Сутнасьць новаўвядзеньня ў тым, што грамадзянін, якога сьледчы выклікае ў якасьці сьведкі, атрымае права ісьці туды разам з адвакатам. Пакуль што прысутнасьць абаронцы магчымая, але толькі з санкцыі сьледчых органаў, якія дазвол могуць даць, а могуць і не.
Алег Сьліжэўскі сказаў, што бываюць сытуацыі, калі чалавек, выкліканы ў якасьці сьведкі, няправільна зразумеў пытаньне, ня так сфармуляваў сваю пазыцыю ці элемэнтарна ня ведае, што адказаць. У гэтым выпадку адвакат яго зарыентуе. Паводле міністра, у прысутнасьці адваката «ня будзе ажыцьцяўляцца маральнае ды іншае ўзьдзеяньне на сьведку».
Старшыня камісіі ў пытаньнях заканадаўства Палаты прадстаўнікоў Натальля Гуйвік, абмяркоўваючы зьмену ў заканадаўстве, нагадала, што сёлета адзначаецца 95 гадоў беларускай адвакатуры.
«І я лічу, што мы спазьніліся з гэтай нормай акурат на столькі ж — на 95 гадоў. Тое, што сказаў сьведка без адваката, далей ужо ня зьменіш. Таму трэба, каб адвакат абавязкова прысутнічаў пры допыце».
Натальля Гуйвік падкрэсьліла, што норма прымаецца зь ініцыятывы Канстытуцыйнага Суду. А таму прапанавала прыняць дапаўненьне адразу ў двух чытаньнях.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка назваў прапанову дэпутаткі залішне «эмацыйнай», і справа абмежавалася ўхваленьнем дапаўненьня ў першым чытаньні.