Памёр пісьменьнік Алесь Палынскі

Алесь Палынскі, фота зь ягонай старонкі ў Facebook

11 кастрычніка памёр пісьменьнік Алесь Палынскі. Яму было 58 гадоў.

«У суботу я граў канцэрт, сьпяваў песьні на ягоныя вершы, расказваў прыкалюхі розныя пра яго. У суботу ён памёр. Ён у Полацку, яго жонка ў турме. Яго нават няма каму пахаваць», — напісаў у сацыяльнай сетцы Х ягоны сын Ігар Палынскі, які жыве па-за межамі Беларусі.

Алесь Палынскі нарадзіўся 14 верасьня 1967 году. Скончыў журфак БДУ і жыў у Полацку. Друкаваўся, сярод іншага, на сайце Радыё Свабода і ў «Нашай Ніве».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыватны дзёньнік: Алесь Палынскі

Ягоная жонка Ціна Палынская і яе дачка Маргарыта Рабіновіч былі затрыманыя ў траўні 2025 году і зьмешчаныя пад варту ў крымінальнай справе.

Падрабязнасьці абвінавачаньня не раскрываюцца. Праваабаронцы мяркуюць, што справа можа быць зьвязаная з рашэньнем КДБ прызнаць Беларускую аналітычную майстэрню прафэсара Андрэя Вардамацкага «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Гэтая арганізацыя праводзіла сацыялягічныя апытаньні сярод беларускіх грамадзян. 4 чэрвеня стала вядома, што КДБ правёў ператрусы ў іншых людзей, якіх апытвалі ў рамках сацыялягічных дасьледаваньняў «Майстэрні», ёсьць затрыманыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома пра затрыманьне былой журналісткі Ціны Палынскай і яе дачкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіст і музыка Ігар Палынскі: «Імкнуся рабіць усё магчымае, каб наблізіць перамогу здаровага сэнсу ў Беларусі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» жартоўную музычную кампазыцыю «Ах, Бандеро!»