Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

17:21 8.5.2020

На рэпэтыцыі параду ў Менску мэдыкі ў ахоўных касьцюмах шпіталізавалі чалавека. ФОТА

На рэпэтыцыі параду каля стэлы «Менск-горад герой» 8 траўня мэдыкі ў ахоўных касьцюмах шпіталізавалі чалавека. Супрацоўнікі АМАП, якія ахоўваюць пляцоўку для правядзеньня параду, паведамілі, што гэта чалавек са станоўчым тэстам на каранавірус, які зьбег зь лякарні. Аднак прэсавы сакратар МУС Вольга Чамаданава абвергла гэтую інфармацыю ў размове з Радыё Свабода. Ёй невядомыя выпадкі, калі пацыенты са станоўчым тэстам на COVID-19 самавольна пакідалі шпіталі. Цалкам чытайце тут.

17:22 8.5.2020

Сотні людзей бяз масак рэпэтуюць парад у Менску. ВІДЭА

Сёньня ў Менску праходзіць чарговая рэпэтыцыя параду 9 траўня. Некалькі сотняў людзей насілі сьцягі і сьпявалі ваенныя песьні. Большасьць удзельнікаў былі бяз масак і пальчатак.

17:23 8.5.2020

Больш за 100 лекараў з усяго сьвету заклікалі змагацца з фэйкамі аб каранавірусе

Больш за 100 лекараў, мэдычных працаўнікоў і спэцыялістаў у галіне аховы здароўя з усяго сьвету заклікалі Facebook, Google і Twitter заняць больш жорсткую пазыцыю да дэзінфармацыі, якая распаўсюджваецца аб пандэміі каранавірусу. Поўны тэкст адкрытага ліста разьмешчаны на анлайн-плятформе глябальнай грамадзкай арганізацыі Avaaz. У пятніцу, 8 траўня, зварот мае быць апублікавана на старонках газэты The New York Times. Падрабязнасьці тут.

17:25 8.5.2020

«Яна згарэла за чатыры дні». У Ляхавіцкім раёне памерла 38-гадовая жанчына

Учора памерла 38-гадовая Алена Ш. зь вёскі Гаслаўшчына Ляхавіцкага раёну. Сваякам пакуль невядома, ці быў у яе COVID-19, бо вынік тэсту, які рабілі ў мінулую пятніцу, ім яшчэ не паведамілі. Бралі яшчэ паўторны аналіз 5 траўня, выніку сваякі таксама пакуль ня ведаюць. Аднак нябожчыцу хавалі на могілках у Русінавічах у цэляфанавым пакеце і ў закрытай дамавіне.

«Зрабілі здымак і знайшлі правабаковую пнэўманію. Яе паклалі ў інфэкцыйнае аддзяленьне Ляхавіцкай бальніцы, дзе яна ляжала два дні. Потым ёй стала горш, і яе перавялі пад кісларод, — кажа сын. — Потым недзе ў абед у бальніцы казалі, што яе будуць падключаць на ШВЛ. Але потым яна патэлефанавала, што, сказалі, яе ня будуць падключаць на ШВЛ, бо ёй лепш. Гэта было цягам двух дзён, і пазаўчора яна мне патэлефанавала, што ёй будуць уводзіць плязму». Цалкам чытайце па спасылцы.

17:27 8.5.2020

933 выпадкі за дзень. Мінздароўя апублікавала новую статыстыку распаўсюду COVID-19 у Беларусі

Паводле міністэрства, на 8 траўня:

  • агулам 21 101 чалавек было са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
  • 121 памерлы, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (родзічы некаторых памерлыхкажуць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 5484 пацыенты выздаравелі і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 933 выпадкі і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 417 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 240 146 тэстаў (плюс 20 101 за дзень).
17:28 8.5.2020

Амбасадар Польшчы: «Беларускія лекары самаахвярна змагаюцца з пандэміяй»

Вялікае інтэрвію з польскім амбасадарам у Менску Артурам Міхальскім пра змаганьне з каранавірусам у Польшчы і Беларусі, працу дыпляматаў ва ўмовах карантыну, парад у Менску 9 траўня, пра візы і паездкі грамадзян паміж краінамі ва ўмовах пандэміі. Чытайце па спасылцы >>

18:45 8.5.2020

Актывісты прынесьлі труну на рэпэтыцыю параду

Актывісты «Моладзевага блёку» правялі акцыю супраць параду, які заплянаваны ў Менску 9 траўня. Падчас рэпэтыцыйнага праезду вайсковай тэхнікі ў мікрараёне Ўсход яны пачалі танчыць, трымаючы ў руках імправізаваную труну. Такім чынам моладзь хацела зьвярнуць увагу на небясьпеку наведваньня масавых імпрэзаў у Дзень Перамогі ў Менску.

20:48 8.5.2020

Мінзадроўя зьбіраецца вызначыць, колькі беларусаў насамрэч перахварэлі на COVID-19

Міністэрства аховы здароўя плянуе правесьці ў асобных раёнах Беларусі цэнтралізаваныя дасьледаваньні для вызначэньня імуннай праслойкі да COVID-19, паведаміў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік, піша БелТА.

«Па шэрагу раёнаў будзем праводзіць цэнтралізаваныя дасьледаваньні ўсіх пацыентаў, якія знаходзіліся на бальнічным лісьце ў апошнія два месяцы з нагоды рэсьпіраторных інфэкцый», — сказаў Каранік.

20:50 8.5.2020

«Біялягічныя бомбы»: 6 масавых акцый, якія разьнесьлі каранавірус

Масавыя акцыі ў розных краінах сьвету, якія прайшлі ў разгар эпідэміі, выклікалі выбуховы рост COVID-19. Найбольш небясьпечнымі аказаліся спартовыя, палітычныя і рэлігійныя імпрэзы. Якія — чытайце па спасылцы.

20:51 8.5.2020

Каранавірус паспрыяе байкоту прэзыдэнцкіх выбараў?

Які ўплыў акажа пандэмія на кампанію выбараў прэзыдэнта Беларусі? Якія ідэі можа прапанаваць улада, што стане асноўным лёзунгам Аляксандра Лукашэнкі? Ці зьявяцца кандыдаты, якія будуць заяўляць, што яны не з уладай і не з апазыцыяй?

Гэтыя ды іншыя пытаньні ў праграме «Праскі акцэнт» абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў і Юры Дракахруст. Чытайце па спасылцы.

20:53 8.5.2020

Актывісты прынесьлі труну на рэпэтыцыю параду. ВІДЭА

Актывісты «Моладзевага блёку» правялі акцыю супраць параду 9 траўня ў Менску ў разгар эпідэміі каранавірусу.

20:25 9.5.2020

Улады Сэулу закрылі клюбы і бары пасьля паўторнай успышкі COVID-19

У суботу ў краіне зафіксаваныя 18 новых выпадкаў інфікаваньня каранавірусам, зь іх 17 улады зьвязваюць з наведнікамі начных клюбаў. Пры гэтым, паводле дадзеных уладаў, месцы, дзе адпачывалі заражаныя, наведалі да паўтары тысячы чалавек.

Паўднёвая Карэя стала адной зь першых краінаў сьвету, дзе была зафіксаваная ўспышка каранавірусу. Аднак яе ўдалося лякалізаваць — на 51,6 мільёна жыхароў было зафіксавана 10 822 выпадкі заражэньня, памерлі 256 чалавек.

09:00 10.5.2020

Лічбы на раніцу 10 траўня

  • У сьвеце зафіксавалі звыш 4,1 мільёна выпадкаў COVID-19: каля 1,35 млн у ЗША, каля 263 тысяч у Гішпаніі, 218 тысяч у Італіі, 215 тысяч у Вялікай Брытаніі, 198,5 тысячы ў Расеі, 176,5 тысячы ў Францыі, 171 тысячу ў Нямеччыне, 156 тысяч у Бразыліі, 137 тысяч у Турэччыне.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 280 451​ чалавек. Зь іх 80 037 у ЗША, 31 587 у Вялікай Брытаніі, 30 395 у Італіі, 26 478 у Гішпаніі, 26 310 у Францыі.
  • Выпісалі звыш 1,44 мільёна пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,38 млн, зь іх звыш 47,5 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на вечар 9 траўня, пацьверджаны 22 052​ выпадак COVID-19 (плюс 951 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 126 чалавек (плюс 5 за дзень), выпісалі здаровымі 6050 пацыентаў.
10:33 10.5.2020

На тыдзень «першамая» і Радаўніцы беларусы менш выходзілі з дому, чым звычайна, — Google

Справаздачы Google даюцца ў параўнаньні са «звычайнымі паводзінамі» да пандэміі каранавірусу, разьбітыя па тыднях. За тыдзень з 27 красавіка па 3 траўня, калі было толькі два працоўныя дні і выходныя ў сувязі з Радаўніцай і Днём працы, беларусы сталі:

  • на 39% менш хадзіць у рэстарацыі, кавярні, забаўляльныя цэнтры, музэі, кінатэатры і бібліятэкі (тыднем раней было –24% ад «звычайных паводзінаў»);
  • на 18% менш хадзіць у крамы, на кірмашы і ў аптэкі (тыднем раней на 2% менш);
  • на 15% больш хадзіць у паркі і сквэры (тыднем раней на 40% больш);
  • на 35% менш карыстацца грамадзкім транспартам (тыднем раней на 24% менш);
  • на 30% менш знаходзіцца на працоўных месцах (тыднем раней на 9% менш);
  • на 4% больш знаходзіцца дома (тыднем раней не было адхіленьня ад «звычайных паводзінаў»).

