Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча прыпыніла дэпартацыю беларуса, якому загадалі пакінуць краіну пасьля беспарадкаў на канцэрце Макса Каржа


На канцэрце Макса Каржа 9 жніўня 2025 году
На канцэрце Макса Каржа 9 жніўня 2025 году

Польшча прыпыніла працэдуру дэпартацыі ў дачыненні аднаго грамадзяніна Беларусі і двух грамадзян Украіны, якіх плянавалі выслаць пасьля беспарадкаў у час канцэрту беларускага выканаўцы Макса Каржа.

Адзначаецца, што ўсе трое падалі заявы на атрыманьне міжнароднай абароны ў Польшчы, іх хадайніцтвы цяпер разглядаюцца Ўправай у справах замежнікаў, паведамляе агенцтва «Позірк» з спасылкай на газэту Rzeczpospolita.

1 кастрычніка стала вядома, з 63 затрыманых пасьля варшаўскага канцэрту Каржа замежнікаў з Польшчы дэпартавалі дваіх беларусаў, яшчэ двое выехалі самастойна.

Агулам дэпартавалі 14 чалавек, 12 зь іх — грамадзяне Ўкраіны.

Тады Памежная варта Польшчы пачала таксама працэдуру вяртаньня на радзіму трох іншаземцаў (двух грамадзян Украіны і аднаго грамадзяніна Беларусі), 33 іншаземцы (32 грамадзяніны Ўкраіны і 1 грамадзянін Беларусі) дададзеныя ў сьпіс непажаданых на тэрыторыі Польшчы іншаземцаў і ў Шэнгенскую інфармацыйную сыстэму (SIS) для далейшай адмовы ва ўезьдзе.

Раней паведамлялася, што на канцэрце Каржа на Нацыянальным стадыёне ў польскай сталіцы 9 жніўня затрымалі больш за 100 чалавек «за шматлікія правапарушэньні і злачынствы, уключна з захоўваньнем наркотыкаў, парушэньнем асабістай недатыкальнасьці супрацоўнікаў службы бясьпекі, захоўваньне і пранос піратэхнікі, а таксама незаконнае пранікненьне на тэрыторыю».

Паліцыя аштрафавала 50 чалавек на агульную суму каля 11 500 злотых (больш за 3 тысяч даляраў).

11 жніўня Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы выступіла з пагрозай дэпартацыі на адрас фігурантаў-замежнікаў.

36-гадовы Макс Корж — аўтар і выканаўца ў стылі гіп-гоп, адзін з найбольш папулярных беларускіх артыстаў. Ён пакінуў краіну ў кастрычніку 2024 году пасьля таго, як яго выклікалі ў міліцыю для «гутаркі». Выступае за мяжой, дзе пэрыядычна зьбірае масавыя канцэрты.

На тое, што адбылося, артыст адрэагаваў толькі 17 жніўня, напісаўшы ў сацсетках: «Сябры, няма месца радыкальнаму нацыяналізму на канцэртах, гэтак жа як агрэсіі і гвалту зь якога-кольвечы боку. Гэта супярэчыць самой сутнасьці канцэртаў». Пры гэтым выканаўца не згадаў затрыманьні падчас ягонага канцэрту і лёсе фігурантаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG