ЗША, Эгіпет, Катар і Турэччына падпісалі дэклярацыю наконт Газы

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паказвае падпісаны дакумэнт на саміце ў эгіпецкім Шарм-эш-Шэйху 13 кастрычніка 2025

Злучаныя Штаты, Эгіпет, Катар і Турэччына на цырымоніі ў эгіпецкім Шарм-эш-Шэйху ў панядзелак падпісалі дэклярацыю ў якасьці гарантаў пагадненьня па Сэктары Газа, накіраваную на спыненьне двухгадовай вайны.

«Спатрэбілася 3000 гадоў, каб дайсьці да гэтага моманту. Ці можаце вы ў гэта паверыць? Гэта будзе падтрымана», — сказаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп перад падпісаньнем.

«Вы адзіны, хто можа прынесьці мір у рэгіён», — сказаў прэзыдэнт Эгіпту Абдэль Фатах ас-Сісі Трампу падчас сустрэчы незадоўга да падпісаньня. Ён таксама папрасіў Трампа падтрымаць заплянаваную канфэрэнцыю па аднаўленьні Сэктара Газа, якую Эгіпет хоча правесьці разам зь Нямеччынай.

У эгіпецкім курортным горадзе Шарм-эш-Шэйх праходзіць саміт больш чым 20 сусьветных лідэраў, скіраваны на тое, каб спыніць вайну ў Газе. У саміце, акрамя падпісантаў дэклярацыі, бяруць удзел лідэры ​Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Францыі, Турэччыны і шэрагу іншых эўрапейскіх, арабскіх і ісламскіх краін.

Прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу атрымаў запрашэньне на самі, але адмовіўся, спаслаўшыся на габрэйскае сьвята Сімхат Тора.

Мірны плян Трампа прадугледжвае раззбройваньне ХАМАС (групоўка ўжо заявіла, што ня будзе гэтага рабіць), а таксама ўстанаўленьне кіраваньня Газай часовым палестынскім пераходным урадам з апалітычных тэхнакратаў пры падтрымцы Міжнародных стабілізацыйных сіл, створаных пад эгідай ЗША ў супрацоўніцтве з арабскімі і міжнароднымі сіламі. Калі ХАМАС адмовіцца выконваць пагадненьне, яно ўсё адно будзе рэалізавана ў «свабодных ад тэрору зонах», перададзеных стабілізацыйным сілам ізраільскай арміяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ХАМАС перадаў у Газе 20 ізраільскіх закладнікаў, Ізраіль — арабскіх зьняволеных. Трамп кажа пра «гістарычны сьвітанак»

Цяперашняя вайна пачалася два гады таму пасьля таго, як ХАМАС напаў на Ізраіль 7 кастрычніка. Ізраіль адказаў, пачаўшы маштабную кампанію ня толькі па вызваленьні закладнікаў, але і па зьнішчэньні ХАМАС. Дзеяньні Ізраіля сутыкаліся з усё большай крытыкай з боку многіх краін сьвету, якія адзначалі вялікую колькасьць ахвяр сярод мірнага насельніцтва і гуманітарны крызіс у Сэктары Газа. Злучаныя Штаты падтрымліваюць Ізраіль, імкнучыся дасягнуць як найхутчэйшага спыненьня агню і ўсталяваньня міру ў рэгіёне.

Ізраільскія закладнікі і палестынскія зьняволеныя вяртаюцца дадому