Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва закрые мяжу зь Беларусьсю, калі сытуацыя з зондамі паўторыцца, заявілі ў Вільні


Прэм’ер-міністар Літвы Інга Ругінене
Прэм’ер-міністар Літвы Інга Ругінене

Інцыдэнт з паветранымі зондамі, якія трапілі ў Літву зь Беларусі, 22 кастрычніка абмяркоўвалі на паседжаньні Камісіі нацыянальнай бясьпекі.

У выпадку паўтарэньня сытуацыі з масавым запускам паветраных зондаў зь Беларусі ў Літву прэм’ер-міністар краіны Інга Ругінене абяцае поўнае закрыцьцё межаў з суседняй краінай, — піша BNS.

«Калі падобныя значныя перасячэньні нашай мяжы паветранымі шарамі паўторацца, мы адрэагуем тут і зараз і закрыем межы з Беларусьсю», — заявіла прэмʼер-міністар журналістам пасьля паседжаньня Камісіі па нацыянальнай бясьпецы 22 кастрычніка.

«Мы ня пойдзем на ўступкі Беларусі ў гэтым пытаньні», — дадала яна.

Паводле слоў прэмʼера, заплянаваныя і іншыя захады: узмацненьне адказнасьці за кантрабандную дзейнасьць, абмеркаванае з літоўскім бізнэсам тэхнічных мэтадаў прадухіленьня трапляньня такіх паветраных зондаў у Літву.

Пасьля таго як дзясяткі паветраных зондаў з кантрабандай уначы прыляцелі зь Беларусі ў Літву і парушылі працу Віленскага аэрапорту, кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас заявіў, што літоўскія памежнікі перахапілі 12 такіх мэтэазондаў і затрымалі чатырох чалавек, піша BNS.

Балёны, якія выкарыстоўваюць для кантрабанды цыгарэт зь Беларусі, запускалі не з аднаго месца, гэта была скаардынаваная апэрацыя, заявіў кіраўнік літоўскага Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі (НЦУК) Вілмантас Віткаўскас.

«Інтэнсіўнасьць запуску зондаў таксама вельмі высокая, і, хутчэй за ўсё, гэта быў не адзін пункт, гэта была скаардынаваная апэрацыя», — сказаў ён у сераду радыё LRT.

Агенцтва BNS паведамляла, што праз пагрозу ад гэтых паветраных балёнаў Віленскі міжнародны аэрапорт быў закрыты зь вечара аўторка да 6.30 серады, а рух праз абодва дзейныя памежныя пункты пропуску з Беларусьсю — Меднікі і Салечнікі — уначы часова прыпынілі.

Паводле Віткаўскаса, рашэньне часова закрыць памежныя пункты пропуску прынялі з апэратыўных прычын, дзеля засьцярогі.

Перад гэтым кантрабандныя балёны спынялі працу аэрапорту ў пачатку кастрычніка. Тады паветраную прастору Літвы парушылі больш за 20 мэтэазондаў.

Пасьля таго як Літва закрыла частку памежных пераходаў зь Беларусьсю, паставіла фізычную загароду на мяжы і ўзмацніла яе ахову, мэтэазонды сталі адным з самых папулярных спосабаў перавозу кантрабандных цыгарэт.

Дзейвідас Матулёніс, галоўны дарадца прэзыдэнта Літвы, таксама ня выключыў, што мяжу зь Беларусьсю могуць закрыць на больш працяглы пэрыяд. Паводле яго, гэтае пытаньне будуць абмяркоўваць 22 кастрычніка на паседжаньні Камісіі нацыянальнай бясьпекі, паведаміла літоўскае выданьне LRT.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG