Расейскія ўлады хочуць атрымаць да 2 мільёнаў дадатковых вайскоўцаў без абвяшчэньня мабілізацыі

Расейскія вайскоўцы ў Барысаве на вучэньнях «Захад-2025», 6 чэрвеня 2025

Расейскія ўлады рыхтуюцца прыцягнуць да службы ў войску вялізныя мабілізацыйныя рэзэрвы Міністэрства абароны, якія былі створаны ўказам Уладзіміра Пуціна ў 2015 годзе.

У панядзелак урад Расеі ўхваліў законапраект, які дазволіць прэзыдэнту краіны выкарыстоўваць рэзэрвістаў без абвяшчэньня ваеннага становішча і мабілізацыі ў «контратэрарыстычных апэрацыях» і ваенных канфліктах, у тым ліку за мяжой. Пра гэта паведамілі «Интерфакс» і РБК са спасылкай на свае крыніцы.

Гэта дазволіць задзейнічаць для патрэбаў расейскай арміі да 2 мільёнаў чалавек, паведаміў каналу RTVI першы намесьнік старшыні камітэту па абароне расейскай Дзяржаўнай думы Аляксей Жураўлёў.

«Мы ж вядзем самыя сапраўдныя і вельмі маштабныя баявыя дзеянні, але пры гэтым афіцыйна вайна не абвешчана. І гэтыя юрыдычныя тонкасьці абмяжоўвалі магчымасьць для манэўру для Мінабароны, цяпер яны ліквідаваны», — сказаў дэпутат.

Гаворка ідзе пра людзей, якія «добраахвотна служылі ў войску», атрымліваючы за гэта розныя выплаты і льготы, а цяпер знаходзяцца ў рэзэрве, таксама атрымліваючы за гэта грашовыя даплаты і льготы. Гэтых людзей будуць прыцягваць «у значна большай колькасьці выпадкаў, чым раней», і гэта «цалкам нармальна, асабліва ўлічваючы сытуацыю, у якой цяпер знаходзіцца наша краіна», падкрэсьліў Жураўлёў.

Згодна з законапраектам, для рэзэрвістаў будуць праходзіць «спэцыяльныя зборы» для выкананьня «задач у галіне абароны» тэрмінам ня больш за 2 месяцы, у тым ліку па-за межамі Расеі. Цяпер рэзэрвістаў у Расеі афіцыйна можна выкарыстоўваць толькі падчас мабілізацыі, а ня ў мірны час.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія часова зачыніла памежную дарогу пасьля расейскай правакацыі з жаўнерамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У анэксаваным Расеяй Крыме гараць нафтабаза і электрападстанцыя. Расейскія войскі атакавалі Адэскую вобласьць і памежжа