Пра гэта Станіслаў Карчэўскі заявіў у Варшаве, дзе 31 студзеня прымаў афіцыйную дэлегацыю Палаты прадстаўнікоў на чале з намесьнікам старшыні Палаты Баляславам Пірштуком. Пра сустрэчу паведамляецца на сайце верхняй палаты парлямэнту Польшчы.
Станіслаў Карчэўскі выказаў упэўненасьць: леташнія візыты польскіх палітыкаў у Беларусь паказваюць, што польскі бок гатовы да дыялёгу і супрацоўніцтва. Паводле сьпікера, тэмаў для размоў існуе шмат. Напрыклад, становішча палякаў у Беларусі і беларусаў у Польшчы, памежныя пераходы, а таксама адукацыя.
«Я задаволены пацяпленьнем нашых стасункаў. Мы гаварылі і будзем гаварыць пра складаныя пытаньні. Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў нашых дачыненьнях няма пытаньняў, пра якія мы ня можам гаварыць. Для нас такія справы — рэгістрацыя Саюзу палякаў у Беларусі ці забойства палякаў у Катыні. Таксама мы гутарылі пра ўключэньне сыгналу тэлеканалаў „Палёнія“ і „Культура“ ў Беларусі», — сказаў сьпікер сэнату.
Баляслаў Пірштук заявіў, што ён падзяляе думку пра пасьлядоўнае супрацоўніцтва:
«Мы хацелі б інтэнсіўна працаваць з польскім бокам. Мы ўдзячныя Польшчы за ваша разуменьне і падтрымку. Насамрэч у нас ёсьць шмат пытаньняў, якія будуць разгледжаныя ў такіх галінах, як эканоміка, культура, навука, абмен студэнтамі. Мы хочам падняць супрацоўніцтва на больш высокі ўзровень».
У прэсавай службе Палаты прадстаўнікоў Свабодзе дадалі, што беларускія дэпутаты сустракаліся з сустаршынямі польска-беларускай парлямэнцкай групы Сэйму Адамам Андрушкевічам і Мечыславам Башко. Яны абмяркоўвалі інтэнсыфікацыю дыялёгу паміж групамі супрацоўніцтва парлямэнтаў дзьвюх краін, у прыватнасьці арганізацыі візытаў парлямэнцкіх дэлегацый.
Беларускія дэпутаты таксама сустракаліся з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы.
Некаторыя польскія мэдыя, якія асьвятляюць гэты візыт, адзначаюць, што ніводныя выбары ў Беларусі пасьля 1994 году ня лічацца дэмакратычнымі міжнароднай супольнасьцю. Яны таксама зьвяртаюць увагу на тое, што раней польскі парлямэнт падтрымліваў стасункі з праэўрапейскімі і прадэмакратычнымі палітыкамі Беларусі. Сярод іх было шмат палітычных зьняволеных, у тым ліку Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Павал Севярынец.