 мільёна беларускіх рублёў, паведамілі БелТА ў Асацыяцыі беларускіх банкаў.
Каму цалавацца, а каму не цалавацца ў час пандэміі — новая парада ад Лукашэнкі. ВІДЭА
Аляксандар Лукашэнка 5 траўня наведваў Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня і даў параду аб сацыяльным дыстанцыяваньні. Фрагмэнт ягонай прамовы з гэтай парадай выразалі ў асобны відэаролік Reform.by.
«Калі ты ўжо цалаваўся з кімсьці, дык цалуйся далей, — дазволіў Лукашэнка. — Ня лезь там, калі ты мужык, да іншай жанчыны і гэтак далей. Ну пацярпі месяц. Калі ты дзесьці цёрся там у сям'і, застанься ў сям'і».
«Хопіць уводзіць людзей у зман». Дачка алімпійскага чэмпіёна напісала адкрыты ліст Лукашэнку
Ксенія Парфяновіч, дачка алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча, накіравала адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім выказвае сваю грамадзянскую пазыцыю і жорстка крытыкуе захады кіраўніка краіны, якія тычацца сытуацыі з каранавірусам.
Народ мае права ведаць праўду пра колькасьць заражаных, пра небясьпеку СOVID-19, пра колькасьць ахвяраў, перакананая Ксенія Парфяновіч. Далей чытайце па спасылцы>>
«У старасьці і сьмерці няма нічога непераадольнага». Як беларуская пісьменьніца стала апякункай для старых палякаў
Пісьменьніца Сьвятлана Курс (творчы псэўданім Ева Вежнавец) на сваім ровары езьдзіць да пажылых людзей у Варшаве, чыёй апякункай яна стала ў часе пандэміі. Працу са старымі называе «заходам у культуру з чорнага ўваходу», і яна ўдзячная лёсу за тое, што атрымала другое жыцьцё пасьля многіх гадоў у журналістыцы, НДА і сфэры культуры. Сьвятлана расказала Свабодзе пра свой досьвед апякункі, якая можа «памыць дупу» любому злачынцу, пра пажылых людзей, якія, лічыць яна, ва ўсім сьвеце аднолькавыя, і няпросты выбар, які стаіць перад усімі старымі ў часы каранавірусу. Чытайце па спасылцы>>
У сувязі з каранавірусам скасавалі канцэрт да Дня перамогі ў Палацы рэспублікі
Канцэрт «75 мірных гадоў», прымеркаваны да Дня перамогі, адменены. Гэта Свабодзе пацьвердзілі ў адміністрацыі сталічнага Палацу рэспублікі.
Выступ прэзыдэнцкага аркестру пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова быў заплянаваны на 8 траўня ў вялікай залі. Пры гэтым адміністратарка Палацу рэспублікі ўдакладніла, што квіткі на імпрэзу не прадаваліся, на яе маглі патрапіць толькі ўладальнікі запрашальнікаў.