Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

14:11 21.5.2020

Плюс 945 інфікаваных і 6 памерлых. Апублікавалі афіцыйную статыстыку COVID-19 у Беларусі на 21 траўня

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 21 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19:

  • агулам 33 371 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 185 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія ​родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 12 057 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 945 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 642 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 403 236 тэстаў (рэкордныя 15 563 за дзень і рэкордна малы адсотак станоўчых тэстаў — 6,07%);
20:26 21.5.2020

Дэзынфармацыі пра COVID-19 стала меней, — маніторынг ЭЗ

Дэзынфармацыя пра каранавірус зьменшылася «прынамсі часова», паведамляе Эўрапейская служба вонкавых дзеяньняў (EEAS) у аглядзе за 23 красавіка — 18 траўня. У той жа час пракрамлёўскія рэсурсы па-ранейшаму актыўна распаўсюджваюць недакладную інфармацыю пра пандэмію. Далей чытайце па спасылцы.

20:28 21.5.2020

Міністар Каранік адказаў на спрэчныя пытаньні аб даплатах мэдыкам за працу з хворымі на COVID-19

Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік 21 траўня пракамэнтаваў сытуацыю з выплатамі мэдыкам за працу з пацыентамі, інфікаванымі COVID-19. Паводле Караніка, пахвілінная даплата можа ісьці ў іншых краінах, у Беларусі ж даплочваюць за зьмены:

«Калі цягам зьмены мэдычны пэрсанал кантактаваў з пацыентам з каранавірусной інфэкцыяй, аплата ідзе за ўсю зьмену, — тлумачыў Каранік. — То бок, не за тыя хвіліны, паўгадзіны ці гадзіну, пакуль яны займаліся аказаньнем мэдычнай дапамогі. Калі такіх зьменаў цягам месяца было больш за 30%, аплата ідзе за ўвесь месяц — гэта значыць поўная аплата».

У такой схеме Каранік пабачыў «прынцып сацыяльнай справядлівасьці» і запэўніў, што ўсе, хто кантактаваў з пацыентамі, інфікаванымі COVID-19, атрымаюць даплату, за зьмены ці за месяц. Цалкам чытайце тут.

20:31 21.5.2020

У менскіх паліклініках зьявіліся экспрэс-тэсты на антыцелы да COVID-19. Вынік за 20 хвілінаў

Экспрэс-тэсты, якія зьявіліся ў паліклініках, не дазваляюць выявіць каранавірусную інфэкцыю на раньніх этапах, але выяўляюць тых, у каго хвароба на позьнім этапе, а таксама тых, хто ўжо перахварэў. Цяпер менскія клінікі робяць тэсты на антыцелы тых, хто паступіў для паўторнага абсьледаваньня як «кантакт І узроўню». Такіх пацыентаў цяпер пакідаюць лячыцца дома пад наглядам мэдыкаў.

Тэсты пакуль робяць толькі бясплатна і паводле мэдычных паказаньняў, платна і па жаданьні іх цяпер ня робяць. Цалкам чытайце тут.

20:32 21.5.2020

«Агідная хвароба» — 21-гадовы студэнт з добрым здароўем 5 тыдняў лячыўся ад каранавірусу

Студэнт Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Іван, у якога не было ніякіх хранічных захворваньняў, праляжаў з каранавірусам у розных шпіталях агулам 5 тыдняў. Да пнэўманіі не дайшло, але дагэтуль хлопец ня чуе пахаў і смаку. Праз два тыдні зьбіраецца здаць плязму, каб дапамагчы іншым цяжка хворым на COVID-19.

Чытайце гісторыю Івана па спасылцы >>

20:33 21.5.2020

«МакДональдс» будзе дастаўляць бясплатныя абеды мэдыкам на працу

«МакДональдс» вырашыў дастаўляць абедныя наборы брыгадам хуткай дапамогі проста на працу, піша Tut.by. Напярэдадні менскім брыгадам хуткай дапамогі забаранілі заяжджаць у рэстаран у працоўны час.

У Віцебску, Гомлі, Берасьці і Магілёве акцыя пакуль праходзіць бязь зьменаў. Цалкам чытайце па спасылцы.

