Дарадца прэзыдэнта Наўседы: няма фінальных рашэньняў аб ахове Ціханоўскай у Літве

Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў пытаньнях замежнай палітыкі Аста Скайсгірыце 14 кастрычніка заявіла, што канчатковае рашэньне аб узроўні аховы лідэра беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай пакуль не прынятае.

«Наколькі я разумею, канчатковае рашэньне ўрадам яшчэ не прынята, яно яшчэ абмяркоўваецца, пытаньне вырашаецца», — заявіла Аста Скайсгірыце ў інтэрвію радыёстанцыі Žinių radijas у аўторак.

Паводле яе словаў, якія цытуе агенцтва BNS, прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа лічыць, што Ціханоўская павінна і далей знаходзіцца пад аховай, а ўзровень і мэтады абароны маюць вызначаць службы.

Аднак дарадца сьцьвярджае, што рашэньне аб ахове мусіць быць палітычным.

«Мы ня можам зводзіць рашэньне да тэхнічных дэталяў, але тэхнічна гэта павінна быць правільнае, добрае рашэньне», — сказала Скайсгірыце.

Паводле яе, афіцыйны статус Ціханоўскай у Літве захоўваецца, яна мае ў краіне статус госьця, акрэдытацыя, выдадзеная Міністэрствам замежных справаў Беларускаму дэмакратычнаму прадстаўніцтву, па-ранейшаму сапраўдная.

«Відавочна, што ўрад прыме да ўвагі гэты комплекс прычын, прымаючы адпаведныя рашэньні», — сказала дарадца Наўседы.

У кастрычніку ўлады Літвы заявілі пра зьніжэньне ўзроўню аховы Ціханоўскай і яе працоўных памяшканьняў.

Службовыя асобы сьцьвярджаюць, што замест Службы аховы кіраўніцтва яе бясьпеку зараз будзе забясьпечваць Бюро крымінальнай паліцыі Літвы.

Зьмены ў сыстэме бясьпекі азначаюць, што дом і офіс Ціханоўскай застаюцца пад аховай, аднак лідэрка беларускай апазыцыі пазбавілася асабістай аховы ў Літве і за мяжой.

У адказ на заявы некаторых палітыкаў аб тым, што Ціханоўская можа разгледзець магчымасьць пераезду ў Польшчу, Скайсгірыце заявіла:

«Спадарыня Ціханоўская — вольны чалавек і не знаходзіцца ў турме. Вядома, калі б яна захацела, яна магла б разгледзець і іншыя варыянты, але нашая задача — забясьпечыць, каб яна адчувала сябе ў Літве ў бясьпецы».

У Офісе Ціханоўскай заявілі, што працягваюць працу, але зараз у офісе працуе толькі частка калектыву. Прадстаўнікі Офісу кажуць, што пасьля апошніх рашэньняў Літвы пагрозаў на іхны адрас пабольшала.

Сьпікер Сейму Літвы Юозас Олекас заявіў 9 кастрычніка, што дапамога Літвы нікуды ня зьнікла і будзе працягвацца. Ён адзначыў, што Сейм падтрымлівае шчыльны кантакт зь беларускай апазыцыяй праз сустрэчы, дыскусіі й супольную працу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магчымы пераезд і ціск на сваякоў: Офіс Ціханоўскай паведаміў заходнім урадам пра зьніжэньне ўзроўню аховы ў Літве
  • Паводле праваахоўнікаў, пасьля зьмены рэжыму аховы Ціханоўская, ейны офіс і дом будуць па-ранейшаму пад аховай, аднак калі лідэрка беларускай апазыцыі будзе за мяжой, яе ахову мае забясьпечваць краіна, якая прымае.
  • Тыя, хто прыняў гэтае рашэньне, і палітыкі, якія яго падтрымліваюць, сьцьвярджаюць, што рэжым бясьпекі быў зьменены ў сувязі са зьменай узроўню пагрозы і што гэта тэхнічная зьмена.
  • Крытыкі падазраюць, што гэтае рашэньне мае палітычны характар і патурае тым, хто лічыць, што Ціханоўскай, якая прыбыла ў Літву ў 2020 годзе, надаецца празьмерная ўвага і на яе ахову вылучаецца занадта шмат рэсурсаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе з Офісам Ціханоўскай і падтрымкай беларускага дэмакратычнага руху ў Літве? Тлумачаць літоўскія экспэрты