Уручэньне «Оскара» адклалі. Такое адбывалася толькі тройчы за ўсю гісторыю прэміі
93-ю цырымонію ўручэньня «Оскара» перанесьлі ў сувязі з тым, што эпідэмія прымусіла прыпыніць працу над некаторымі фільмамі, якія павінны былі быць выпушчаныя да канца году. Замест 28 лютага цырымонія пройдзе 25 красавіка. Арганізатары ссунулі тэрміны прэзэнтацыі фільмаў і падачы заявак на намінацыю.
Намінацыі будуць абвешчаныя 15 сакавіка наступнага году. Рашэньне аб тым, ці будзе цырымонія праходзіць онлайн, яшчэ не прынятае. Цалкам сытайце па спасылцы.
У Пэкіне спынілі школьныя заняткі ў сувязі з новай успышкай каранавірусу
Пэкін 16 чэрвеня павысіў узровень рэагаваньня на надзвычайную сытуацыю ў сфэры аховы здароўя з трэцяга да другога. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі гарадзкіх уладаў.
Пачатковыя і сярэднія школы гораду часова спыняюць заняткі, навучэнцам ВНУ забаранілі вяртацца на тэрыторыю кампусаў. Акрамя таго, увялі забарону на наведваньне Пэкіну турыстычнымі групамі зь іншых рэгіёнаў Кітаю. У горадзе прыпынілі правядзеньне культурна-масавых, забаўляльных і спартовых імпрэзаў.
Навукоўцы знайшлі першы прэпарат, які зьмяншае сьмяротнасьць ад COVID-19
Навукоўцы з Оксфардзкага ўнівэрсытэту заявілі 16 чэрвеня, што яны вызначылі першы прэпарат, які зьмяншае сьмяротнасьць ад заражэньня каранавірусам.
Прэпаратам аказаўся даволі танны стэроід — дэксамэтазон. Гэты лек зьменшыў сьмяротнасьць інфікаваных пацыентаў, якім рабілі штучную вэнтыляцыю лёгкіх, на траціну, а тых, якія атрымлівалі кісларод, — на 20 адсоткаў. Выпрабаваньні дэксамэтазону рабіліся на групе 6 тысяч пацыентаў, зь якіх 2 тысячы праходзілі штучную вэнтыляцыю лёгкіх або атрымлівалі кісларод.
Урад Беларусі пастанавіў забясьпечваць хворых на каранавірус бясплатнымі мэдыкамэнтамі
Савет міністраў Беларусі ўнёс вірусную інфэкцыю COVID-19 у пералік захворваньняў, якія даюць грамадзянам права на бясплатнае забесьпячэньне лекавымі сродкамі паводле рэцэптаў лекараў пры амбуляторным лячэньні, а таксама лячэбным харчаваньні.
Агулам у пераліку такіх захворваньняў цяпер каля сотні пазыцыяў. Інфэкцыю, выкліканую каранавірусам, уключылі ў сьпіс пасьля хваробы, выкліканай вірусам імунадэфіцыту чалавека.
У рэзыдэнцыі Пуціна паставілі дэзынфэкцыйны тунэль
У рэзыдэнцыі прэзыдэнта Расеі ў Нова-Агарове паставілі тунэль для дэзынфекцыі. Тунэль распрацавала пензенская кампанія. У ім на чалавека распыляюць дэзынфэкцыйную рошчыну.
Як паведамляў у канцы красавіка прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў, Уладзімір Пуцін праз пагрозу каранавірусу скараціў колькасьць вочных сустрэчаў і трымае сацыяльную дыстанцыю пры зносінах з памочнікамі і наведнікамі. Усе супрацоўнікі адміністрацыі і наведнікі прэзыдэнта праходзяць тэставаньне на COVID-19.
Прэзыдэнт Гандурасу расказаў, што заразіўся COVID-19. Хворыя ягоныя памочнікі і ягоная жонка
Прэзыдэнт Гандурасу Хуан Арлянда Эрнандэс расказаў, што мае слабыя сымптомы і пасьля пачатку лекаваньня пачуваецца лепей. Заразіліся таксама ягоная жонка (у яе няма сымптомаў) і два памочнікі прэзыдэнта, іх лекуюць.
