Паводле Белстату, у студзені–жніўні беларускі экспарт тавараў за мяжу зьнізіўся ў параўнаньні з такім жа пэрыядам 2024 году на 2,4%, а імпарт — павялічыўся на 2,2%. У выніку адмоўнае сальда дасягнула $3 млрд 791 млн (летась за гэты ж час было мінус $2 млрд 524 млн).
Эканамістка, экспэртка BEROC Анастасія Лузгіна пракамэнтавала гэтую тэндэнцыю ў інтэрвію Белсату.
Статыстычны камітэт з 2021 году не дае інфармацыі пра замежны гандаль Беларусі з канкрэтнымі краінамі сьвету. Ведамства дае толькі зьвесткі аб гандлі з краінамі СНД і з астатнім сьветам.
«Калі мы паглядзім, за кошт чаго сфармавалася адмоўнае сальда, то гэта менавіта перавышэньне імпарту над экспартам з краінамі па-за СНД», — адзначыла Лузгіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэфіцыт зьнешняга гандлю таварамі працягнуў расьці ў ліпені і дасягнуў 3,5 мільярда даляраўПаводле Белстату, у студзені–жніўні экспарт тавараў у краіны СНД, а гэта значыць пераважна ў Расею, вырас у параўнаньні зь першымі 8 месяцамі 2024 году на 0,5%, на 0,7% скараціўся імпарт. У цэлым у гандлі таварамі з краінамі СНД сальда было станоўчым на ўзроўні $1,9 млрд. А вось у гандлі з краінамі па-за СНД суадносіны іншыя: зьніжэньне экспарту на 9,4% год да году, рост імпарту — на 6,4%. У выніку адмоўнае сальда ў гандлі з гэтымі краінамі ў $5 млрд 683 млн.
Паводле статыстыкі за 7 першых месяцаў году (студзень–ліпень) імпарт харчаваньня склаў $2,3 млрд і вырас год да году на 22%.
«Нягледзячы на заявы ўладаў, што варта скараціць спажываньне, занадта актыўны попыт унутры краіны, спажывецкі імпарт застаецца вельмі высокім. Прычым заўважна дадаліся харчовыя тавары. Прычынаю такога актыўнага росту імпарту спажывецкіх тавараў, безумоўна, стаў і рост даходаў насельніцтва, і магчымасьці крэдытаваньня», — адзначыла Лузгіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адмоўнае сальда замежнага гандлю Беларусі таварамі й паслугамі наблізілася да мільярда даляраў