У АБСЭ правялі трое слуханьняў аб палітвязьнях у Беларусі, 13 кастрычніка гаварылі пра рэпрэсіі супраць дзеячоў культуры

На штогадовай канфэрэнцыі АБСЭ ў чалавечым вымярэньні ў Варшаве. Архіўнае фота

На варшаўскай канфэрэнцыі АБСЭ ў чалавечым вымярэньні беларускае пытаньне 13 кастрычніка зноў было ў цэнтры ўвагі.

На штогадовай канфэрэнцыі АБСЭ ў чалавечым вымярэньні, якая з 6 па 17 кастрычніка праходзіць у Варшаве, ужо прайшлі тры дыскусіі аб розных аспэктах сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Беларусь у дзясятцы краін, дзе сама больш зьняволеных пісьменьнікаў

На паседжаньні канфэрэнцыі 13 кастрычніка старшыня беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай расказала пра ціск і рэпрэсіі, якія зьведалі з 2020 году дзеячы беларускай культуры.

«Беларусь уступіла ў адзін з самых змрочных пэрыядаў у сваёй сучаснай культурнай гісторыі. Незалежныя назіральнікі задакумэнтавалі больш за 6000 парушэньняў культурных і чалавечых правоў, якія закранулі дзеячоў культуры — пісьменьнікаў, музыкаў, выдаўцоў, актораў і мастакоў», — сказала Тацяна Нядбай.

Паводле яе, дзясяткі дзеячоў беларускай культуры зьведалі за мінулыя пяць гадоў турму або хатні арышт.

«Беларусь цяпер уваходзіць у дзясятку краін сьвету паводле колькасці зьняволеных пісьменьнікаў», — зазначыла, выступаючы на канфэрэнцыі ў Варшаве, Тацяна Нядбай.

Інфармацыю пра суды і выракі ўтойваюць

10 кастрычніка на канфэрэнцыі АБСЭ ў чалавечым вымярэньні ў Варшаве выступіў юрыст «Вясны» Алег Пашкевіч. Правабаронца расказаў пра крымінальны перасьлед у Беларусі з палітычных прычын.

Паводле Пашкевіча, за пяць гадоў масавых рэпрэсіяў мінімум 8 905 чалавек сутыкнуліся з крымінальным перасьледам паводле палітычных матываў, 1222 палітвязьні застаюцца за кратамі. За мінулы каляндарны год на розных падставах выйшлі на волю больш за 400 палітвязьняў, але колькасьць палітвязьняў працягвае расьці — іх стала болей на 650 чалавек. Алег Пашкевіч спасылаецца на вынікі працы судовага канвэеру.

«Хоць колькасьць вынесеных прысудаў нязначна памяншаецца — год таму можна было казаць пра 150-160 асуджаных за месяц, а за мінулыя 12 месяцаў гэтая лічба паменшылася да 125 у месяц, але ўсё роўна гэта вялікі паказьнік», — зазначыў праваабаронца.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, зь ліпеня 2024 году было вызвалена 436 палітычных вязьняў, але большасьць зь іх выйшлі на волю па заканчэньні адбытага тэрміну.

Затрыманьні і арышты, завядзеньне новых крымінальных справаў і судовыя працэсы працягваюцца, да таго ж узьніклі вялікія праблемы зь іх празрыстасьцю, адзначыў юрыст.

«Разгорнутая кампанія запалохваньня, а таксама максымальнае ўтойваньне інфармацыі аб судовых працэсах вядзе да таго, што інфармацыя пра рэпрэсіі даходзіць да праваабаронцаў са значным спазненьнем», — заявіў у Варшаве праваабаронца «Вясны» Алег Пашкевіч.

Абмежаваньні палітвязьняў у перапісцы і перадачах

Беларускі праваабаронца апісаў неналежнае абыходжаньне з палітвязьнямі ў вязьніцах рэжыму Лукашэнкі. Паводле сьведчаньняў, сабраных вясноўцамі, умовы, у якіх трымаюць большасьць беларускіх палітвязьняў, варта прыраўноўваць да бесчалавечнага абыходжаньня, а ў шэрагу выпадкаў — да катаваньняў.