Зьвесткі тычацца ня кожнага чалавека ў сьвеце — толькі тых, хто карыстаецца сэрвісамі Google на смартфонах і не адключае гісторыі лякацыі.

Паводле рэйтынгу расейскай кампаніі «Яндэкс», на «дадатковых» выходных беларусы зьніжалі актыўнасьць перасоўваньня так жа, як на звычайных: напрыклад, Менску ў буднія дні даюць 1,6–2,0 бала, на выходных — 2,9–4,0 бала.

10:40 10.5.2020

Памёр яшчэ адзін супрацоўнік «Пеленга», у якога выявілі каранавірус

Калегі памерлага супрацоўніка абарончага прадпрыемства «Пеленг» расказалі «Нашай ніве», што мужчына захварэў каля двух тыдняў таму, меў каранавірус і двухбаковае запаленьне лёгкіх, памёр 8 траўня.

Памерламу было 43 гады, ён працаваў на «Пеленгу» рэзьнікам паперы. Быў нежанаты, дзяцей ня меў, «ціхі сціплы хлопец, жыў у самоце, рэгулярна наведваў Катэдральны касьцёл».

27 красавіка памёр Анатоль Тарэеў, начальнік аддзелу аптычных сыстэм прадпрыемства «Пеленг». Дачка памерлага казала, што ў яго выявілі каранавірус. Па словах сваякоў, ніякіх сур’ёзных хранічных захворваньняў Тарэеў не меў.

На сайце прадпрыемства ніводная сьмерць ня згадваецца — старонка не абнаўляецца з 31 сакавіка. На 24 красавіка COVID-19 пацьвердзілі ў 13 супрацоўнікаў «Пеленгу». Завод увёў 2-тыднёвыя канікулы да 10 траўня з адпрацоўкай у суботы чэрвеня і кастрычніка.

10:41 10.5.2020

Кіраўнік «Свабоднага тэатру» расказвае, як пандэмія мяняе яго самога, Лёндан і тэатральную індустрыю

Заснавальнік і кіраўнік беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін апавядае Свабодзе пры жыцьцё ў Лёндане ў часе пандэміі, спартовыя, кулінарныя і мастацкія адметнасьці карантыннага жыцьця; разважае пра сумныя пэрспэктывы тэатральнай індустрыі і неабходнасьць фарматных зьменаў, а таксама пра тое, як расьце эмпатыя і чаму палітыкі дэманструюць бясьсільле, а звычайныя людзі — цуды самаарганізацыі.

Чытаць інтэрвію >>

12:37 10.5.2020

Каго затрымалі за пратэст супраць параду падчас пандэміі. Сьпіс

Цягам 6–9 траўня па Беларусі прайшла хваля затрыманьняў тых, хто браў удзел у сустрэчах з блогерам Сяргеем Ціханоўскім ці ўдзельнічаў у акцыях супраць правядзеньня параду падчас пандэміі каранавірусу. Свабода сабрала сьпіс з 83 затрыманых.​

12:38 10.5.2020

Як я ўсё ж захварэла на COVID-19. Піша Наста Захарэвіч

У мяне так доўга падазравалі каранавірус, што нарэшце я ім заразілася. Пэўна, што ў лякарні, якая нібыта лічылася вольнай ад COVID-19.

Упэўненая, што заразілася ад суседкі ў палаце, якую перавялі да нас з рэанімацыі. У яе была тэмпэратура, але гэта тлумачылі іншымі праблемамі са здароўем. Мазок на каранавірус узялі на ўсялякі выпадак, але праз два дні прыйшоў станоўчы вынік.

Я была з той жанчынай у шчыльным кантакце — паіла яе, карміла, давала лекі і дапамагала ўставаць з ложка. На пяты дзень пасьля пачатку кантакту мне рэзка стала кепска — моцна закружылася галава, зьявілася страшэнная слабасьць. Ціск быў у норме, тэмпэратура — 37,5. Дзяжурная доктарка на гэта сказала «Заляжаліся вы ў нас, трэба проста вяртацца дадому».

Чытаць далей >>

12:40 10.5.2020

Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі: трэці дзень запар 5 прызнаных сьмерцяў, пяты дзень запар 900+ новых выпадкаў

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 10 траўня:

  • агулам 22 973 чалавекі было са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
  • 131 памерлы, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (родзічы некаторых памерлых кажуць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 6406 пацыентаў выздаравелі і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 921 выпадак і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 356 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 263 543 тэсты (плюс 11 772 за дзень), цяпер тэсты робяць у 38 лябараторыях;
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

12:41 10.5.2020

Беларускія рокеры граюць 12-гадзінны маратон у падтрымку мэдыкаў. УЖЫВУЮ

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG