Мэтай таемнага перапахаваньня было схаваць доказы злачынстваў, бо Башар Асад спрабаваў аднавіць свой міжнародны аўтарытэт.
Reuters пагутарыла з 13 чалавекамі, якія непасрэдна сутыкаліся з двухгадовай апэрацыяй перамяшчэньня целаў, азнаёмілася з дакумэнтамі ад службовых асобаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай апэрацыі, і прааналізавала сотні спадарожнікавых здымкаў абодвух пахаваньняў, зробленых за некалькі гадоў.
Апэрацыя працягвалася з 2019 па 2021 год, яе мэтай было схаваць злачынствы ўраду Башара Асада. 14 кастрычніка агенцтва Reuters паведаміла цяперашняму ўраду Сырыі аб выніках свайго расьсьледаваньня.
Агенцтва не раскрывае дакладнае месца знаходжаньня пахаваньня, каб ня даць зламысьнікам магчымасьці пашкодзіць магілу.
Паводле зьвестак агенцтва Reuters, пахаваньне ў пустэльні Думайр складаецца як мінімум з 34 траншэяў даўжынёй 2 кілямэтры. Гэта адно з самых маштабных пахаваньняў, узьнклых падчас грамадзянскай вайны ў Сырыі.
Словы відавочцаў і памеры новага могільніку сьведчаць, што там могуць быць пахаваныя дзясяткі тысяч людзей.
Урад Асада пачаў хаваць загінулых у Кутайфе прыкладна ў 2012 годзе, на пачатку грамадзянскай вайны. З словаў відавочцаў, у масавай магіле былі целы салдатаў і зьняволеных, якія памерлі ў турмах і вайсковых шпіталях дыктатара.
Сырыйскі праваабаронца выкрыў могільнік у Кутайфе, у 2014 годзе апублікаваўшы ў мясцовых мэдыя фатаграфіі, якія раскрываюць існаваньне магілы і яе месца на ўскраіне Дамаску. Яе лякалізацыя стала вядомай празь некалькі гадоў з судовых паказаньняў і паведамленьняў СМІ.
Паводле відавочцаў, якія ўдзельнічалі ў апэрацыі, па чатыры ночы штотыдзень зь лютага 2019 па красавік 2021 году з Кутайфы ў пустэльню Думайр езьдзілі ад шасьці да васьмі грузавікоў, напоўненых зямлёй і чалавечымі парэшткамі.
Ад былога прэзыдэнта Асада, які цяпер у Расеі, і некалькіх вайскоўцаў, якіх сьведкі назвалі ключавымі асобамі апэрацыі, агенцтва не змагло атрымаць камэнтары. Пасьля падзеньня дыктатуры ў канцы мінулага году Асад і многія яго памочнікі ўцяклі з краіны.
Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі
- З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
- Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
- 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
- Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
- На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
- На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
- У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
- 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
- На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
- «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.
Форум