Ілан Маск адкрыў завод Tesla ў Каліфорніі, парушыўшы карантын мясцовых уладаў
Генэральны дырэктар кампаніі Tesla Ілона Маск ігнаруе распараджэньня ўладаў Каліфорніі, закліканыя спыніць пашырэньне каранавірусу, заручыўшыся падтрымкай прэзыдэнта Дональда Трампа.
Каліфарнійскі завод Tesla адкрыўся ў панядзелак, нягледзячы на тое, што ўлады штату могуць арыштаваць Маска за непадпарадкаваньне ўказу аб спыненьні дзейнасьці ў сувязі з пагрозай распаўсюду каранавірусу.
Лукашэнка заявіў, што пасьля параду ў Менску «зьніжэньне пнэўманіяў удвая». Ці так гэта?
Лукашэнка згадаў «нэгатыўныя прагнозы наконт параду» (такія давалі беларускія і расейскія палітыкі, праваабаронцы, мэдыкі, у тым ліку афіцыйны прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі). Але заявіў, што горш ня стала:
«Абсалютна быў перакананы, што людзі знаходзяцца на паветры, гэта ня горш, чым яны там недзе будуць зачыненыя, — сказаў Лукашэнка. — Гэта вайсковыя людзі людзі былі вельмі шмат, перахварэлыя і гэтак далей. Але ўсё-ткі ў душы, у сэрцы неяк насьцярожанасьць была. Ну і што мы атрымалі? У Менску значнае — учора ў два разы — зьніжэньне пнэўманіяў. У два разы! І я ўчора перахрысьціўся: дай Бог, каб мы і далей так па пнэўманіям прайшлі».
Адзін зь лекараў выказаў Свабодзе такую здагадку: Лукашэнку маглі даць няпоўную статыстыку па асобных днях па адным зь відаў пнэўманіяў — напрыклад, выключыць са статыстыкі вірусную пнэўманію. Зьніжэньне захворвальнасьці па ўсіх пнэўманіях ён лічыць сумнеўным.
У ЗША адмовіліся ад выкарыстаньня расейскіх апаратаў ШВЛ
Улады амэрыканскіх штатаў вяртаюць апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх «Авента-М», прывезеныя з Расеі. Апараты не выкарыстоўваліся ў бальніцах, а захоўваліся на складах, паведамілі ў Фэдэральным агенцтве ЗША па ўрэгуляваньні надзвычайных сытуацый (FEMA).
За апошнія дні ў Расеі двойчы адбываліся пажары ў шпіталях Масквы і Санкт-Пецярбурга, у выніку якіх загінулі шэсьць пацыентаў з COVID-19. Па папярэдніх дадзеных, прычынай пажараў стала кароткае замыканьне ў апаратах «Авента-М».
Мяркуючы па заяўках на дзяржаўныя закупкі, у Беларусі цяпер выкарыстоўваюцца самыя розныя мадэлі апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх — вытворчасьці і Беларусі, і Расеі, і іншых краінаў. У тым ліку цяпер выкарыстоўваюцца і апараты «Авента-М» — прынамсі для менскай лякарні хуткай дапамогі ў сакавіку закупалі дэталі для такіх. Ці пераважае нейкая краіна ў пастаўках апаратаў ШВЛ у Беларусь, з заявак на абслугоўваньне апаратаў ня бачна.
У Гішпаніі 113-гадовая жанчына ачуняла ад каранавірусу
113-гадовая жанчына, якая лічыцца самай старой у Гішпаніі, пераадолела каранавірусную інфэкцыю COVID-19, паведамляе AFP са спасылкай на дом састарэлых, дзе жанчына жыве. Марыя Браняс, якая нарадзілася ў ЗША, захварэла ў красавіку ва ўсходнім гішпанскім горадзе Алот, дзе жыла апошнія 20 гадоў.
Цяпер жанчына адчувае сябе добра, паўторны тэст на каранавірус быў адмоўным. Марыя Браняс лячылася ў сваім пакоі пад наглядам супрацоўніка дома састарэлых, у яе былі ўмераныя сымптомы. На пытаньне, як ёй удалося паправіцца, жанчына адказала, што ёй пашанцавала з «добрым здароўем».
Зноў прызналі 4 сьмерці і звыш 900 выпадкаў за дзень. Афіцыйная статыстыка распаўсюду COVID-19 у Беларусі
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 13 траўня:
- агулам 25 825 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
- 146 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 7711 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 952 выпадкі і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 737 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 296 380 тэстаў (плюс 11 935 за дзень),;
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
«Улады бязьдзейнічаюць і перакладаюць адказнасьць». Пагутарылі з бацькамі, якія не адпусьцілі дзяцей у школу ў траўні
Свабода пагутарыла зь віцебскімі бацькамі, якія ў сувязі з пандэміяй каранавірусу вырашылі не адпраўляць дзяцей у школу да наступнага навучальнага году. Па просьбе суразмоўцаў уласныя імёны зьмененыя.
Каранавірус ахапіў усю Беларусь. Прынамсі ў 100 са 118 раёнаў ёсьць пацьверджаныя выпадкі
У 100 са 118 раёнаў Беларусі ёсьць пацьверджаныя выпадкі каранавірусу. Гэта 85% усіх рэгіёнаў. Такую інфармацыю сабрала Свабода з адкрытых крыніц. Чытайце па спасылцы.
Беларуская чыгунка працягнула дзеяньне супрацьвірусных схемаў рассадкі
Беларуская чыгунка працягнула тэрмін дзеяньня новых схемаў рассадкі ў цягніках з нумараванымі месцамі да 15 чэрвеня ўключна.
Рассадку па новай схеме ўвялі на чыгунцы з 15 красавіка, каб пасажыры захоўвалі сацыяльную дыстанцыю. Паводле гэтай схемы, у купэйных вагонах разьмяшчаюцца ня больш як двое пасажыраў у купэ, у пляцкартных — ня больш як трое ў адным адсеку. Калі адначасова набываць некалькі квіткоў, дазваляецца продаж трох і чатырох месцаў у купэ, пры ўмове, што да гэтага ў купэ не прадалі ніводнага месца.
У Менску вызначылі гатэлі і інтэрнаты, куды заселяць бессымптомных хворых на COVID-19
Telegram-канал Nexta Live апублікаваў сьпіс гатэляў, якія Менгарвыканкам адвёў для пражываньня хворых на COVID-19 у бессымптомнай форме супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ня могуць самаізалявацца ў інтэрнатах. Гарадзкія ўлады пацьвердзілі сапраўднасьць дакумэнту Tut.by.
Сьпіс такі:
- гатэль «Агат» (інстытут «Кадры індустрыі»);
- гатэль «Алмаз» (ААТ «МАЗ»);
- гатэль «Спорт» (ДУ «Белспортзабесьпячэньне»);
- інтэрнат №4 ААТ «Інтэграл»;
- інтэрнат РУП «Нацыянальны аэрапорт»;
- санаторый «Лясная паляна» ў Мядзельскім раёне (УП «Спэцкамунаўтатранс»);
- аздараўленчы цэнтар «Сьвітанак», філіял «Сацыяльны комплекс» у Менскім раёне (завод «Гарызонт»);
- і іншыя ў Цэнтральным і Фрунзэнскім раёнах, якія могуць вызначыць пазьней.
Засяляць туды будуць інфікаваных жыхароў інтэрнатаў калідорнага тыпу, якім патрэбна самаізаляцыя; таксама могуць засяляць іншых выпісаных зь лякарняў зь лёгкімі сымптомамі і без сымптомаў.
Міністэрства здароўя вызначыла, каму могуць скараціць, а каму падоўжыць самаізаляцыю
Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўстанавіла парадак падаўжэньня і скарачэньня тэрмінаў знаходжаньня грамадзян на самаізаляцыі пастановай міністэрства № 49 ад 8 траўня 2020 году.
