Менск і Брусэль пачалі працаваць у новым фармаце

Сёньня ў Брусэлі заканчвае сваю працу каардынацыйная група Беларусь — Эўрапейскі Зьвяз. Пра гэта 7 красавіка паведаміў на брыфінгу прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзьмітры Мірончык. Ён падкрэсьліў, што гэта новы фармат структураванага комплексу дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам.

Цягам двухдзённага паседжаньня бакі абмеркавалі шэраг пытаньняў, зьвязаных з разьвіцьцём адносін Менску і Брусэлю, удзелам Беларусі ў праграме «Усходняга партнэрства» і інш. Менск і Брусэль вырашылі запусьціць новыя фарматы дыялёгу па тэмах гандлю, энэргетыкі, мытных спраў, інавацыяў і стандартызацыі, а таксама правоў чалавека. Гэтыя тэмы будуць распрацоўвацца і дададуцца да ўжо дзеючых дыялёгаў у галінах эканомікі, фінансаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Беларускую дэлегацыю на гэтых перамовах узначальвала намесьнік міністра замежных спраў Алена Купчына, дэлегацыю Эўрапейскага Зьвязу ачольвала намесьнік генэральнага сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Хэльга Шміт.