«У канцы верасьня разам зь беларускімі калегамі з Кангрэсу беларусазнаўцаў, які ў той час адбываўся ў Бэрліне, я наведала сустрэчу ў МЗС Нямеччыны. У размове пра сытуацыю з навукоўцамі калегі падкрэсьлілі, наколькі моцна гісторыя ў Беларусі выкарыстоўваецца зараз як зброя для крыміналізацыі навуковых дасьледаваньняў і апазыцыйных галасоў. Таму рашэньне МЗС і DAAD не працягваць фінансаваньне нашага Форуму — праекту, які пасьпяхова супрацьстаяў інструмэнталізацыі гісторыі і стварыў прастору для навуковага абмену — выклікае пытаньні», — паведаміла Алеся Белановіч-Пэц на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле яе, у МЗС Нямеччыны паведамілі, што фінансаваньне спынілі праз дэфіцыт бюджэту. «Так, многія праекты трапілі пад скарачэньне. Але як у такіх умовах будаваць і ствараць дэмакратычную будучыню? Бо менавіта гэтага баяцца такія рэжымы — будучыні, якую мы ствараем. Менавіта цяпер, у гэтай палітычнай сытуацыі, канец фінансаваньня пасылае засмучальны сыгнал», — мяркуе Алеся Белановіч-Пэц.
Алеся Белановіч-Пэц таксама працытавала сябра дарадчай групы Форуму Фэлікса Акермана, які ў камэнтары для нямецкага выданьня FAZ заявіў: «Гэта, у істоце, прызнаньне таго, што МЗС Нямеччыны ў будучыні не разьлічвае на дзяржаўную самастойнасьць Беларусі».
Форум гістарычных дасьледаваньняў Беларусі — плятформа для прэзэнтацыі актуальных дасьледаваньняў гісторыі Беларусі ў міжнацыянальным кантэксьце. Форум стварае пляцоўку для дыскусіяў, узмацняе грамадзкую цікавасьць да гэтых пытаньняў. Ён выбудоўвае сеткі кантактаў і абмену паміж беларускімі гісторыкамі, праз рэпрэсіі вымушаных эміграваць у Нямеччыну, Польшчу, Літву, і іх калегамі ў Беларусі і па-за яе межамі. Форум дае магчымасьці праводзіць публічныя онлайн-дыскусіі й канфэрэнцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пантэон без Каліноўскага: гісторыя як інструмэнт улады