20:38 21.5.2020

У Грузіі ад 23 траўня адмяняюць надзвычайнае становішча і камэнданцкую гадзіну

Урад Грузіі вырашыў не працягваць надзвычайнае становішча і камэнданцкую гадзіну і скасаваў гэтыя абмежаваньні з 23 траўня, паведаміў прэм’ер-міністар Грузіі Георгій Гахарыя.

Грузія абвясьціла надзвычайнае становішча 21 сакавіка, таксама ў краіне да гэтага часу дзейнічае камэнданцкая гадзіна — з 21:00 да 06:00. Некаторы час быў забаронены ўезд і выезд з Тбілісі, Руставі, Батумі і Кутаісі, але на пачатку траўня абмежаваньні былі зьнятыя.

08:14 22.5.2020

Лічбы на раніцу 22 траўня

  • У сьвеце зафіксавалі каля 5,2 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,62 млн у ЗША, 317,5 тысячы ў Расеі, 310,9 тысячы ў Бразыліі, 280,1 тысячы ў Гішпаніі, каля 250,9 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 228 тысяч у Італіі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 334 675 чалавек. Зь іх 96 354 у ЗША, 36 042 у Вялікай Брытаніі, 32 486 у Італіі, 28 215 у Францыі, 27 940 у Гішпаніі, 20 082 у Бразыліі.
  • Выпісалі 2,08 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,78 млн, зь іх каля 45,6 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
11:56 22.5.2020

У Расеі за суткі ад каранавірусу памерла найбольшая колькасьць людзей ад пачатку эпідэміі

У маскоўскай лякарні
У маскоўскай лякарні


У Расеі за мінулыя суткі ад каранавіруснай інфэкцыі памерлі 150 чалавек. Гэта самая вялікая колькасьць сьмерцяў за суткі ад пачатку эпідэміі. Усяго ў краіне ад COVID-19 паводле афіцыйных дадзеных памерлі 3249 чалавек.

За мінулыя суткі ў Расеі выяўлена 8894 новых выпадкаў — гэта на 45 чалавек больш, чым на суткі раней. Агульная колькасьць інфікаваных дасягнула 326 448 паведамляе апэратыўны штаб.

Паправіліся за суткі больш за 7 тысяч чалавек, агульная колькасьць ачунялых дасягнула амаль 100 тысяч.

12:42 22.5.2020

Яшчэ 932 выпадкі і 5 сьмерцяў. Апублікавалі афіцыйную статыстыку COVID-19 у Беларусі на 22 траўня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 22 траўня ў Беларусі:

  • агулам 34 303 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 190 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікіяродзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 12 833 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 932 выпадкі і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 776 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 419 004 тэсты (рэкордныя 15 768 за дзень і рэкордна малы адсотак станоўчых тэстаў — 5,91%);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.

Амаль аднолькавая статыстыка — каля 918 новых выпадкаў COVID-19 і 4-5 прызнаных сьмерцяў — публікуецца штодзень ужо больш за тры тыдні. Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

13:28 22.5.2020

Прататыпная вакцына абараняе малпаў ад каранавірусу

Прататыпная вакцына, распрацаваная навукоўцамі-вірусолягамі ў Бостане, абараняе малпаў ад каранавірусу, даючы надзею на стварэньне эфэктыўнай вакцыны для чалавека.

Пра гэта паведамляе The New York Times, спасылаючыся на дасьледаваньні, праведзеныя ў мэдычным цэнтры Beth Israel Deaconess у Бостане. Вынікі дасьледаваньняў былі апублікаваныя ў часопісе Science на гэтым тыдні.

13:33 22.5.2020

«Выратуюць дактары, а не чыноўнікі», — драматург Андрэй Курэйчык пра новы зьмест кіно, самаізаляцыю і цану кіраваньня Лукашэнкі

«Мы ў адной лодцы і ўсе адначасова выйдзем з пандэміі», — кажа драматург, сцэнарыст і рэжысэр Андрэй Курэйчык. Ягоны бацька перахварэў на каранавірус у цяжкай форме, брат — у лягчэйшай. Сам Андрэй Курэйчык разам зь сям’ёй больш за два месяцы ў самаізаляцыі. Ён перакананы, што чалавецтва дасьць рады каранавірусу, і фармулюе станоўчыя наступствы пандэміі для чалавецтва.

