У праваабарончым цэнтры «Вясна» пацьвердзілі інфармацыю аб сама меней 88 фігурантах «справы Гаюна», якіх зьмясьцілі пад варту.
«З пачатку верасьня ў „сьпіс экстрэмістаў“ дадалі 68 чалавек, асуджаных за „садзейнічаньне экстрэмізму“. Гэта больш за траціну ад усіх людзей, якіх дадалі ў сьпіс за гэты час. Частка з гэтых людзей — фігуранты „справы Гаюна“, пра якіх невядома праваабаронцам», — адзначылі ў цэнтры «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, у Беларусі амаль кожны дзень адбываюцца суды па гэтай справе. Фігурантам прызначаюць як «хімію з накіраваньнем», так і калёнію. Справы некаторых людзей перадаюць зь Менску ў рэгіянальныя суды.
Telegram-ініцыятыва «Беларускі Гаюн» займалася зьбіраньнем зьвестак пра перамяшчэньне расейскіх войскаў. Зьвесткі дапамагалі ўкраіснкаму боку арыентавацца ў становішчы і ацэньваць пагрозы.
Пра тое, што сілавікі маюць доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», стала вядома на пачатку лютага. Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і праз два дні пасьля гэтага заявіў аб спыненьні працы «Гаюна». З таго часу праект, які стаў важнай крыніцай інфармацыі для беларускіх, украінскіх і міжнародных мэдыя, больш не публікуе зьвестак аб дзеяньнях расейскіх і беларускіх вайскоўцаў.
Праваабаронцы прагназуюць, што колькасьць фігурантаў «справы Гаюна» можа дасягнуць 1000 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: у Гомлі найбольш затрыманьняў у справе «Беларускага Гаюна»