У Новай Зэляндыі больш няма інфікаваных каранавірусам
Апошні пацыент, які лячыўся ад COVID-19, у нядзелю быў абвешчаны здаровым. На працягу апошніх двух тыдняў у краіне ня выявілі ніводны выпадак заражэньня.
У панядзелак Новая Зэляндыя адмяняе ўсе абмежаваньні, зьвязаныя з эпідэміяй, за выключэньнем аднаго: межы застануцца пакуль закрытымі.
У сувязі з каранавірусам прызыўнікі будуць прымаць прысягу бяз родных
У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў Беларусі ў гэтым годзе не было ўрачыстай адпраўкі прызыўнікоў у войска, а цяпер прынятае рашэньне, што прысяга пройдзе бяз родных і блізкіх.
Сама цырымонія прысягі застанецца нязьменнай, а з самых масавых месцаў прыняцьця прысягі — 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтру і з вайсковай часткі ў Марʼінай горцы — арганізуюць онлайн-трансьляцыю цырымоніі, распавяла прадстаўніца Мінабароны Натальля Гаўрусік. Бацькі могуць падрыхтаваць відэавіншаваньні сынам-прызыўнікам, іх пакажуць падчас урачыстых імпрэзаў пасьля прысягі.
На першы самалёт у Альбанію раскупілі усе квіткі. У якія яшчэ краіны могуць трапіць беларусы?
Праз 3 дні беларусы змогуць паляцець у Альбанію, праз тыдзень — у Чарнагорыю. З 2 ліпеня беларусаў чакаюць Турэччына і Эгіпет. А вось краіны Эўразьвязу пакуль не сьпяшаюцца адкрываць свае межы — нават з наяўнасьцю адмоўных тэстаў на COVID-19. Дакумэнты на шэнген прымаюць у вельмі абмежаванага кола беларусаў. І пэўнасьці наконт зьменаў пакуль няма.
Альбанія, Турэччына, Чарнагорыя і Эгіпет — вельмі папулярныя напрамкі ў беларусаў, бо ехаць туды можна бязь візы. У якія краіны могуць ехаць у адпачынак беларусы, чытайце ў матэрыяле па спасылцы.
У сувязі з каранавірусам работнікам дзіцячых лягераў забароняць пакідаць іх тэрыторыю
У сувязі з распаўсюджваньнем COVID-19, для кругласуткавых дзіцячых аздараўленчых лягераў у Беларусі распрацавалі часовыя рэкамэндацыі па папярэджаньні завозу інфэкцый:
- перад накіраваньнем на працу ў лягеры іх работнікі павінны прайсьці 5-дзённую самаізаляцыю,
- лягеры будуць працаваць у закрытым рэжыме: усе работнікі павінны знаходзіцца на тэрыторыі лягера пастаянна,
- дзецям і работнікам лягера будуць штодня мераць тэмпэратуру,
- дзяцей з прыкметамі захворваньня будуць зьмяшчаць у спэцыяльныя ізалятары.
У лягерах зь дзённым знаходжаньнем
- у групах павінна быць ня больш за 15 чалавек,
- будуць прытрымлівацца сацыяльнага дыстанцыяваньня,
- праводзіць пастаянную дэзынфэкцыю памяшканьняў,
- праграмы для дзяцей скарэктуюць так, каб яны больш часу праводзілі на адкрытым паветры,
- штодня дзяцей будуць аглядаць мэдыкі.
Гэтым летам у дзіцячых лягерах Беларусі плянуюць аздаравіць каля 180 тысяч дзяцей, зь іх 100 тысяч — у кругласуткавых лягерах, піша БелаПАН. Дзённыя лягеры пачалі працаваць 1 чэрвеня, з 15 чэрвеня пачнуць працу кругласуткавыя лягеры.
Сусьветная арганізацыя здароўя: сытуацыя з каранавірусам глябальна пагаршаецца, насіце маскі
Генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрас Аданом Гебрэесус заявіў 8 чэрвеня аб пагаршэньні сытуацыі з пандэміяй COVID-19 у сьвеце. Ён нагадаў, што агульная колькасьць выпадкаў COVID-19 дасягнула 7 мільёнаў, колькасьць памерлых — 400 тысяч. Хоць сытуацыя ў Эўропе паляпшаецца, глябальна яна пагаршаецца, адзначыў ён. Таксама ён адзначыў рост новых выпадкаў ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі.
Каля 75% новых выпадкаў паходзяць з 10 краінаў, большасьць зь якіх у Амэрыках і Паўднёвай Азіі, дадаў кіраўнік WHO. За 8 чэрвеня найбольшы прырост выпадкаў новага каранавірусу далі ЗША, Бразылія, Расея, Індыя, Пакістан, Чылі, Мэксыка, Саудаўская Арабія, Пэру і Банглядэш (Беларусь на 21-м месцы ў гэтым паказьніку). Цалкам чытайце па спасылцы.
Звыш 50 тысяч выпадкаў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 9 чэрвеня
Паводле міністэрства аховы здароўя, на 9 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 50 265 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 282 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 24 506 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 812 выпадкаў і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, а выпісалі 626 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» перастала спадаць, зноў расьце ўжо трэці дзень запар — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 25 477;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 644 160 тэсты (11 167 за дзень);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы міністэрства няспынна расла да апошніх дзён — толькі 3–6 чэрвеня выпісвалі больш, чым выяўлялі новых хворых. Затым колькасьць «актыўных выпадкаў» працягнула расьці.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
Тры сюрпрызы пра каранавірус
Новае адкрыцьцё: цяжкасьць хваробы COVID залежыць ад групы крыві. У якой групы найбольшыя шанцы захварэць? І яшчэ дзьве навіны.
Каранавірус ва Ўхані мог быць яшчэ ў жніўні 2019, — дасьледаваньне
Як паведамляе брытанскае выданьне The Guardian, у дасьледаваньні, праведзеным навукоўцамі з Гарвардзкай мэдычнай школы, Бостанскага ўнівэрсытэту аховы здароўя і Бостанскага дзіцячага шпіталя, аналізаваліся здымкі, зробленыя са студзеня 2018 да красавіка 2020 году. Было выяўлена «рэзкае павелічэньне» колькасьці транспартных сродкаў, пачынаючы са жніўня 2019 году, якое дасягнула максымуму ў сьнежні.
«Мяркуем, што заразіўся COVID-19 у хуткай альбо ў рэанімацыі». Памёр 39-гадовы бацька дваіх малых дзяцей
39-гадовы вазочнік Сяргей Кулак памёр у менскай лякарні, дзе, як мяркуюць сваякі, ён заразіўся каранавірусам. У яго засталіся бацькі, жонка і дзьве дачкі паўтара і пяці гадоў.
У даведцы аб сьмерці гаворыцца, што прычынай сьмерці стаў расьсеяны склероз і COVID-19 як суправаджальная хвароба. Сяргея пахавалі 9 чэрвеня ў закрытай дамавіне.
Памёр 55-гадовы прэзыдэнт Бурундзі. Быў на пасадзе 15 гадоў, ігнараваў каранавірус
У Бурундзі, што ў Цэнтральнай Афрыцы, памёр 55-гадовы прэзыдэнт П'ер Нкурунзіза. Прычынай сьмерці названы сардэчны прыступ. У мінулую суботу, 6 чэрвеня, Нкурунзіза адчуў сябе блага, быў дастаўлены ў клініку, дзе памёр у панядзелак, 8 чэрвеня.
У апошнія месяцы Нкурунзізу крытыкавалі за адсутнасьць захадаў у барацьбе з каранавірусам. Замест увядзеньня карантыну ён заявіў, што народ Бурундзі бароніць Усявышні.
Паводле некаторых зьвестак, удава Нкурунзізы трапіла ў шпіталь з дыягназам COVID-19, але ці заразіўся сам прэзыдэнт, не паведамляецца.
У разгар пандэміі каранавірусу — 20 траўня — у Бурундзі прайшлі прэзыдэнцкія выбары, на іх атрымаў перамогу выбраны Нкурунзізам пераемнік Эварыст Ндаішыміе.
Украіна атрымае ад МВФ $5 млрд крэдыту для пераадоленьня наступстваў каранавірусу
Выканаўчая рада Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) зацьвердзіла 18-месячнае пагадненьне аб рэзэрвовым крэдыце на 5 мільярдаў даляраў для Ўкраіны. Новая крэдытная праграма дапаможа Украіне справіцца з крызісам, выкліканым пандэміяй каранавірусу, шляхам забесьпячэньня плацежнага балянсу і бюджэтнай падтрымкі.
Беларускія ўлады таксама чакаюць дамоўленасьці з МВФ. Як расказваў БелаПАН старшы пастаянны прадстаўнік МВФ у рэгіёне Надым Ілягі, на 21 траўня беларускія ўлады і МВФ знаходзяцца «ў фазе дыскусіі». Цалкам чытайце па спасылцы.
Адпачынак у Чарнагорыі адкладаецца да 1 ліпеня. Пакуль беларусаў прымае толькі Альбанія
На падставе нарматыўных актаў Беларусі і Чарнагорыі замоўнікам рэйсу прынята рашэньне чартэрную праграму ў Ціват перанесьці на 1 ліпеня. Раней беларускія турапэратары мелі намер пачаць сэзон 16 чэрвеня.
На гэты момант Чарнагорыя зьяўляецца краінай, вольнай ад каранавірусу — тут няма ніводнага носьбіта інфэкцыі COVID-19. А вось Беларусь, наадварот, сярод эўрапейскіх лідэраў у тэмпах прыросту хворых на душу насельніцтва. Цалкам чытайце па спасылцы.
Жыхара Гомля з каранавірусам выклікалі на суд за падтрымку Ціханоўскага
У Віталя Смоліча пацьверджаны каранавірус. Ён быў шпіталізаваны ў лякарню хуткай мэдыцынскай дапамогі з хваробай сэрца. Туды яму прыходзілі SMS з суду з патрабаваньнем зьявіцца для разгляду справы.
«Я адказваў ім, што не магу прыйсьці, бо ляжу ў шпіталі. Мне з суду даслалі адказ па SMS, што ня могуць знайсьці мяне па тэлефоне. У нядзелю мне прыйшоў станоўчы тэст на каранавірус, і мяне выпісалі дахаты. І зноў прыйшла SMS, каб я 10 чэрвеня зьявіўся на суд», — расказаў Свабодзе Смоліч. Ён кажа, што і ня ведаў пра адміністрацыйны пратакол, а пра суд даведаўся толькі з SMS. «Натуральна, я нікуды не пайду з каранавірусам», — дадаў актывіст. Цалкам чытайце па спасылцы.
Упершыню выпісалі больш за 1000 чалавек за дзень. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 10 чэрвеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 10 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 51 066 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 288 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 25 667 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 801 выпадак і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, а выпісалі рэкордную колькасьць пацыентаў — 1161 чалавека;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 366 — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 25 111;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 644 160 тэсты (15 405 за дзень, рэкордна нізкі адсотак станоўчых тэстаў — 5,2%);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
«Людзі ляжаць у палатах сем’ямі». Ці ідзе на спад эпідэмія каранавірусу ў Беларусі?
Афіцыйна паведамляецца, што ўжо некалькі дзён запар у Беларусі штодзённая колькасьць тых, хто вылечыўся ад каранавірусу, перавышае колькасьць выяўленых заражаных. Напрыканцы мінулага тыдня намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан заявіла, што захворвальнасьць на COVID-19 пайшла на спад у Менску, Менскай і Віцебскай абласьцях.
Нягледзячы на зьніжэньне захворвальнасьці ў некаторых рэгіёнах краіны, чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя заклікаюць людзей захоўваць меры дыстанцыяваньня і насіць маскі ў месцах масавага збору людзей. Яны папярэджваюць, што вірус надалей цыркулюе. Ці сапраўды сытуацыя ў Беларусі паляпшаецца? Карэспандэнт Свабоды паспрабаваў знайсьці адказ на гэтае пытаньне. Чытайце матэрыял па спасылцы.
«Стаміліся баяцца...» Як каранавірус зьмяніў жыцьцё 10-тысячнай Барані
У Аршанскім раёне пандэміяй каранавірусу ахопленыя 33 паселішчы. Найбольш заражаных у райцэнтры і суседнім зь ім гарадзкім пасёлку Барань.
Барань ужо чацьвёрты месяц жыве ва ўмовах пандэміі. Яе маштаб вызначыць складана, бо афіцыйных зьвестак пра становішча з каранавірусам няма. З розных крыніцаў вядома, што першы выпадак заражэньня тут зафіксавалі 25 сакавіка. За месяц хворых паболела прынамсі ў чатыры разы. Жыхары мястэчка расказалі Свабодзе, як зьмяніла пандэмія іхнае жыцьцё. Чытайце рэпартаж па спасылцы.
У Расеі колькасьць інфікаваных каранавірусам перавысіла 490 тысяч чалавек
Паводле дадзеных на 10 чэрвеня, за апошнія суткі ў Расеі зафіксавалі 8404 новыя выпадкі каранавіруснай інфэкцыі. Усяго з пачатку распаўсюджваньня COVID-19 заразіліся 493 657 чалавек, паведамляе апэратыўны штаб. Цалкам чытайце тут.
Тры памылкі Сусьветнай арганізацыі здароўя
Парады, рэкамэндацыі і ацэнкі Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) часам не пасьпявалі за хуткім разьвіцьцём навуковых дасьледаваньняў каранавіруснай інфэкцыі, сьцьвярджаюць экспэрты і навукоўцы. У чым САЗ не пасьпявала за навукай? Тры найважнейшыя рэчы:
- На думку САЗ, перадача каранавірусу людзьмі без сымптомаў «вельмі рэдкая». Гэткая заява ад чыноўніцы САЗ прагучала яшчэ і на гэтым тыдні. Пасьля рэакцыі дасьледнікаў, САЗ назвала заяву «непаразуменьнем». Паводле некаторых дасьледаваньняў, колькасьць перадач каранавірусу носьбітамі, якія не выяўляюць сымптомаў інфэкцыі, можа дасягаць 35%-40%.
- САЗ чакала да апошняга часу з выразнай рэкамэндацыяй насіць маскі для шырокай грамадзкасьці, заяўляючы, што ёсьць замала доказаў таго, што яны засьцерагаюць ад перадачы вірусу. Практычна ўсе навукоўцы і ўрады ўжо некалькі месяцаў рэкамэндавалі маскі як адзін са сродкаў барацьбы з інфэкцыяй.
- САЗ неаднаразова заяўляла, што дробныя паветраныя кроплі або аэразолі не зьяўляюцца істотным фактарам распаўсюду пандэміі, хоць, паводле навукоўцаў, усё большая колькасьць дасьледаваньняў сьведчыць пра тое, што яны могуць быць такім фактарам.
Вядучы эпідэміёляг ЗША: «Cа стрыманым аптымізмам веру, што да канца году будзе вакцына ад COVID-19»
«Вынікі раньніх выпрабаваньняў на людзях і на жывёл былі станоўчымі. Іншымі словамі, вакцына абараняе жывёл на экспэрымэнтальнай стадыі, а людзей — на першай фазе выпрабаваньняў, — расказаў дырэктар Нацыянальнага інстытуту алергіі і інфэкцыйных захворваньняў ЗША Энтані Фаўчы. — Яны змаглі паказаць: вакцына патэнцыйна ў стане абараніць ад вірусу. Але пры гэтым вы ніколі ня можаце гарантаваць, што ў вас будзе бясьпечная і эфэктыўная вакцына. Даваць такія абяцаньні цяпер неразумна. Але мы можам асьцярожна спадзявацца, што кірунак, у якім мы рухаемся, слушны.
Дасьледаваньні на першай фазе паказалі: умераныя дозы вакцыны ня проста выклікалі зьяўленьне антыцелаў. Яны выклікалі зьяўленьне нэўтралізуючых антыцелаў. А менавіта гэтыя антыцелы блякуюць здольнасьць вірусу да рэплікацыі [размнажэньня]. Гэта вельмі добры знак».
Трэці і апошні этап дасьледаваньняў вакцыны ад кампаніі Moderna павінен пачацца ў ліпені. Адначасова ў ліпені пачынаецца і вытворчасьць першых вакцын, без чаканьня вынікаў трэцяга этапу. Як выказаўся Энтані Фаўчы, «мы распрацоўваем вакцыну, усьведамляючы рызыкі»:
«Мы рызыкуем толькі грашыма. Мы не рызыкуем бясьпекай людзей, мы не рызыкуем цэласнасьцю навуковага дасьледаваньня».
У Маскве пералічылі памерлых ад COVID-19. Аказалася ў паўтара раза больш
Улады Масквы паведамілі, што ў траўні ў расейскай сталіцы ад каранавірусу памерлі 2757 чалавек. Гэта амаль у паўтара разы больш, чым паведамляў раней фэдэральны апэратыўны штаб, паводле якога памерлі 1895 чалавек.
Паводле інфармацыі Дэпартамэнта аховы здароўя Масквы, у статыстыку сьмерцяў ўключаныя спрэчныя выпадкі, у прыватнасьці, сьмерць 433 чалавек, у якіх тэст на каранавірус быў адмоўным, аднак клінічныя прыкметы пасьля ўскрыцьця паказвалі на COVID-19.
Яшчэ 2503 чалавекі, паводле маскоўскай мэрыі, былі інфікаваныя каранавірусам, але «памерлі зь іншых прычынаў». У іншых краінах мэтадалёгія адрозьніваецца: шмат дзе такіх памерлых уключаюць у агульную статыстыку сьмяротнасьці ад COVID-19, як раіць Сусьветная арганізацыя здароўя.