На загад Аляксандра Лукашэнкі з 6 кастрычніка ў Беларусі праходзіць маштабная раптоўная праверка Ўзброеных Сілаў з прывядзеньнем у «найвышэйшыя» ступені баявой гатоўнасьці.
12 кастрычніка дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Аляксандар Вальфовіч паведаміў, што пачаўся другі этап гэтай праверкі.
Цягам першага вайскоўцы будавалі акопы, бліндажы і камандныя пункты, а таксама наладжвалі ахову ад дронаў і дывэрсантаў
«У першую чаргу мы ацэньвалі, ці ўлічваецца досьвед спэцыяльнай ваеннай апэрацыі пры выкананьні інжынэрных работ», — заявіў Вальфовіч. Бо, як паказвае досьвед баёў ва Ўкраіне, «усё, што знаходзіцца на зямлі, сёньня літаральна ў першыя гадзіны падлягае зьнішчэньню», — адзначыў ён.
Аляксандар Вальфовіч падчас праверкі войскаў
На другім этапе войскі зьдзяйсьняюць маршы і наводзяць пантонныя пераправы. Пры гэтым з улікам досьведу вайны ва Ўкраіне «кожны трэці танк назірае за паветрам» для абароны ад дронаў, апавёў Вальфовіч.
Вайскоўцы таксама пакажуць свае ўменьні ў стральбе і здадуць нарматывы па фізычнай выносьлівасьці.
Вальфовіч адзначыў, што праверка сярод іншага дэманструе Захаду, што Беларусь гатовая абараняцца. Пры гэтым ён завіў, што «мы ніякай пагрозы нікому не ўяўляем».
У дакладзе амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны, апублікаваным 11 кастрычніка, гэтая праверка згадваецца ў кантэксьце намаганьняў Расеі павялічыць сваю ваенную прысутнасьць у Беларусі і яшчэ мацней уключыць беларускае войска ў выгадныя для Расеі структуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніводнага расейскага салдата ў Беларусі пасьля вучэньняў не засталося — Вальфовіч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Як балтыйскія дзяржавы плянуюць масавую эвакуацыю ў выпадку нападу Расеі. ФОТА