Высокапастаўлены беларускі дыплямат правёў перамовы з эўрапейскімі калегамі ў Парыжы пасьля таго, як амбасада Беларусі ў Францыі ў верасьні разаслала запрашэньні на такую сустрэчу, піша Reuters.
Эўрапейскія дыпляматы назвалі гэта спробай паслабіць ізаляцыю Менску пасьля пацяпленьня яго адносінаў з Вашынгтонам пры Дональду Трампу.
Высокапастаўленыя чыноўнікі зь Беларусі ў асноўным былі пэрсонамі нон-грата ў Эўразьвязе з таго часу, як той увёў санкцыі пасьля маштабнага здушэньня пратэстаў апазыцыі супраць спрэчных выбараў у 2020 годзе. Санкцыі неаднаразова ўзмацнялі, бо Менск падтрымаў уварваньне Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
Але прынамсі адзін эўрапейскі дыплямат заявіў, што нядаўна сустрэўся зь Юрыем Амбразевічам, былым намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі, у сакавіку прызначаным амбасадарам Менску ў Ватыкане і адказным за сувязь з эўрапейскімі краінамі.
З словаў дыплямата, Амбразевіч імкнуўся давесьці, што Беларусь хоча парушыць сваю палітычную ізаляцыю і можа адыграць пэўную ролю ў пошуку перамоўнага рашэньня для Расеі і Ўкраіны, а таксама ў будучых перамовах аб эўрапейскай бясьпецы.
Пасольства Беларусі ў Парыжы, дзе Амбразевіч таксама акрэдытаваны пасланьнікам пры UNESCO, у канцы верасьня разаслала у шэраг місіяў эўрапейскіх краін электронныя запрашэньні для дыпляматаў на сустрэчу зь ім.
У электронным лісьце, з копіяй якога знаёмае агенцтва, гаварылася, што Амбразевіч «цяпер нефармальна адказвае за каардынацыю дыпляматычных кантактаў Беларусі ў сталіцах Заходняй Эўропы», і прапаноўваліся сустрэчы ў Парыжы 6, 8 або 9 кастрычніка.
У пасольстве Беларусі агенцтву Reuters паведамілі, што Амбразевіч «запытаў некалькі сустрэчаў з калегамі-пасламі, акрэдытаванымі ў Францыі, у адпаведнасьці з стандартнай дыпляматычнай практыкай».
Тры іншыя эўрапейскія дыпляматы пацьвердзілі, што іхныя краіны атрымалі запрашэньні і што некаторыя краіны пагадзіліся на сустрэчу з Амбразевічам. Дыпляматы гаварылі на ўмовах ананімнасьці. Reuters не змагло самастойна вызначыць, колькі краін атрымалі запрашэньне і каторыя зь іх прынялі яго.
«Я думаю, што яны адчуваюць, што цяпер з Трампам адкрылася магчымасьць зьняць санкцыі, таму яны стараюцца за яе ўхапіцца», — сказаў адзін з дыпляматаў.
Апошнімі тыднямі Трамп тэлефанаваў Лукашэнку, хвалячы яго як «вельмі паважанага» лідэра. Ён адправіў у Беларусь пасланца для перамоваў, якія прывялі да вызваленьня больш як 50 палітычных зьняволеных у сярэдзіне верасьня. Узамен Вашынгтон зьмякчыў санкцыі супраць дзяржаўнай авіякампаніі «Белавія», каб даць ёй доступ да запасных частак.
Двое дыпляматаў ахарактарызавалі зварот да эўрапейцаў як прапагандысцкую атаку, накіраваную на выкарыстаньне збліжэньня з Трампам і на дэманстрацыю таго, што Менск ня цалкам залежыць ад Масквы.
«Яны кажуць, што ня хочуць эскаляцыі канфлікту, таму цяпер яны хочуць адкрыць магчымасьць дыскусіяў зь іншымі дзяржавамі і падкрэсьліць свае адрозьненьні ад Расеі», — сказаў адзін з дыпляматаў Reuters.
Амэрыканскія службоўцы кажуць, што адміністрацыя Трампа спадзяецца вывесьці Беларусь з геапалітычнай арбіты Масквы, хай сабе і да пэўнай ступені, піша Reuters. Але некаторыя эўрапейцы лічаць гэта малаімаверным, зважаючы на моцную залежнасьць Лукашэнкі — палітычную, эканамічную і вайсковую — ад свайго значна большага суседа.
Адзін з эўрапейскіх дыпляматаў, які пацьвердзіў запрашэньне сустрэцца з Амбразевічам, скептычна глядзіць на гэты зрух і адзначае пастаянную падтрымку Лукашэнкам Пуціна. Дыплямат сказаў, што адразу пасьля вызваленьня зьняволеных у верасьні ў Беларусі арыштаваныя яшчэ больш апазыцыйных дзеячоў.
У верасьні Менск і Масква правялі сумесныя вайсковыя вучэньні, а Лукашэнка прапанаваў пабудаваць ўва ўсходняй Беларусі атамную электрастанцыю, якая магла б забясьпечваць электраэнэргіяй кантраляваныя Расеяй часткі Ўкраіны.
Форум