Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне затрымалі беларуса, каб мабілізаваць у войска. Яго сястра заявіла аб незаконным яго ўтрыманьні


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Белгарад-Днястроўскім, што ў Адэскай вобласьці, супрацоўнікі раённага тэрытарыяльнага цэнтру камплектаваньня і сацыяльнай падтрымкі (ТЦК выконваюць ва Ўкраіне функцыі вайсковага камісарыяту. — РС) у канцы верасьня затрымалі 45-гадовага грамадзяніна Беларусі, каб адправіць на вайну.

Пасьля затрыманьня яго адвезьлі для праходжаньня мэдычнай камісіі, на падставе высновы якой беларуса зьбіраліся мабілізаваць у войска. Але ён адмаўляўся.

Як стала вядома Свабодзе з набліжаных да праваахоўных органаў крыніц, яго трымалі ў ТЦК сама меней тры дні. Ад моманту затрыманьня ягоная родная сястра дабівалася, каб яго вызвалілі, і патрабавала завесьці крымінальную справу супраць супрацоўнікаў ТЦК паводле факту «перавышэньня вайсковай асобай службовых паўнамоцтваў» і «незаконнага пазбаўленьня волі чалавека». Але суд адмовіўся адкрыць справу нават для разгляду яе скаргі.

Паводле сястры беларуса, вайскоўцы ТЦК чынілі на яго фізычны і псыхалягічны ціск, а затрымалі незаконна і супраць яго волі.

Як паведамілі Свабодзе ў Белгарад-Днястроўскім раённым тэрытарыяльным цэнтры камплектаваньня, неўзабаве грамадзяніна Беларусі вызвалілі.

«Яго выпусьцілі. У войска ён не пайшоў, але знаходзіўся ён у нас законна», — сказаў дзяжурны ТЦК.

Ва Ўкраіне ў вышуку знаходзяцца прыблізна 1,5 мільёна мужчын прызыўнога ўзросту праз тое, што яны не абнавілі свае зьвесткі ў тэрытарыяльных цэнтрах камплектаваньня.

З студзеня 2022 году па верасень 2025 году зарэгістравалі 235 646 крымінальных спраў за самавольнае пакіданьне вайсковай часткі, а 53 954 — за дэзэртырства.

Ад пачатку 2025 году ва Ўкраіне адкрылі 47 046 справаў аб парушэньні правілаў вайсковага ўліку — амаль столькі ж, колькі за ўвесь 2023 год.

Ва ўкраінскіх выданьнях пэрыядычна зьяўляецца інфармацыя аб тым, як украінскія рэкрутэры, змагаючыся за павелічэньне колькасьці жывой сілы на фронце па меры прасоўваньня расейскіх войскаў і ўзмацненьня заклапочанасьці адносна будучай падтрымкі Захаду, праводзяць рэйды па канцэртах, клюбах і кавярнях у пошуках людзей, якія, магчыма, ухіляюцца ад вайсковай службы.

Праз такія выпадкі ў 2024 годзе ва Ўкраіне адбылося некалькі выпадкаў падрыву ТЦК і нападаў на іх прадстаўнікоў. Улады Ўкраіны сьцьвярджалі, што гэта адбываецца пад куратарствам расейскіх спэцслужбаў, каб сарваць мабілізацыю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG