Пад лёзунгам барацьбы з кантрафактам Беларусь уводзіць новыя правілы, якія радыкальна мяняюць анлайн-гандаль. Маркетплэйсы стануць адказваць за прадаўцоў, кошты вырастуць, а доступ да папулярных пляцовак можа апынуцца пад забаронай, піша belmarket.by.
7 кастрычніка ў Менску прайшла панэльная сэсія на XIII Міжнароднага форума «Антыкантрафакт-2025». Прадстаўнікі МАРГ, Эўразійскай эканамічнай камісіі і міністэрстваў краін ЭАЭС аб’явілі аб новым падыходзе да інтэрнэт-гандлю.
Аналізуючы зьмены, выданьне belmarket.by прыйшло да высновы, што «за шырмай абароны правоў спажыўцоў дзяржава рыхтуецца ўстанавіць поўны кантроль над інтэрнет-гандлем».
«Па-сутнасьці, маркетплэйсы зараз перастаюць быць проста пляцоўкамі, ім трэба адказваць за ўсё, што прадаецца на іх тэрыторыі». — лічыць выданьне.
Наступны крок — указ, які абавяжа ўсе буйныя пляцоўкі, уключаючы замежныя, зарэгістравацца ў Гандлёвым рэестры і стварыць у Беларусі юрыдычную асобу. Без гэтага ім проста забароняць працаваць.
«Чым больш патрабаваньняў, тым вышэй выдаткі, і бізнэс, як правіла, кампэнсуе іх праз цэны. Тавары падаражэюць, выбар скароціцца. Невялікія прадаўцы, якім не па сілах юрысты, зборы і сэртыфікацыя, сыдуць з рынку». — канстатуе belmarket.by.
Замежныя пляцоўкі, якія не жадаюць адкрываць філіялы, проста заблякуюць доступ зь Беларусі. У выніку выйграе не спажывец, а буйныя гульцы, якім прасьцей выканаць усе фармальнасьці, піша выданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон ізноў прызначыў прэм’ерам Францыі Сэбасьцьяна Лекарню