Чытаць далей >>

13:35 22.5.2020

«Нашэньне масак — асабісты выбар». Праваабаронцы праверылі, ці выконваюць у выбарчых камісіях захады бясьпекі

У Беларусі праходзяць першыя паседжаньні сфармаваных тэрытарыяльных камісій для выбараў прэзыдэнта. У Менску на некаторых зь іх ажыцьцяўляе назіраньне кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Праваабаронцы высьвятлялі таксама, як паўплывала эпідэміялягічная сытуацыя на працу выбаркамаў.

Як расказаў назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксей Лойка, паседжаньне Фрунзэнскага выбаркаму ў Менску праводзілася ў актавай залі адміністрацыі. Такое рашэньне прынятае дзеля забеспячэньня фізычнага дыстанцыяваньня паміж чальцамі камісіі і назіральнікамі. На ўваходзе ў будынак дзяжурная супрацоўніца міліцыі вымярала наведнікам тэмпэратуру.

Крыху іншая сытуацыя была падчас паседжаньня Менскай абласной выбарчай камісіі.

Чытаць далей >>

13:37 22.5.2020

Tut.by: звольнілі галоўнага доктара хуткай дапамогі Бабруйску, дзе не далі БТ зьняць «прыгожы сюжэт» пра даплаты

Як расказалі Tut.by мэдыкі «хуткай дапамогі» з Бабруйску, пазбавіўся пасады галоўны доктар Бабруйскай станцыі хуткай дапамогі Сяргей Чудаў.

Паводле крыніц выданьня, абавязкі звольненага будзе выконваць ягоная намесьніца Натальля Вежнавец. Яна заявіла Tut.by, што «ўсё па-ранейшаму», Чудаў застаецца галоўным. Але крыніцы выданьня сьцьвярджаюць, што ён працуе апошні дзень.

13:38 22.5.2020

У Расеі за суткі ад каранавірусу памерла найбольшая колькасьць людзей ад пачатку эпідэміі

У Расеі за мінулыя суткі ад каранавіруснай інфэкцыі памерлі 150 чалавек. Гэта самая вялікая колькасьць сьмерцяў за суткі ад пачатку эпідэміі. Усяго ў краіне ад COVID-19, паводле афіцыйных дадзеных, памерлі 3249 чалавек.

За мінулыя суткі ў Расеі выявілі 8894 новыя выпадкі — гэта на 45 чалавек больш, чым на суткі раней. Агульная колькасьць інфікаваных дасягнула 326 448, паведамляе апэратыўны штаб.

Паправіліся за дзень больш за 7 тысяч чалавек, агульная колькасьць акрыялых дасягнула амаль 100 тысяч.

Больш за ўсё новых выпадкаў інфікаваньня па-ранейшаму ў Маскве — каля 3 тысяч. Масква і Маскоўская вобласьць на працягу доўгага часу забясьпечвалі асноўны рост распаўсюджваньня хваробы ў краіне. Цяпер гэта адбываецца за кошт іншых рэгіёнаў.

13:40 22.5.2020

Сусьветны банк дасьць Беларусі 90 млн эўра на барацьбу з COVID-19

Сусьветны банк зацьвердзіў 22 траўня пакет фінансавай падтрымкі на 90 млн эўра для барацьбы з пандэміяй каранавірусу.

У банку адзначаюць, што праект прынясе максымальныя вынікі пры выкананьні рэкамэндацыяў аб сацыяльным дыстанцыяваньні, якіх беларускія ўлады не выконваюць.

Праект бязвыплатнай пазыкі, як піша Сусьветны банк, дапаможа задаволіць неадкладныя патрэбы сыстэмы аховы здароўя ў мэдычным абсталяваньні, вырабах мэдычнага прызначэньня і навучаньні пэрсаналу для вядзеньня выпадкаў інфэкцыі COVID-19 цяжкай ступені, у тым ліку праз забесьпячэньне сучаснымі апаратамі штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, абязбольвальнымі сродкамі і антыбіётыкамі, а таксама сродкамі індывідуальнай абароны для работнікаў арганізацыяў аховы здароўя.

