Пра гэта паведамляе выданьне «Мэдыязона».
У расейскі вышук беларусы трапляюць на запыт Беларусі — гэта значыць, што чалавека шукаюць у абедзьвюх краінах, а таксама могуць выдаць з «дружалюбных краінаў».
Знаходжаньне ў расейскай базе вышуку азначае, што абвясьцілі ваш вышук у Беларусі, а потым і ў РФ.
Журналісты і экспэрты
За паўгоду ў РФ абвясьцілі вышук некалькіх журналістаў: Марыі Грыц, былога галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» і былога палітвязьня Ягора Марціновіча, у вышуку зьявілася вядоўца шоў «Обычное утро» Марына Ментусава, вядоўца Кацярына Раецкая, журналістка, былая палітзьняволеная Вольга Класкоўская, а таксама яе бацька, журналіст і палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі.
Апроч іх, быў абвешчаны вышук ураджэнца Горадні Андрэя Мялешкі, супраць якога раней завялі тры крымінальныя справы, а да сямʼі прыходзілі сілавікі, журналісткі Радыё Свабода Ганны Соўсь, журналіста Радыё Свабода і Белсату Віталя Цыганкова, журналіста, філёзафа, кінакрытыка Максіма Жбанкова.
У вышуку знаходзяцца экспэрт Аляксандр Фрыдман, а таксама палітоляг і палітык Павал Вусаў, завочна асуджаны на 11 гадоў калёніі і абвешчаны «тэрарыстам», кіраўнік праекту «Кошт ураду» Ўладзімер Кавалкін і эканаміст Павал Данэйка, асуджаны завочна на 12 гадоў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля 400 беларусаў дадалі ў расейскую базу вышуку за апошнія 3 месяцы. Сярод іх добраахвотнікі і былыя палітвязьніПалітыкі
У сьпіс вышуку ў РФ трапілі і палітыкі, чальцы Каардынацыйнай рады: блогер і дэлегат Аляксандр Кныровіч, сьпікер Рады Арцём Брухан, а таксама кіраўнік НАУ і дэлегат Рады Павал Латушка, асуджаны завочна на 18 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Паўла Латушку шукаюць ня першы год, але яго вышук, як і некаторых іншых беларусаў, пераабвясьцілі — невядома, ці зьвязана гэта з новай крымінальнай справай ці іншымі прычынамі.
У сьпісе ёсьць дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка і Дзяніс Кучынскі. Таксама туды трапілі былыя чальцы Абʼяднанага пераходнага кабінэту: кіраўнік ByPol Аляксандар Азараў, завочна асуджаны на 25 гадоў калёніі, і дырэктар Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі.
Палітвязьні
Сярод беларусаў, якія трапілі ў вышук, ёсьць былыя палітвязьні: Паліна Шарэнда-Панасюк, Антаніна Канавалава (і яе маці Ганна Канавалава), анархісты, асуджаныя ў справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня» — Даніла Чуль і Андрэй Чапюк, Зьміцер Гопта і яго маці Вольга. Акрамя таго, абвешчаны вышук Яўгеніі Верамейчык, жонкі былога байца палку Каліноўскага, палітвязьня Васіля Верамейчыка.
Праваабаронцы, актывісты і людзі культуры
У Беларусі і РФ шукаюць праваабаронцу зь «Вясны» Паўла Сапелку і чальца «Прававой ініцыятывы» Сяргея Усьцінава, былога адваката і дарадцу ў праўных пытаньнях НАУ Міхаіла Кірылюка, удзельніц ініцыятывы «Палітвязынка» — яе стваральніцу Яўгенію Доўгую, журналістку Насту Захарэвіч і мастачку Ганну Крацько.
У вышуку актывістка ініцыятывы «Маці-328» Ліяна Шуба і былы дэфэктаскапіст Менскай лябараторыі Андрэй Суша, які ў выніку перасьледу сілавікоў пакінуў Беларусь, пераляцеўшы на парапляне ў Літву; мастакі-акцыяністы Ўладзіслаў Бохан і Аляксей Кузьміч.
РФ на запыт Беларусі абвясьціла вышук былых актораў Купалаўскага тэатра, якія зараз выступаюць у эміграцыі: Зоі Белахвосьцік, Аляксандра і Валянціны Гарцуевых, Крысьціны Дробыш.
У сьпіс трапіў беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч, які ўдзельнічаў у сямі Алімпійскіх гульнях і 12 чэмпіянатах сьвету. У лютым 2022 году Сяргей разам з дачкой Дарʼяй пакінулі Беларусь пасьля таго, як улады краіны пазбавілі яе магчымасьці выступаць на міжнародных лыжных спаборніцтвах праз палітычную пазыцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куды небясьпечна ехаць беларусам, якія асьцерагаюцца перасьледу. Запыталіся экспэртаў