З пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі прынамсі 314 грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі.
Найстарэйшаму на момант гібелі Анатолю Ўладзімеравічу Саломіну было 64 гады, наймаладзейшаму — Міхаілу Мікалаевічу Каранькову — 18 гадоў. Станіславу Аляксеевічу Серадовічу, Уладзіславу Валер’евічу Цюкаўкіну, Мансуру Нурэддзінавічу Шарыпаву і Андрэю Ігаравічу Шматкову было па 20 гадоў.
Як вынікае з апублікаваных украінскім праектам дакумэнтаў, іх афіцыйна прызналі загінулымі пазьней за фактычныя даты гібелі.
Паводле інфармацыі праекту, сярод беларусаў, якія ваююць супраць Украіны, ёсьць вайскоўцы 5-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня з Мар’інай Горкі.
Сёлета ўкраінскі праект «Хачу жыць» двойчы публікаваў сьпісы грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расеі: у красавіку пералічылі прозьвішчы 742 беларусаў, а ў верасьні — яшчэ 596. З гэтых сьпісаў вынікала, што зь іх загінулі больш за 100 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне апублікавалі прозьвішчы яшчэ амаль 600 грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расеі- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 300 тых, хто ваяваў на баку Расеі.