Таксама праект накіраваны на «ўзмацненьне патэнцыялу» лябараторыяў сыстэмы аховы здароўя і службаў эпідэміялягічнага кантролю, куплю тэст-сыстэмаў, сродкаў лябараторнай гігіены і іншага, аўтамабіляў хуткай дапамогі з адпаведным абсталяваньнем.

14:36 22.5.2020

Прататып вакцыны абараніў малпаў ад каранавірусу

Прататыпная вакцына, распрацаваная навукоўцамі-вірусолягамі ў Бостане, абараняе малпаў ад каранавірусу, даючы надзею на стварэньне эфэктыўнай вакцыны для чалавека. Пра гэта паведамляе The New York Times, спасылаючыся на дасьледаваньні, праведзеныя ў мэдычным цэнтры Beth Israel Deaconess у Бостане. Вынікі дасьледаваньняў былі апублікаваныя ў часопісе Science на гэтым тыдні.

15:47 22.5.2020

У Расеі паведамілі аб неафіцыйным пасьпяховым выпрабаваньні вакцыны на людзях


Супрацоўнікі Нацыянальнага дасьледчага цэнтру эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Гамалеі Міністэрства аховы здароўя Расеі праверылі на сабе патэнцыйную вакцыну ад каранавірусу SARS-CoV-2. Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на дырэктара цэнтру, акадэміка РАН Аляксандра Гінцбурга.

Паводле яго слоў, у выпрабаваньнях бралі ўдзел распрацоўшчыкі вакцыны, арганізатары даклінічных дасьледаваньняў і тэхнолягі. Ні ў кога зь іх ня ўзьнікла пабочных эфэктаў, "усе жывыя, здаровыя і радуюцца", сказаў Гінцбург. Дакладную колькасьць выпрабавальнікаў акадэмік не назваў.

Навуковец удакладніў, што распрацоўнікі ня столькі выпрабавалі на сабе вакцыну, "колькі абаранілі сябе, для таго каб працягваць яе распрацоўку ва ўмовах пандэміі".

Гаворка ідзе пра вэктарную вакцыну на аснове ДНК адэнавірусу, у якую ўбудаваны ген новага каранавірусу. Цяпер праходзіць фінальны этап даклінічных выпрабаваньняў. Клінічныя выпрабаваньні вакцыны, паводле акадэміка, могуць завяршыцца да канца лета.

16:00 22.5.2020

У папраўчай установе адкрытага тыпу № 15 у Бабруйску ёсьць хворыя на каранавірус

Гэтую інфармацыю карэспандэнту Свабоды пацьвердзіла прэсавы сакратар МУС Вольга Чамаданава. Атрымаць больш падрабязную інфармацыю ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў пакуль не ўдалося.

Тыя, хто адбывае пакараньне на бабруйскай «хіміі», паведамілі Свабодзе, што ў іх бралі мазкі з носа і горла, а таксама аналіз крыві. 17 чалавек, паводле крыніц Радыё Cвабода, накіравалі ў магілёўскую абласную бальніцу. Частку людзей ізалявалі, усіх зьнялі з працы.

17:23 22.5.2020

Аўстрыя забараніла авіярэйсы зь Беларусі​

Ад 23 траўня Аўстрыя забараніла пасажырскія авіярэйсы зь Беларусі, піша Austrianaviation.net.

Палёты спынілі да 14 чэвеня, паведамілі Tut.by у «Белавіі». Штодзённыя рэйсы паміж Менскам і Венай авіякампанія адкрыла 25 красавіка.

Акрамя Беларусі палёты ў Аўстрыю забаранілі пасажырскім рэйсам з Кітая, Ірана, Італіі, Францыі, Гішпаніі, Вялікабрытаніі, Нідэрляндаў, Украіны і Расеі.

Раней аэрапорты для беларускіх рэйсаў закрыла Эстонія. Адменены ўсе рэйсы Менск — Талін — Менск на 25-7 чэрвеня.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG