Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы ўдарылі па дамбе на Белгарадчыне, пачаліся падтапленьні. Бесьпілётнікі атакавалі Маскву


Расейская тэхніка гарыць пасьля ўдару па рацэ Северскі Данец у 2022 годзе
Расейская тэхніка гарыць пасьля ўдару па рацэ Северскі Данец у 2022 годзе

Дамба Белгарадзкага вадасховішча, разьмешчанага на рацэ Северскі Данец недалёка ад мяжы з Украінай, пасьля ўдараў па ёй украінскіх вайскоўцаў часткова прапускае ваду. У мэрыі Масквы паведамілі пра атаку дронаў на горад.

Пра ўдар па дамбе паведамляюць мясцовыя тэлеграм-каналы і ўкраінскія вайскоўцы. Напрыклад, тэлеграм-канал «Попел» публікуе фота і відэа наступстваў удараў, сьцьвярджаючы, што па дамбе білі з РСЗА HIMARS.

Перад тым дамбу атакавалі ўкраінскія бесьпілётнікі. У 16-м вайсковым корпусе Ўзброеных сіл Украіны пацьвердзілі, што па дамбе наносіліся ўдары, і заявілі, што «пасьля ўдару па Белгарадзкай дамбе апошняя пачала прапускаць ваду».

Украінскі бок гаворыць, што расейскія вайсковыя падразьдзелы, якія пасьпелі пераправіцца праз Северскі Данец, апынуліся фактычна адрэзанымі ад асноўных сіл у раёне Ваўчанску. Удар па дамбе пацьвердзіў і камандзір сілаў бесьпілётных сыстэмаў Украіны Робэрт «Мадзяр» Броўдзі.

Кіраўнік Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў напісаў, што вада часткова затапіла толькі крыху больш за 10 прыватных агародаў, жыльлё не падтопленае. Аднак, паводле інфармацыі «Попелу», вада працягвае імкліва выцякаць з вадасховішча. Пакуль не было паведамленьняў аб затапленьні якога-небудзь з населеных пунктаў.

У 2023 годзе Расея моцна пашкодзіла Кахоўскае вадасховішча ва Ўкраіне, у выніку чаго адбыліся вялікія затапленьні ў акрузе і моцна цярпіць экалёгія рэгіёну.

Агулам за апошнія содні ў Белгарадзкай вобласьці адзін чалавек загінуў і 23 пацярпелі ў выніку атак украінскіх бесьпілётнікаў. Гладкоў назваў колькасьць пацярпелых — тры чалавекі, сярод параненых і вайсковец. Яшчэ трое параненых у вёсцы Дарагошч Грайваронскай акругі.

Больш за ўсё пацярпелых — дзесяць — у выніку ўдару бесьпілотнікаў па пасёлку Маслава Прыстань у Шабекінскай акрузе вобласьці. Непадалёк ад пасёлку — грэбля Белгарадзкага вадасховішча.

Ёсьць і ахвяра: у вёсцы Ілек-Кашары Ракіцянскага раёну загінуў кіроўца грузавіка. Яшчэ пяць чалавек пацярпелі ў розных населеных пунктах Белгарадчыны.

Атака на Маскву

Мэр Масквы Сяргей Сабянін 26 і 27 кастрычніка апублікаваў звыш дзясятку паведамленьняў пра нэўтралізацыю расейскімі сіламі СПА бесьпілётнікаў, якія накіроўваліся ў бок расейскай сталіцы.

Тэлеграм-канал Astra паведаміў пра тое, што адбыліся выбухі ў пасёлку Камунарка, які ўваходзіць у склад Масквы. На здымках чытачоў каналу было відаць дым, які падымаецца ад ляснога масіву. Сабянін пра атаку на Камунарку ня піша нічога.

Агулам расейскія старонкі паведамляюць, што за ноч Расею атакавалі 193 бесьпілётнікі, зь іх 34 накіроўваліся на Маскву.

Мінулым разам інтэнсіўныя атакі бесьпілётнікаў на Маскву адбываліся ў ліпені. Тады празь небясьпеку часова закрываліся аэрапорты ў Шарамецьцеве і Дамадзедаве. У наступныя месяцы дроны таксама ляцелі ў бок Масквы, але пра масіўныя атакі не паведамлялася.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG