Пра гэта на Варшаўскім форуме бясьпекі заявіў спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША генэрал Кіт Келаг, паведамляе партал «Люстэрка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцыяльны прадстаўнік Трампа для Ўкраіны расказаў, навошта ЗША вядуць перамовы з ЛукашэнкамКелагу задалі пытаньне аб прычынах зьняцьця часткі санкцыяў зь беларускага нацыянальнага авіяперавозьніка, на што ён адказаў, што гэтае рашэньне «даволі простае»:
«Ідзецца пра авіякампанію, якая пераважна лётае на „Боінгах“ ці „Эйрбасах“. Яны хацелі б, каб іхныя самалёты ня падалі зь неба».
Паводле яго, Вашынгтон даў зразумець афіцыйнаму Менску, што гатовы пайсьці на саступкі, каб гарантаваць бясьпеку палётаў, але выставіў сустрэчныя ўмовы.
«Наш камэнтар у іхны адрас быў такім: „Прывядзіце ў парадак сваю авіякампанію, каб вы маглі лётаць на сваіх самалётах з дэталямі „Боінгу“, і мы здымем гэтыя санкцыі, гэтую іх частку. Але вы не павінны выкарыстоўваць іх у гнюсных мэтах“», — падкрэсьліў прадстаўнік Дональда Трампа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства гандлю ЗША патлумачыла, якія санкцыі супраць «Белавія» засталіся ў сілеУ якасьці прыкладу «гнюсных мэтаў» Келаг прывёў перавязеньне мігрантаў у Беларусь для наступнай нелегальнай перапраўкі іх церазь мяжу ў ЭЗ, што, паводле яго, «часам адбываецца».
«Гэта нашае патрабаваньне як бы кажа: „ОК, мы бачым, што адбываецца, не трымайце нас за дурняў“», — дадаў генэрал.
11 верасьня намесьнік спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам абвясьціў аб зьняцьці санкцыяў зь «Белавія». Пазьней Бюро прамысловасьці і бясьпекі Міністэрства гандлю ЗША ўдакладніла, што абмежаваньні зьнятыя з васьмі самалётаў «Боінг», якія зараз могуць выконваць міжнародныя рэйсы і праходзіць тэхнічнае абслугоўваньне з выкарыстаньнем амэрыканскіх дэталяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік прэзыдэнта ЗША пра скасаваньне санкцый: «Мяч быў на нашым баку»