  • Практычна ўсе палітьвязьні ўключаныя ў сьпісы «экстрэмістаў» (часам — «тэрарыстаў»), носяць жоўтыя біркі, да іх выстаўляюць значна больш жорсткія патрабаваньні, за невыкананьне якіх іх больш жорстка караюць: зьмяшчаюць у штрафны ізалятар (ШЫЗА) і памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ), пазбаўляюць спатканьняў, званкоў, перадачаў, абмяжоўваюць перапіску.
  • Палітвязьні могуць перапісвацца толькі з 1-2 сваякамі, мала хто і рэдка калі можа атрымаць ліст ад сяброў і пагатоў староньняга чалавека, які вырашыў яго падтрымаць.
  • Частая формай пакараньня — пазбаўленьне бацькоў, у тым ліку адзінокіх маці, спатканьняў зь іхнымі дзецьмі.
  • Шмат хто знаходзіцца ў ізаляцыі: з палітычным вязьнем забаронена размаўляць і дзяліцца прадуктамі, за спробы рабіць гэта звычайны зьняволены сам можа трапіць у штрафны ізалятар.
  • У выніку абмежаваньня на прадуктовыя перадачы і грашовыя пераводы палітычныя вязьні фактычна вымушаныя галадаць.

Інкамунікада, стан Алеся Бяляцкага, гуманітарны сьпіс

Непрымальнай формай ціску юрыст «Вясны» Алег Пашкевіч назваў трыманьне вязьняў ва ўмовах інкамунікада, што выяўляецца ў браку сувязі з блізкімі, фактычнай забароне на сустрэчы з адвакатам, ізаляцыі ўнутры калёніі. У такіх умовах амаль два гады правяла Марыя Калесьнікава і цяпер знаходзяцца Максім Знак, Віктар Бабарыка, Уладзімір Кніга, Мікалай Статкевіч.

Абмежаваная інфармацыя даходзіць з вязьніцы і пра нобэлеўскага ляўрэата праваабаронцу Алеся Бяляцкага, асуджанага на 10 гадоў.

«Таксама як і іншыя палітвязьні, ён ня можа мець зносінаў з блізкімі, яго пазбаўлялі перадачаў, мэдыкаментаў, таксама як і іншым, не аказвалі неабходнай мэдычнай дапамогі», — расказаў Алег Пашкевіч у Варшаве.

Паводле юрыста «Вясны», у складзеным праваабаронцамі «гуманітарным сьпісе» палітвязьняў 180 чалавек у цяжкім фізычным стане, сярод іх 8 інвалідаў, 67 чалавек зь цяжкімі захворваньнямі, 4 чалавекі старэйшыя за 70 гадоў.

Праваабаронца «Вясны» расказаў таксама аб трагедыях, якія здарыліся ў беларускіх вязьніцах з палітвязьнямі за мінулыя 5 гадоў. Правабаронцы не выключаюць, што палітвязьні Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вадзім Храсько, Аляксандр Кулініч і некаторыя іншыя памерлі ў вязьніцах з прычыны недахопу мэдычнай дапамогі і лекаў.

  • Штогадовая канфэрэнцыя АБСЭ у чалавечым вымярэньні ў Варшаве працягнецца да 17 кастрычніка.
  • 8 кастрычніка пра свой турэмны досьвед на канфэрэнцыі расказаў былы палітвязень Андрэй Чапюк.
  • 15 кастрычніка ўдзельнікі форуму зноў вярнуцца да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі — наступная дыскусія на гэтую тэму рыхтуецца з дапамогай МЗС Даніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палітвязень на канфэрэнцыі АБСЭ аб чалавечым вымярэньні зьняпраўдзіў «лібэралізацыю» ў Беларусі