Каму падоўжаць тэрмін самаізаляцыі:
- калі ў кантактнай асобы першага ўзроўню пацьвердзяць інфэкцыю COVID-19 пры паўторным лябараторным дасьледаваньні;
- пры атрыманьні другога станоўчага тэсту на каранавірус;
- калі кантакту першага ўзроўню ў апошні дзень пэрыяду самаізаляцыі не завяршылі мэдыцынскі агляд (напрыклад, не прыйшлі вынікі апошняга тэсту на каранавірус).
Каму могуць скараціць тэрмін самаізаляцыі:
- калі чалавек прыехаў для аказаньня спэцыялізаванай, у тым ліку высокатэхналягічнай, мэдыцынскай дапамогі ў арганізацыях аховы здароўя;
- пры хадайніцтве арганізацыі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, у дачыненьні да замежных спэцыялістаў, якія прыехалі для выкананьня работ або аказаньня паслуг;
- пры адмоўным тэсьце на COVID-19 пры ўмове, што ён зроблены не пазьней за 2 дні да даты перасячэньня мяжы.
Суседзі Беларусі чарговым разам перанесьлі адкрыцьцё межаў
Праз пандэмію каранавірусу краіны — суседзі Беларусі чарговым разам працягнулі закрыцьцё межаў.
- Украіна не ўпускае іншаземцаў як мінімум да 22 траўня. Такую забарону ўвялі 17 сакавіка і ўжо двойчы працягвалі.
- Мяжа зь Літвой закрытая да 31 траўня. Пускаць іншаземцаў туды перасталі 16 сакавіка.
- Латвія закрыла мяжу таксама 16 сакавіка, пакуль забарона дзейнічае да 9 чэрвеня.
- Польшча, якая забараніла ўезд іншаземцаў раней за іншых (15 сакавіка), працягнула забарону да 12 чэрвеня.
- Расейская мяжа закрытая да паляпшэньня эпідэміялягічнай сытуацыі.
Эўракамісія раіла краінам Шэнгенскай зоны (Латвія, Літва і Польшча ў яе ўваходзяць) не адкрываць межы да 15 чэрвеня.
У Менску ў аграрна-тэхнічным унівэрсытэце знайшлі хворых на COVID-19. У якіх ВНУ яшчэ?
Рэктарат Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўнівэрсытэту пацьвердзіў Tut.by, што ў трох студэнтаў выявілі COVID-19. Яшчэ 16 чалавек з унівэрсытэту адносяцца да «кантактаў І узроўню» — 12 зь іх цяпер чакаюць вынікаў у «адмысловых блёках» інтэрнатаў.
Гэта не адзіны ўнівэрсытэт, навучэнцы якога заразіліся новым каранавірусам. Самы першы выпадак COVID-19 у Беларусі зафіксавалі ў БНТУ, затым вірус знайшлі ў студэнтаў БДУ, БДМУ, БДТУ і Віцебскай вэтэрынарнай акадэміі (ВДАВМ).
Непацьверджаныя зьвесткі пра выяўленьне каранавірусу паступалі і ад студэнтаў іншых установаў, як то БДПУ ці БДЭУ. Навучэнцы Гомельскага мэдычнага каледжу сьцьвярджаюць, што там ад каранавірусу памерла 21-гадовая навучэнка.
Каранавірус у менскім Доме друку: больш за 20 захварэлі, супрацоўніца памерла
Гэтую інфармацыю крыніц з выдавецтва Свабодзе пацьвердзіў намесьнік гендырэктара Юрый Арыхоўскі. Паводле яго, усяго захварэлі «больш за 20 чалавек», але дакладнай лічбы намесьнік гендырэктара выдавецтва не назваў. Цалкам чытайце па спасылцы.
Навукоўцы спынілі выпрабаваньні рэмдэсівіру для лячэньня COVID-19 з этычных меркаваньняў
У ЗША спынілі клінічныя выпрабаваньні рэмдэсівіру — антывіруснага прэпарату, які да апошняга часу лічыўся найбольш пэрспэктыўным патэнцыйным лекам ад COVID-19. Чаму — чытайце тут >>
На Віцебшчыне каранавірусам заразіліся больш за 1500 мэдыкаў, на Гомельшчыне — больш за 500
«Да працы прыступілі 308 мэдыкаў, якія перанесьлі каранавірусную інфэкцыю», — паведаміў 13 траўня начальнік галоўнага ўпраўленьня па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі. Учора ён казаў, што «20% мэдработнікаў, інфікаваныя каранавірусам, выздаравелі». Калі лічыць, што 20% — гэта тыя ж 308 работнікаў і лічба за апошнія суткі не зьмянілася, атрымліваецца, што на Віцебшчыне агулам заразіліся каранавірусам 1540 мэдыкаў.
У Гомельскай вобласьці тым часам каранавірусам COVID-19 заразіліся ўжо больш за 500 мэдыкаў, паведамляюць «Сильные новости» са спасылкай на некалькі незалежных крыніц. Падрабязнасьці тут.
У горадзенскім аграрным унівэрсытэце каранавірус у студэнтаў і выкладчыкаў
Двое выкладчыкаў і трое студэнтаў у аграрным унівэрсытэце Горадні маюць дыягназ COVID-19. Вучэльня не пераходзіла на дыстанцыйную працу. Агулам, па словах прарэктара, апошнім часам на занятках з прычыны розных хваробаў адсутнічаюць ад 7 да 15 студэнтаў у дзень. Хворых у цяжкім стане сярод студэнтаў і выкладчыкаў з каранавірусам у вучэльні няма. Цалкам чытайце тут >>
У шпіталі застаюцца 10 сясьцёр. Як папраўляецца Сьвята-Елісавецінскі манастыр?
У лякарнях з дыягназам COVID-19 і віруснай пнэўманіяй знаходзяцца 10 сясьцёр Сьвята-Елісавецінскага манастыра, у большасьці стан здароўя значна паляпшаецца. 20 хворых насельніц застаюцца ў манастыры. З 60 сясьцёр, якія захварэлі на каранавірус, палова выздаравела. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы>>
«Прымае толькі адзін тэрапэўт». Колькі лекараў хварэе ў баранавіцкай паліклініцы?
У адміністрацыі баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 паведамілі пра «адзінкавыя выпадкі» заражэньня каранавірусам мэдработнікаў. Але паводле адной з супрацоўніц паліклінікі, там захварэлі ўсе лекары агульнай практыкі.
«Усе на бальнічным, памочнік лекара на бальнічным. Яны ўжо здалі па другім тэсьце на COVID-19, і ён станоўчы, — сказала супрацоўніца паліклінікі. — Цяпер тэрапэўтычнае аддзяленьне гарадзкой паліклінікі № 3 засталося абсалютна бязь лекараў. Станоўчы вынік тэсту на COVID-19 таксама ў загадчыцы аддзяленьня. Засталіся толькі мэдсёстры агульнай практыкі». Цалкам чытайце па спасылцы.
Лічбы на раніцу 14 траўня
- У сьвеце зафіксавалі звыш 4,43 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,43 млн у ЗША, 271 тысячу ў Гішпаніі, звыш 242 тысяч у Расеі, амаль 230 тысяч у Вялікай Брытаніі, 222 тысячы ў Італіі, 190 тысяч у Бразыліі, 178 тысяч у Францыі, 174 тысячы ў Нямеччыне, 143 тысячы ў Турэччыне, звыш 112,5 тысячы ў Іране.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 298 174 чалавек. Зь іх 85 197 у ЗША, 33 186 у Вялікай Брытаніі, 31 106 у Італіі, 27 104 у Гішпаніі, 27 074 у Францыі.
- Выпісалі 1,66 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 2,47 млн, зь іх 46 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.