Як новыя абмежаваньні Кітая на пастаўкі рэдказямельных мінэралаў могуць паўплываць на вайну ва Ўкраіне

Глебу з рэдказямельнымі элемэнтамі грузяць у кітайскім порце Ляньюньган, архіўнае фота

Апошнія абмежаваньні Кітая на экспарт рэдказямельных мінэралаў могуць ня толькі аднавіць гандлёвую вайну, але і выклікаць істотныя наступствы для намаганьняў Эўропы па пераўзбраеньні Ўкраіны, піша аналітык Радыё Свабода Рыд Стэндыш.

Напружанасьць паміж Пэкінам і Вашынгтонам зноў абвастрылася праз рэдказямельныя мінэралы — важную групу з 17 элемэнтаў, якія выкарыстоўваюцца ад акумулятараў электрамабіляў да смартфонаў і жыцьцёва важных абаронных тэхналёгій.

9 кастрычніка Кітай увёў новыя меры кантролю за экспартам пяці рэдказямельных мэталаў у дадатак да сямі, якія ўжо былі абмежаваныя ў красавіку. 10 кастрычніка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў увесьці дадатковы 100-працэнтны тарыф на кітайскі імпарт.

«Гэты крок Пэкіну зноў факусуе ўвагу на тым, як Кітай выкарыстоўвае свой уплыў як найбуйнейшай гандлёвай нацыі ў сьвеце і сваё дамінаваньне ў вытворчых ланцужках паставак, каб праецыраваць сваю моц у міжнародных справах», — напісаў Джэймс Кінг, старшы навуковы супрацоўнік лёнданскага аналітычнага цэнтру Chatham House, аналізуючы новы крок Кітая.

Гэты крок быў зроблены ўсяго за некалькі тыдняў да патэнцыйнай сустрэчы паміж Трампам і кітайскім лідэрам Сі Дзіньпінам. Ён разглядаецца аналітыкамі як рэзкая эскаляцыя даўняй стратэгіі Пэкіну — выкарыстоўваць сваё дамінаваньне ў рэдказямельных элемэнтах як інструмэнт уплыву. На долю Кітая прыпадае больш за 70 працэнтаў сусьветнай здабычы рэдказямельных элемэнтаў, 90 працэнтаў іх аддзяленьня і апрацоўкі, а таксама 93 працэнты вытворчасьці магнітаў.

Абмежаваньні азначаюць, што замежныя кампаніі павінны будуць атрымаць спэцыяльныя дазволы ад Пэкіну, калі яны жадаюць экспартаваць з Кітая рэдказямельныя магніты і некаторыя паўправадніковыя матэрыялы, якія ўтрымліваюць ня менш за 0,1 працэнта рэдказямельных мэталаў.

Паводле новых правілаў, кампаніям, якія маюць любую сувязь з замежнымі ўзброенымі сіламі, у тым ліку з узброенымі сіламі ЗША, будзе пераважна адмоўлена ў экспартных ліцэнзіях.

«Новаабвешчаныя абмежаваньні — гэта найбольш значныя меры Кітая, накіраваныя на абаронны сэктар на сёньняшні дзень», — сказала Грэйсьлін Баскаран, дырэктарка Праграмы бясьпекі крытычна важных мінэралаў у Цэнтры стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (CSIS) у Вашынгтоне.

«Па сутнасьці, гэтая палітыка імкнецца перадухіліць прамы або ўскосны ўнёсак рэдказямельных элемэнтаў кітайскага паходжаньня або зьвязаных зь імі тэхналёгій у замежныя ланцужкі абарончых паставак».

Што гэта азначае для Эўропы і вайны ва Украіне?

Апошні крок Кітая выклікаў занепакоенасьць у Эўропе, бо гэта можа перашкодзіць ваеннай падтрымцы Ўкраіны.

Злучаныя Штаты пагадзіліся прадаць перадавую зброю сваім саюзьнікам па NATO ў Эўропе, якія потым паставяць яе Кіеву, каб дапамагчы адбіць уварваньне Расеі. Эўрапейскія краіны таксама пастаўляюць Украіне зброю ўласнай вытворчасьці.

Але многія перадавыя віды зброі і ваеннай тэхнікі залежаць ад рэдказямельных элемэнтаў. Сярод такіх узбраеньняў зьнішчальнікі F-35, падводныя лодкі клясаў «Вірджынія» і «Каламбія», радарныя сыстэмы, бесьпілётныя лятальныя апараты «Прэдатар», і ракеты «Тамагаўк». Па словах прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, ён разглядае магчымасьць адпраўкі такіх ракет ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў, што пашле Ўкраіне ракеты Tomahawk, калі Пуцін ня пойдзе на мірнае ўрэгуляваньне

Нягледзячы на тое, што многія імпартэры, у тым ліку Пэнтагон, захоўваюць запасы рэдказямельных элемэнтаў, новыя меры могуць мець наступствы ў будучыні для паставак ва Ўкраіну, асабліва ўлічваючы, што Злучаныя Штаты зь цяжкасьцю спраўляюцца з вытворчасьцю многіх перадавых сыстэм узбраеньня, паведамляеCSIS.

Эўрапейская гандлёвая палата ў Кітаі ўжо заявіла, што новыя абмежаваньні «дадаюць яшчэ больш складанасьці глябальным ланцужкам паставак рэдказямельных элемэнтаў». Прадстаўнікі ЭЗ заявілі, што ім ужо даводзіцца разьбірацца з затрымкай заявак на экспартныя ліцэнзіі, якія чакаюць ухвалы Пэкіну праз ранейшыя абмежаваньні на пастаўкі сямі рэдказямельных элемэнтаў, уведзеныя Кітаем у красавіку.

Стварэньне новай сыстэмы, каб вырашаць праблемы з «вузкімі месцамі» ў пастаўках рэдказямельных элемэнтаў было ключавой заявай прэзыдэнткі Эўрапейскай камісіі Урзулі фон дэр Ляен на саміце ЭЗ-Кітай у ліпені. Аднак многія эўрапейскія фірмы кажуць, што працэс зацьвярджэньня ліцэнзій з боку Пэкіну павольны і ўжо затрымлівае вытворчасьць.

Ці могуць Цэнтральная і Паўднёвая Азія кампэнсаваць дамінаваньне Кітая ў галіне рэдказямельных элемэнтаў?

Апошні раўнд экспартнага кантролю ня ўступіць у сілу да сьнежня, а заклік Трампа да ўвядзеньня дадатковых тарыфаў мае быць рэалізаваны 1 лістапада.

Аднак амаль што поўная манаполія Кітая на здабычу і перапрацоўку рэдказямельных элемэнтаў ужо прымушае ўрады шукаць спосабы кампэнсаваць сваю залежнасьць.

У верасьні Пакістан падпісаў мэмарандум аб узаемаразуменьні на 500 мільёнаў даляраў з прыватнай амэрыканскай кампаніяй US Strategic Metals. Першая партыя рэдказямельных мінэралаў ужо мелася быць пастаўленая ў пачатку кастрычніка.

ЗША і ЭЗ разглядаюць магчымасьць доступу да іншых краінаў Цэнтральнай Азіі, багатых крытычна важнымі мінэраламі і рэдказямельнымі элемэнтамі.

Вашынгтон стварыў Дыялёг па крытычна важных мінэралах C5+1, Партнэрства па глябальнай інфраструктуры і інвэстыцыях (PGII) «Вялікай сямёркі» (G7) і падпісаў двухбаковыя мэмарандумы аб узаемаразуменьні з краінамі Цэнтральнай Азіі.

Тым часам, крытычна важныя мінэралы і рэдказямельныя элемэнты былі ключавой часткай знакавага саміту ў красавіку ў Самаркандзе паміж Эўразьвязам і лідэрамі Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану, Туркмэністану і Ўзбэкістану.

Казахстан таксама абвясьціў у красавіку, што знайшоў велізарныя радовішчы, дзе ёсьць больш за 20 мільёнаў тонаў рэдказямельных элемэнтаў. Гэтае сьцьвярджэньне ўсё яшчэ правяраецца міжнароднымі фірмамі, але калі гэта будзе даказана, гэта дасьць Казахстану трэція па велічыні ў сьвеце запасы рэдказямельных элемэнтаў, пасьля Кітая і Бразыліі.

Але ёсьць некалькі фактараў, якія перашкаджаюць Цэнтральнай Азіі стаць сусьветным цэнтрам паставак рэдказямельных элемэнтаў і крытычна важных мінэралаў.

У дакладзе Атлянтычнай рады, аналітычнага цэнтру са штаб-кватэрай у Вашынгтоне, апублікаваным раней сёлета, гаворыцца, што рэгіён сутыкаецца з высокімі выдаткамі на перавозкі, адсутнасьцю інфраструктуры для экспарту і «высокарызыкоўным інвэстыцыйным асяродзьдзем, якое значна зьніжае камэрцыйную жыцьцяздольнасьць рэгіёну».

У заключэньні дакладу сьцьвярджаецца, што Злучаным Штатам варта ў кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай пэрспэктыве зьвяртацца па мінэральныя багацьці да краін з больш разьвітымі экспартнымі сэктарамі, такіх як Канада і Чылі.

«Хутка стварыць партнэрствы ў галіне найважнейшых мінэральных рэсурсаў жыцьцёва важна для намаганьняў ЗША па скарачэньні залежнасьці ад Кітая. Аднак Злучаным Штатам варта асьцерагацца нерэалістычных чаканьняў адносна таго, што можа прапанаваць Цэнтральная Азія», — гаворыцца ў дакладзе.