«Як прэзыдэнт нацыі і адказны грамадзянін, хачу паведаміць, што ў выходныя я пачаў адчуваць дыскамфорт, і сёньня мне паставілі дыягназ —заражэньне COVID-19, — казаў Эрнандэс. — Яны раілі адпачыць, але я буду працаваць дыстанцыйна і праз памочнікаў».
Ён прымае шэраг лекаў, у тым ліку ўжывае цынк, мікрадацын і азытраміцын (лекаў ад COVID-19 няма, але ёсьць сродкі, якія зьмякчаюць сымптомы, а таксама экспэрымэнтальныя лекі, эфэктыўнасьць якіх пакуль не даказалі — азытраміцын у ліку апошніх).
Самалёты «Белавія» ўжо лятаюць у 20 краін сьвету. Якія перасьцярогі ад COVID-19 застаюцца?
19 чэрвеня авіякампанія «Белавія» аднаўляе наўпроставыя рэйсы зь Менску ў Харкаў і назад. Пералёты будуць штодзённыя. Раней зь беларускай сталіцы ўжо можна было вылецець у Кіеў, Адэсу, таксама анансуюць палёты ў Львоў.
Пры гэтым пасажыры мусяць выконваць шэраг патрабаваньняў. У прыватнасьці, для ўезду ва Ўкраіну неабходны страхавы поліс, а для асобаў з праблемных з прычыны каранавірусу тэрыторыяў — самаізаляцыя. Людзей бяз масак на пасадку не пускаюць.
Выключэньні — для супрацоўнікаў дыпляматычных прадстаўніцтваў і міжнародных місіяў; чальцоў экіпажаў транспартных сродкаў, паветраных, марскіх суднаў і лякаматыўных брыгадаў, калі няма падставаў меркаваць, што яны былі ў кантакце з хворым COVID-19.
У сваю чаргу іншаземцы, якія прыляцелі ў Беларусь, мусяць прайсьці тэмпэратурны скрынінг і абавязковую 14-дзённую самаізаляцыю. Таксама замежным грамадзянам спатрэбіцца мэдычная страхоўка, якая пакрывае лячэньне COVID-19.
Рэкорд: за дзень выпісалі амаль паўтары тысячы чалавек. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 17 чэрвеня
Паводле міністэрства, на 17 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 56 032 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 324 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 32 735 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 663 выпадкі і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі рэкордную колькасьць пацыентаў за ўвесь час — 1462 чалавек (раней пяць дзён запар колькасьць выпісаных вагалася ў вышэйшым дыяпазоне: 976–1351);
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 805 — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 22 973;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 778 935 тэстаў (18 386 на дзень, рэкордна нізкі адсотак станоўчых: 3,61%);
«Бесчалавечнае абыходжаньне з апанэнтамі». Беларускія праваабаронцы зьвярнуліся ў ААН
У Маскве 17 чэрвеня пачаліся клінічныя выпрабаваньні дзьвюх формаў вакцыны супраць каранавіруснай інфэкцыі COVID-19. Вакцына распрацаваная Нацыянальным дасьледчым цэнтрам эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Н. Ф. Гамалеі (НДЦЭМ), паведаміла Міністэрства аховы здароўя Расеі.
У вайсковым шпіталі імя Бурдэнкі будзе выпрабоўвацца вадкая вакцына, прызначаная для ўнутрымышачнага ўвядзеньня, а ў Сечанаўскім унівэрсытэце — вакцына ў выглядзе парашка, рошчыну зь якога для ўвядзеньня ў мышцу будуць рыхтаваць на месцы. У кожным выпадку ў выпрабаваньнях возьмуць удзел па 38 добраахвотнікаў.
Плянуецца адкрытае дасьледаваньне I-II фазы на добраахвотніках бяз групы кантролю. Пры такіх выпрабаваньнях не прадугледжваецца ўвядзеньне плацэба. Паводле дадзеных рэестра дазволаў Міністэрства аховы здароўя, дата заканчэньня выпрабаваньняў — сьнежань 2020 году, адзначае «Фармацэўтычны весьнік».
Пра хуткае зьяўленьне вакцыны прэзыдэнту пад камэры дакладвалі міністар аховы здароўя Міхаіл Мурашка, віцэ-прэм’ер Дзьмітры Чарнышэнка, які анансаваў масавую вакцынацыю расейцаў восеньню 2020 году, і мэр Масквы Сяргей Сабянін, які аказаўся самым вялікім скептыкам, назваўшы тэрмінам пачатку вакцынацыі сьнежань.
Ва Ўкраіне падоўжылі карантын да 31 ліпеня. Але ён будзе адаптыўным для кожнага рэгіёну
Кабінэт міністраў Украіны вырашыў падоўжыць карантын да 31 ліпеня ў сувязі з павелічэньнем захворвальнасьці на COVID-19. Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль дадаў, што што разумее стомленасьць украінцаў ад карантыну, але пагроза пашырэньня каранавірусу пакуль не пераадоленая.
«Сёньня мы таксама разгледзім прапанаваны Міністэрствам аховы здароўя падыход да адаптыўнага карантыну, які прадугледжвае магчымасьць узмацненьня карантыну ў асобных рэгіёнах, калі будзе такая неабходнасьць», — заявіў Дзяніс Шмыгаль. Цалкам чытайце па спасылцы.
Украіна вырашыла аднавіць памежны рух зь Беларусьсю і Расеяй, нягледзячы на каранавірус
Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў рашэньне аднавіць памежны рух у пунктах пропуску на дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю і Расеяй. Дакладнай даты пакуль не называюць.
У прыватнасьці, плянуецца аднавіць пешаходны рух для грамадзян Украіны і рух аўтамабільнага транспарту ў двух пунктах пропуску:
- «Дольск» (Валынская вобласьць) — «Махро» (Берасьцейская вобласьць, Янаўскі раён) і
- «Вільча» (Кіеўская вобласьць) — «Аляксандраўка» (Гомельская вобласьць, Нараўлянскі раён).
Усяго ж на беларуска-ўкраінскай мяжы 12 пунктаў пропуску. Падрабязнасьці тут.
У ліпені ў Віцебску вырашылі правесьці «Славянскі базар», нягледзячы на пандэмію
XXIX Міжнародны фэстываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 16 па 20 ліпеня. У адрозьненьне ад многіх іншых летніх імпрэзаў, яго не адмянілі ў сувязі з каранавірусам.
Сёлета ўсе імпрэзы пройдуць на адкрытых пляцоўках. На пытаньне Tut.by, ці ўвядуць на фэстывалі абавязковы масачны рэжым і іншыя меры засьцярогі ад каранавірусу, міністар культуры Юры Бондар адказаў, што «будзе рэкамэндацыя па масачным рэжыме — будзе масачны рэжым». Тое ж самае тычыцца і рассаджваньня гледачоў праз аднаго: пакуль такія меры не плянуюцца, але калі будуць рэкамэндацыі — «будзем выконваць», сказаў Бондар.
«Нармальныя людзі [ходзяць] бяз маскі. Рассаднік мікробаў. Нікога не хачу пакрыўдзіць, але не магу дыхаць. Нешта перашкаджае, — дадаў Юры Бондар. — Вось [дырэктар фэстывалю] Лапіцкі — ніякіх масак. Сучасны малады чалавек». Цалкам чытайце па спасылцы.
У Расеі пачаліся клінічныя выпрабаваньні вакцыны ад каранавірусу
У Маскве 17 чэрвеня пачаліся клінічныя выпрабаваньні дзьвюх формаў вакцыны супраць COVID-19. Вакцына распрацаваная Нацыянальным дасьледчым цэнтрам эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Н. Ф. Гамалеі (НДЦЭМ).
У вайсковым шпіталі імя Бурдэнкі будзе выпрабоўвацца вадкая вакцына, прызначаная для ўнутрымышачнага ўвядзеньня, а ў Сечанаўскім унівэрсытэце — вакцына ў выглядзе парашка, рошчыну зь якога для ўвядзеньня ў мышцу будуць рыхтаваць на месцы. У кожным выпадку ў выпрабаваньнях возьмуць удзел па 38 добраахвотнікаў. Далей чытайце па спасылцы.
Расейскія ўлады ізалявалі вэтэранаў, якія будуць глядзець парад разам з Пуціным
Каля 80 вэтэранаў Другой усясьветнай вайны, якія маюць прысутнічаць на парадзе ў Маскве 24 чэрвеня разам з Уладзімірам Пуціным, адправілі ў карантын. Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на двух чыноўнікаў, знаёмых з падрыхтоўкай да акцыі.
Сёлета традыцыйны парад у гонар Дня Перамогі перанесьлі з 9 траўня на 24 чэрвеня і абвясьцілі гэты дзень выходным. Большасьці ўдзельнікаў вайны цяпер сама меней 93 гады.
Плянуецца, што Пуцін будзе на трыбуне на Краснай плошчы разам з удзельнікамі вайны. Рашэньне ізаляваць іх — частка захадаў абароны Пуціна ад каранавірусу, — адзначае агенцтва. Яно папрасіла камэнтар у прэс-сакратара расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Пяскова, але ён не адказаў.
У рэзыдэнцыі Пуціна ў Нова-Агарове для абароны ад каранавірусе паставілі адмысловы дэзынфэкцыйны тунэль. Раней стала вядома, што ўдзельнікам сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі мераюць тэмпэратуру і яны здаюць тэсты на каранавірус.
Нурсултан Назарбаеў заразіўся каранавірусам
Першы прэзыдэнт Казахстану 79-гадовы Нурсултан Назарбаеў заразіўся каранавірусам і знаходзіцца на самаізаляцыі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, разьмешчаным на сайце першага прэзыдэнта Казахстану.
«На жаль, апошні тэст елбасы (лідэра нацыі — РС) на каранавірусную інфэкцыю даў станоўчы вынік. Падставы для неспакою няма. Нурсултан Назарбаеў працягвае працаваць дыстанцыйна», — гаворыцца ў паведамленьні.
Пэкін уводзіць «ваенныя» захады ў барацьбе з новым усплёскам COVID-19. ФОТАРЭПАРТАЖ
Сытуацыя з каранавірусам у кітайскай сталіцы «надзвычай сур'ёзная», папярэдзіў афіцыйны прадстаўнік гораду 16 чэрвеня, калі ў Пэкіне зарэгістравалі 27 новых выпадкаў COVID-19. Галоўны эпідэміёляг Кітайскага цэнтру кантролю і прафіляктыкі захворваньняў адзначыў, што крыніцай апошняй эпідэміі маглі стаць альбо заражаныя морапрадукты, альбо мяса з рынку, альбо наведнік ці работнік, які несьвядома быў заражаны вірусам.
«Ніякага спаду няма і бліжэйшым часам ня будзе», — каардынатар кампаніі #ByCovid19, які перахварэў на каранавірус
«Пандэмія не ідзе на спад», — лічыць адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі #ByCovid19 Андрэй Стрыжак, які лечыцца ад пнэўманіі ў выніку перанесенай каранавіруснай інфэкцыі. Стрыжак расказвае, як выбарчая кампанія паўплывала на працу #ByCovid19 і колькі грошай беларусы ахвяравалі на змаганьне з пандэміяй. Чытайце інтэрвію цалкам па спасылцы.
Навукоўцы спрабуюць вырасьціць антыцелы да каранавірусу ў лябараторыі
Наймацнейшы сродак чалавечага арганізму для барацьбы з захворваньнямі — антыцелы — лекары спрабуюць вырасьціць у лябараторыі, каб потым выкарыстоўваць яго для лячэньня COVID-19.
Пра гэта паведамляе Голас Амэрыкі, дадаючы, што як мінімум шэсьць кампаній плянуюць выпрабоўваць антыцелы на пацыентах з каранавірусам гэтым летам.
Хто з кіраўнікоў дзяржаваў захварэў на каранавірус. ВІДЭА
Сёньня каранавірус быў дыягнаставаны ў старшыні Рады бясьпекі, першага прэзыдэнта Казахстану. Напярэдадні — у жонкі прэзыдэнта Ўкраіны, у прэм’ер-міністра Армэніі, у прэзыдэнта Гандурасу. У якіх яшчэ краінах прадстаўнікі палітычнай эліты і іх сем'і захварэлі на COVID.
Прызналі яшчэ сем сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 18 чэрвеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі, на 18 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 56 657 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 331 памёр, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 34 023 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 625 выпадкаў і прызналі яшчэ 7 сьмерцяў, выпісалі 1288 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 670 — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 22 303;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 800 435 тэстаў, учора (17 чэрвеня) — рэкордныя 21 500 тэстаў за дзень (і рэкордна нізкі адсотак станоўчых тэстаў: 2,91%).