Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў у траўні 2025 году перарэзаў зялёную стужку падчас адкрыцьця Лачынскага міжнароднага аэрапорту. Гэта трэцяе лётнішча, адкрытае з 2021 году ў Нагорным Карабаху, адваяваным у этнічных армянаў.
Усе тры аэрапорты разьмешчаныя менш як за 100 км адзін ад аднаго і практычна не выкарыстоўваюцца, піша RFE/RL.
Практычна ўсё насельніцтва гэтых тэрыторыяў — а гэта больш за 100 тысячаў этнічных армянаў — уцякло ў выніку вайсковых апэрацыяў Баку.
У 2023 годзе Азэрбайджан канчаткова ўзяў пад кантроль тэрыторыю Нагорнага Карабаху, якую не кантраляваў больш за 30 гадоў.
Гістарычна Нагорны Карабах быў населены пераважна этнічнымі армянамі, але пасьля распаду Савецкага Саюзу быў прызнаны часткай Азэрбайджану.
У выніку Першай нагорна-карабаскай вайны ў канцы 1980-х гадоў Азэрбайджан страціў кантроль над рэгіёнам, мясцовае азэрбайджанскае насельніцтва ўцякло.
Цяпер Баку заяўляе пра «вялікае вяртаньне» азэрбайджанцаў.
На некалькіх нядаўніх фатаздымках новых аб’ектаў у Нагорным Карабаху і ягоных ваколіцах, апублікаваных адміністрацыяй Азэрбайджану, можна пабачыць невялікія групы людзей, якія сабраліся на цырымоніі адкрыцьця.
Аднак аэрафатаздымкі з гэтых месцаў уражваюць бязьлюднасьцю.
Азэрбайджанскі эканаміст Тагрул Валіеў паведаміў RFE/RL, што, паводле сьцьвярджэньняў Баку, у рэгіёны вярнулася ад 30 да 40 тысячаў азэрбайджанцаў, аднак праз абмежаваньні на паездкі ў гэты раён «цяжка знайсьці дакладныя зьвесткі».
Італьянец Матэа Чывільліні — адзін зь нешматлікіх заходніх журналістаў, якія наведалі гэтыя тэрыторыі, — зрабіў рэпартаж з Нагорнага Карабаху пасьля афіцыйнага візыту ў красавіку 2024 году.
Чывільліні апавёў Радыё Свабода, што ўдзельнікі прэс-туру прайшлі празь некалькі кантрольна-прапускных пунктаў, дзе ў журналістаў «старанна правяралі дакумэнты».
Паводле яго, на тэрыторыі Нагорнага Карабаху панавала «сюррэалістычная атмасфэра, крыху як у антыўтопіі», якая нагадвала вялізную будаўнічую пляцоўку: «Уразіла, як мала людзей, відаць, там жыве».
Чывільліні бачыў «толькі некалькі машынаў на дарозе», паводле ягоных словаў, там «існаваў відавочны дысананс паміж маштабам будаўніцтва і відавочнымі мясцовымі патрэбамі».
Мясцовым азэрбайджанцам, якія ўцяклі падчас першай нагорна-карабаскай вайны, прапанавалі жытло за кошт дзяржавы пры ўмове пераезду на адваяваныя тэрыторыі на сталае жыхарства.
Аднак шмат хто ня стаў вяртацца, кажучы, што ў рэгіёне няма дзе працаваць.
«Я і думаць ня буду пра вяртаньне, бо ў мяне праца тут, у Баку», — заявіў адзін з былых жыхароў Лачынскага раёну.
Іншыя перасяленцы кажуць, што іхныя вёскі сталі непазнавальнымі пасьля будаўнічай кампаніі ў стылі Дубаю.
Былая жыхарка сяла Ходжалы, якая ўцякла адтуль у 1990-х гадах, апавяла азэрбайджанскай службе Радыё Свабода, што ўлады ўзводзяць будынкі, якія «прыгожыя, але там няма нам як трымаць нават курыцу. Мы не ў Маскве жылі, мы жылі ў [вёсцы]».
Прагназуецца, што на крабаскую праграму аднаўленьня і перасяленьня вылучаць каля 19,5 мільярдаў даляраў.
Азэрбайджанскі эканаміст Тагрул Валіеў лічыць, што маштабнае будаўніцтва ёсьць спосабам «пераразьмеркаваньня рэсурсаў» з плыні нафтадаляраў, якая напаўняе дзяржаўны скарб Азэрбайджану. «Раней Баку [аднаўлялі], а цяпер — Карабах», — кажа ён.