Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

16:53 19.5.2020

На прадпрыемстве «Гродна Азот» 29 хворых на COVID-19

На прадпрыемстве «Гродна Азот» 29 чалавек са станоўчым вынікам тэсту на каранавірус, зь іх на 18 траўня ачунялі 8, паведамляе «Горадзенскі хімік».

Кантактаў першага ўзроўню на «Гродна Азоце» 37 чалавек, другога ўзроўню — 38. У філіяле «Завод Хімвалакно» 4 кантакты першага ўзроўню. Усяго на прадпрыемстве 60 чалавек з вострымі рэсьпіраторнымі віруснымі інфэкцыямі (зь іх на «Гродна Азоце» 54), зарэгістраваныя 2 пнэўманіі.

16:55 19.5.2020

Яшчэ 936 хворых і 4 памерлі. Апублікавалі новую афіцыйную статыстыку аб COVID-19 у Беларусі

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 19 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.

Паводле міністэрства, на 19 траўня ў Беларусі:

  • агулам 31 508 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
  • 175 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія ​родзічы памерлых гавораць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 10 620 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 936 выпадкаў і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 490 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 375 076 тэстаў (плюс 10 757 за дзень);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
16:59 19.5.2020

Статыстыка «завісла»: тры тыдні ў Беларусі каля 918 новых выпадкаў COVID-19 і 4-5 прызнаных сьмерцяў

«Каранавірусныя» графікі Беларусі выглядаюць незвычайна і ў параўнаньні зь іншымі краінамі, і самі па сабе.

Тры тыдні таму, 28 красавіка, Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра выяўленьне 919 новых выпадкаў COVID-19 за дзень. Пасьля гэтага штодзённая статыстыка практычна не мянялася: за дзень выяўлялі мінімум 784, максымум 973 выпадкі, у сярэднім 918,238 інфікаванага за дзень. І гэтае «завісаньне» выглядае дзіўна з шматлікіх прычынаў, разважае ў блогу журналіст Алесь Арсёнаў. Чытайце цалкам па спасылцы.

17:01 19.5.2020

Прэзыдэнт ЗША прыгразіў зусім спыніць фінансаваньне Сусьветнай арганізацыі здароўя і выйсьці зь яе

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп апублікаваў 19 траўня ў Twitter фота ліста, які ён накіраваў кіраўніку Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрасу Аданому Гебрэесусу. У лісьце Трамп даў арганізацыі 30 дзён на «асноўныя істотныя зьмены». Месяц таму Трамп даручыў адміністрацыі прыпыніць унёскі ЗША ў WHO, бо тая не рэагавала на пандэмію каранавірусу — «ня справілася са сваім асноўным абавязкам і павінна несьці адказнасьць». Цалкам чытайце па спасылцы.

17:02 19.5.2020

Бэрлін і Парыж прадставілі плян аднаўленьня эканомікі Эўразьвязу на 500 мільярдаў эўра

Эўракамісіі прапаноўваецца пазычыць на фінансавых рынках 500 мільярдаў эўра пад гарантыі Эўразьвязу. Брусэль раздасьць гэтыя сродкі пацярпелым ад пандэміі краінам. Кампэнсаваць выдаткі плянуецца зь бюджэту Эўразьвязу. Далей чытайце па спасылцы.

17:03 19.5.2020

«Гэта быў канец сьвету». Чатыры гісторыі пра тое, як каранавірус пазбавіў беларусаў працы

Улады Беларусі ня ўводзяць абавязковага карантыну ў сувязі з пандэміяй, аднак і бяз гэтага яна моцна ўплывае на гаспадарку краіны.

Мы выслухалі чатыры гісторыі пра тое, як каранавірус пазбавіў беларусаў працы. Чытайце па спасылцы.

17:04 19.5.2020

У сувязі з пандэміяй ураду Беларусі прапанавалі праект пастановы, якая дазваляе інтэрнэт-гандаль алькаголем

Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць да канца 2020 году атрымаць права гандляваць алкагольнымі напоямі праз інтэрнэт-крамы.

Адпаведны праект пастановы ўраду, зь якім азнаёміўся БелаПАН, падрыхтавала Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. У абгрунтаванні гаворыцца, што гэта зьвязана «зь неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй». Цалкам чытайце тут.

17:06 19.5.2020

«Піў лімонна-імбірны сок і ўрэшце паправіўся». Як прэзыдэнт Танзаніі не зважае на каранавірус

Вядомы сваімі супярэчлівымі выказваньнямі прэзыдэнт Танзаніі Джон Магуфулі заявіў, што эканоміка «важнейшая, чым пагроза, якую ўяўляе каранавірус», дадаўшы, што ён хоча зноў адкрыць краіну для турызму, нягледзячы на папярэджаньні, што Афрыка можа сутыкнуцца з наступнай хваляй хваробы. Пра гэта паведамляе брытанскае выданьне The Guardian. Цалкам чытайце тут.

17:06 19.5.2020

Колькасьць выпадкаў інфікаваньня каранавірусам у Расеі наблізілася да 300 000

У Расеі за суткі выявілі 9263 інфікаваных каранавірусам, сьведчыць статыстыка апэратыўнага штабу барацьбы з пашырэньнем каранавіруснай інфэкцыі. Агульная колькасьць выяўленых выпадкаў ад пачатку ўспышкі наблізілася да 300 тысячаў і склала 299 941.

Чацьвёртыя суткі запар, сьцьвярджае афіцыйная статыстыка, выяўляецца менш за дзесяць тысяч інфікаваных. Колькасьць памерлых ад каранавірусу за дзень, паводле афіцыйных дадзеных, склала 115, за ўвесь час — 2837. Ачуняў за суткі 5921 чалавек, а ўсяго 76 130.

17:08 19.5.2020

Лукашэнка расказаў калегам з ЭАЭС, як Беларусь цярпіць ад карантыну, абвешчанага суседзямі

«Працяглыя карантыны і самаізаляцыя насельніцтва выразна паказалі, што нават у звышдзяржаваў няма запасу трываласьці, які дазваляе ва ўмовах закрытых межаў і непрацуючых прадпрыемстваў значны час утрымліваць нацыянальныя эканомікі», — цытуе выступ Лукашэнкі падчас сустрэчы Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету БелТА. Цалкам чытайце тут.

17:10 19.5.2020

Абвяшчэньне ляўрэата міжнароднай Букераўскай прэміі перанесьлі з прычыны пандэміі

Арганізатары паведамляюць, што абвяшчэньне ляўрэата міжнароднай Букераўскай прэміі за 2020 год адкладаецца да «канца лета», каб «чытачы маглі атрымаць кнігі, якія трапілі ў кароткі сьпіс». Пандэмія COVID-19 — галоўная прычына адкладваньня абвяшчэньня, якое мелася адбыцца 19 траўня, паколькі яна моцна парушыла сыстэму кніжнага распаўсюджваньня.

Шорт-ліст быў абвешчаны ў пачатку красавіка, у яго ўвайшлі шэсьць раманаў:

  • Шукуфэ Азар. «Зьзяньне алычовага дрэва» (Іран)
  • Габрыэля Кабэсон Камара. «Прыгоды Чайны Айран» (Аргентына)
  • Даніель Кельман. «Тыль» (Нямеччына)
  • Фэрнанда Мэльчор. «Сэзон ураганаў» (Мэксыка)
  • Ёка Огава. «Паліцыя памяці» (Японія)
  • Марыке Лукас Рэйнэвэлд. «Дыскамфорт вечара» (Нідэрлянды)
17:12 19.5.2020

Symbal.by папрасіў дапамогі: скончыліся грошы на пашыў павязак мэдыкам

Беларуская крама Symbal.by расказала 19 траўня, што больш ня мае сродкаў, каб набываць тканіну і працягваць шыць засьцерагальныя маскі для мэдыкаў. Збор сродкаў на вытворчасьць павязак «амаль ня рухаецца», піша крама і просіць па магчымасьці ахвяраваць грошы.

На момант публікацыі на Molamola сабралі 16 тысяч рублёў зь неабходных 20 тысяч. Цалкам чытайце тут.

17:16 19.5.2020

Шэнген падчас пандэміі: куды ўжо можна зьвяртацца беларусам

  • 21 траўня візавы цэнтар Італіі ў Менску адновіць прыём заявак на ўсе тыпы кароткатэрміновых шэнгенскіх візаў — турызм, дзелавая ды іншыя. Філіяў у Берасьці і Гомлі гэта пакуль ня тычыцца.
  • 11 траўня часткова аднавілі дзейнасьць у Менску, Берасьці і Горадні візавыя цэнтры Польшчы. Дакумэнты на візу могуць падаваць уладальнікі дазволу на працу ў Польшчы, у тым ліку сэзоннага характару, уладальнікі карты паляка і кіроўцы-міжнароднікі).
  • З абмежаваным колам заяўнікаў працуе амбасада Латвіі.
  • У выключных выпадках абслужаць наведнікаў у кансуляце Літоўскай Рэспублікі.

Падрабязнасьці аб тым, хто і як можа падаць дакумэнты на візу, чытайце тут.

17:17 19.5.2020

Адмянілі сёлетні фэстываль беларускай песьні і паэзіі ў Маладзечне

У Маладэчне адмянілі нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі, які праводзіўся з 1993 году. Пра гэта піша «Рэгіянальная газэта» са спасылкай на маладачанскі палац культуры.

Штогадовы нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі ў Маладзечне ў 1993 годзе заснаваў тагачасны мэр горада Генадзь Карпенка.

18:38 19.5.2020

Бразылія выйшла на трэцяе месца ў сьвеце па колькасьці інфікаваных каранавірусам

За апошнія дні Бразылія абагнала па ліку заражэньняў Гішпанію, Італію, Францыю і Вялікабрытанію. Пры гэтым экспэрты падазраюць, што інфікаваных у краіне больш у 15 разоў. Прэзыдэнт краіны Жаір Балсанару адмаўляе небясьпеку, выкліканую каранавірусам. ​

Па афіцыйных дадзеных, у краіне зафіксавана 254 220 выпадкаў заражэньня, прычым за апошнія 24 гадзіны было зафіксавана 13 140 новых заражэньняў.

Па маштабе пандэміі Бразылія саступае толькі Расеі і ЗША і ў апошнія дні абагнала Гішпанію, Італію, Францыю і цяпер Вялікабрытанію. Пры гэтым, як паведамляе агенцтва AFP, рэальная колькасьць заражаных у лацінаамэрыканскай краіне можа быць вышэй у 15 разоў з прычыны адносна малой колькасьці тэстаў.

08:12 20.5.2020

Лічбы на 20 траўня

  • У сьвеце зафіксавалі амаль 4,99 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,57 млн у ЗША, 300 тысяч у Расеі, 278,8 тысячы ў Гішпаніі, амаль 272 тысячы ў Бразыліі, каля 248,8 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 226,7 тысячы ў Італіі, 180,8 тысячы ў Францыі, 177,8 тысячы ў Нямеччыне, 151,6 тысячы ў Турэччыне, 124,6 тысячы ў Іране, 106,9 тысячы ў Індыі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 324 958 чалавек. Зь іх 93 533 у ЗША, 35 341 у Вялікай Брытаніі, 32 169 у Італіі, 28 022 у Францыі, 27 778 у Гішпаніі, 17 983 у Бразыліі.
  • Выпісалі 1,96 мільёна пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,7 млн, зь іх каля 45,5 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
08:38 20.5.2020

Эўракамісар Вархей: выкліканы COVID-19 крызіс паказаў зьмены ў падыходзе Беларусі да стасункаў з Эўразьвязам​

«Цяпер у Беларусі зьявілася ўнікальная магчымасьць, — заявіў эўракамісар у пытаньнях суседзтва і пашырэньня Олівэр Вархей 19 траўня на слуханьні ў камітэце замежных спраў Эўрапарлямэнту. — Праз выкліканы COVID-19 крызіс мы бачым узьнікненьне зусім іншага падыходу ў краіне ў дачыненьні да Эўразьвязу. Урад працуе з намі, у нас ужо было некалькі кантактаў».

Ён адзначыў, што Беларусь зьвярнулася да Эўразьвязу з просьбай аб макрафінансавай дапамозе для барацьбы з эканамічнымі наступствамі пандэміі каранавірусу.

«Мы стараемся дапамагчы, — сказаў Вархей. — На жаль, яны пакуль не змаглі дамовіцца з МВФ аб дапамозе. Гэта для нас адна з абавязковых перадумоў для даваньня дапамогі.

Але, як толькі дамовяцца і як толькі мы дамовімся аб канкрэтных умовах, тады мы, вядома ж, неадкладна дамо макрафінансавую дапамогу. І я лічу, што гэта гістарычная магчымасьць паспрабаваць стварыць станоўчы імпульс у нашых адносінах».

10:15 20.5.2020

Скаргу расейскіх мэдыкаў на адсутнасьць выплат кваліфікавалі як экстрэмізм

У Абінскім раёне Краснадарскага краю паліцыя папярэдзіла мэдыкаў аб недапушчальнасьці «экстрэмісцкай дзейнасьці». Так назвалі скаргу мэдработнікаў на адсутнасьць выплат, якія паабяцаў Пуцін.

Выданьне Znak.com паведаміла, што супрацоўнікі станцыі хуткай дапамогі Абінскай цэнтральнай раённай лякарні накіравалі відэазварот журналістам з групы «Хуткая журналісцкая дапамога». Да яго запісу з мэдыкамі Абінскай лякарні сустракаўся галоўны ўрач Павел Ісаеў. Аднак мэдыкі не прынялі яго тлумачэньняў.

У відэазвароце да журналістаў 9 работнікаў станцыі хуткай дапамогі заявілі, што абяцаныя прэзыдэнтам выплаты на 18 траўня 2020 году ім не пералічаныя, а кіраўніцтва лякарні спрабуе іх пераканаць, што ніякія выплаты ім не прадугледжаны.

Мэдыкі 30-й паліклінікі Менску таксама абураліся, што не атрымалі абяцаных выплат за працу з пацыентамі з COVID-19, а тыя, хто сам перахварэў, не атрымалі кампэнсацыі.

10:50 20.5.2020

У Сынгапуры асудзілі на сьмерць падчас відэаканфэрэнцыі

Суд у Сынгапуры асудзіў 37-гадовага малайзійца на сьмерць за ўдзел у гандлі наркотыкамі. Судовае разьбіральніцтва адбывалася празь відэасувязь з прычыны каранавіруснай бясьпекі.

Пра гэта паведаляе агенцтва Reuters, удакладняючы, што справа слухалася 15 траўня празь відэасувязь на плятформе Zoom.

11:21 20.5.2020

САЗ пракамэнтавала эфэктыўнасьць пераліваньня плязмы

Эфэктыўнасьць выкарыстаньня плязмы перахварэлых COVID-19 для лячэньня эпідэміі будзе ўстаноўлена падчас дадатковых дасьледаваньняў. Пра гэта ТАСС заявіла прадстаўніца Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (САЗ) у Расеі Мэліта Вуйнавіч.

«Каштоўнасьць выкарыстаньня плязмы пры лячэньні COVID-19 можа быць устаноўленая толькі ў рандамізаваных, клінічных дасьледаваньнях, — адзначыла Вуйнавіч. — Наколькі мне вядома, у цяперашні час публікуюцца толькі справаздачы назіраньняў або інфармацыя па невялікіх сэрыях выпадкаў. Неабходныя дадатковыя дасьледаваньні».

Першыя 6 беларусаў, якія перахварэлі на COVID-19, сталі донарамі плязмы напрыканцы красавіка. Гэта дапаможа лячыць тых хворых з каранавірусам, якія цяпер знаходзяцца ў цяжкім стане, паведаміла Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG