У Вільні адкрыўся штогадовы фэстываль беларускай літаратуры «Прадмова». ФОТА

Андрэй Хадановіч на адкрыцьці «Прадмовы»

Адкрыцьцё «Прадмовы» адбылося 10 кастрычніка ў Беларускім доме ў Вільні.

Яшчэ да ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця там запрацавала выстава мастачкі Кацярыны Еўдакімавай па матывах кнігі «Слон» Сашы Філіпенкі.

Фрагмэнт выставы Кацярыны Еўдакімавай

Фрагмэнт выставы Кацярыны Еўдакімавай

А ў вечаровай праграме пятніцы —

  • прэзэнтацыя альманаха «CTRL+S»,
  • дыскусія творцаў пра беларускую сучасную прозу і
  • канцэрт традыцыйнай габрэйскай народнай музыкі ў выкананьні літоўскага гурта Rakija Klezmer Band.

Чацьвёрты год запар «Прадмова» праходзіць у Вільні. На цырымоніі адкрыцьця выступоўцы з гонарам казалі, што за чарговы «прадмоўны» цыкль беларускіх кніг стала больш, хаця праблем, зьвязаных зь іх напісаньнем, друкам і продажам, не паменела. Прэс-сакратар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Ціхан Чарнякевіч назваў перамогай правядзеньне новай «Прадмовы», бо фэстываль стымулюе творчых беларусаў ствараць сваё.

Ціхан Чарнякевіч

«Мы пачынаем фэстываль, а сюды ў Вільню яшчэ даяжджаюць аўтары, яшчэ ў дарозе выдаўцы з новымі кнігамі — Андрэй Янушкевіч і Ігар Логвінаў. Яшчэ перасякаюць мяжу літаратары зь Беларусі, імёны якіх мы агучыць з пэўных прычын ня можам. Але выдатна, што мы ўсе зноў тут зьбяромся, прастора „Прадмовы“ пашыраецца», — сказаў на адкрыцьці Ціхан Чарнякевіч.

Падчас «Прадмовы» адбудзецца больш за 40 імпрэзаў на двух пляцоўках

11 кастрычніка аб 11 гадзіне праграму сустрэч у клюбе «Paviljonas» адкрые прэзентацыя зборніка вершаў Алеся Аркуша «Чаму праўда такая слабая?»

Далей, з крокам прыкладна ў 40 хвілін пройдзе 14 мерапрыемстваў:

  • прэзэнтацыі пяці новых кніг і перавыданьня кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага»,
  • дыскусіі творцаў з крытыкамі,
  • сустрэчы з аўтарамі, у тым ліку з Макарам, аўтарам «Апошняга пакаленьня».

Сярод беларускамоўных навінак літоўскай літаратуры, зь якімі пазнаёмяць наведнікаў «Прадмовы», будзе раман Крысьціны Сабаляўскайце «Silva rerum» у перакладзе Сяргея Шупы.

А ўвечары ў Беларускім доме наведнікаў чакае спэктакль «Сумны суп» па творах Вольгі Гапеевай у пастаноўцы тэатру «Прыехалі».

Выступ хору на адкрыцьці

Насычанай будзе праграма фэстывалю і ў нядзелю

12 кастрычніка ў Беларускім доме і клюбе «Paviljonas» заплянавана 19 мерапрыемстваў.

У гэты дзень на «Прадмове» пройдуць прэзэнтацыі і абмеркаваньні твораў Андрэя Масквіна, Арцёма Шуканава, Аляксандра Смаленчука, Вольгі Такарчук.

Свае кнігі прэзэнтуе былы палітвязень Уладзімер Мацкевіч.

Таксама сярод імёнаў удзельнікаў — творцы, зьвязаныя са «Свабодай». У другой палове дня наведнікаў фэстывалю чакае дыскусія з аўтарам кнігі пра ножны шпурляк Арцёмам Сізінцавым. Бліжэй да вечара перавыданьне кнігі «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» прэзэнтуюць яе аўтар Сяргей Дубавец і героі кнігі Вінцук Вячорка, Сяргей Харэўскі і Сяргей Шупа.

Паэт Андрэй Хадановіч

Апошнім мерапрыемствам фэстывалю стане ноч паэзіі. Арганізатары запэўніваюць, што свае вершы змогуць прачытаць і аўтары-наведнікі «Прадмовы».

Цалкам з праграмай «Прадмовы» можна пазнаёміцца тут.

Кніжны кірмаш на «Прадмове» будзе працаваць 11 і 12 кастрычніка ў клюбе «Paviljonas».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка — Гітлер, які ня змог зьехаць з Аўстрыі». Філіпенка пра забароненыя кнігі і лёс Беларусі