BySol не Андрэя Стрыжака. Невядомая гісторыя фонду беларускай салідарнасьці вачыма стваральнікаў і ўдзельнікаў

Сьцісла

  • BySol стварыла каманда з 6-7 чалавек у першыя дні пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, каб падтрымаць страйкоўцаў. Цяпер у арганізацыі не засталося ніводнага зь іх.
  • За гэты час каманда перажыла тры буйныя крызісы з падзелам, адыходам людзей і крызісам кіраваньня.
  • Адным зь іх стаў падзел BySol на літоўскую і нідэрляндзкую часткі. Літоўскі фонд застаўся асноўным.
  • Падчас другога крызісу ў BySol спрачаліся пра «грошы ў капэртах», былі асабістыя канфлікты, з фонду адышлі некалькі чалавек, у тым ліку двое сузаснавальнікаў.
  • Людзі ахвяравалі BySol больш за 8 мільёнаў эўра. Фонд дапамог дзясяткам тысяч беларусаў.
  • Пасьля скандалу з «дыкпікамі» стваральніка BySol Андрэя Стрыжака з каманды вырашыў адысьці амаль увесь дырэктарат. Месца заснавальніка заняў непублічны, «папяровы» чалавек.

Расказваем невядомую гісторыю Фонду беларускай салідарнасьці BySol. Ініцыятыва, якой людзі даверылі больш за восем мільёнаў эўра і якая дапамагла дзясяткам тысяч беларусаў, перажыла два пераломныя моманты, з падзеламі і крызісам кіраваньня, а цяпер перажывае трэці. У выніку сэкс-скандалу сышоў апошні (і першы) ягоны стваральнік. Якая будучыня адной з самых пасьпяховых грамадзкіх ініцыятываў у найноўшай беларускай гісторыі?


Мы пагаварылі зь дзесяцьцю чалавекамі, якія мелі дачыненьне да фонду на розных этапах. Бадай што найчасьцейшая фраза падчас інтэрвію: «BySol ня роўны аднаму чалавеку».

Фонд, які паўстаў дзеля падтрыманьня страйкоўцаў пасьля гістарычных выбараў у 2020-м, цягам пяці гадоў падтрымліваў ня толькі іх. Ён сабраў грошы для вэтэранаў, якіх на 9 траўня не хацеў віншаваць Лукашэнка. Дзецям палітвязьняў — на вакацыі, добраахвотнікам ва Ўкраіне — на рыштунак. Тым, хто выехаў, — на жытло, хто захварэў — на лекаваньне. Вызваленым палітвязьням — грошы на першы час. Тым, хто страціў працу, — навучаньне новай прафэсіі. Служба эвакуацыі дапамагла ўцячы зь Беларусі тысячам чалавек.

У Беларусі BySol прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Сузаснавальнікаў фонду завочна асудзілі на 16–18 гадоў турмы, у тым ліку нібыта за «фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці» і «прапаганду тэрарызму». Дзясяткі тысяч ахвярадаўцаў у Беларусі апынуліся пад пагрозай перасьледу за дапамогу данатамі іншым беларусам.

Фонд і яго прадстаўнікі сталі своеасаблівымі рок-зоркамі і «гісторыяй посьпеху» беларускай грамадзянскай супольнасьці. На фэстывалях дзейнасьць фонду рэклямавалі гіганцкая надзіманая жоўтая качка, налепкі «экстрэміст» на целе і бліскаўкі.

«Нам патрэбная свая „Салідарнасьць“»

14 жніўня 2020 году. Пяць дзён пасьля галасаваньня на выбарах прэзыдэнта, калі па ўсёй Беларусі да выбарчых участкаў выцягнуліся даўжэзныя чэргі з ахвочых выбраць альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку. Ужо былі першыя вулічныя пратэсты супраць сфальшаваных выбараў, якія ўлады па-зьверску разагналі. Кадры з выявамі соцень катаваных беларусаў шакавалі сьвет. Рабочыя буйных прадпрыемстваў заявілі, што пачнуць страйк. Жанчыны ў белым ужо ўсталі ў мірныя „ланцугі пратэстаў“ на вуліцах беларускіх гарадоў, але першы масавы нядзельны марш, які згуртаваў сотні тысяч беларусаў усяе краіне, яшчэ не прайшоў.

«Ланцуг салідарнасьці» жанчын у белым на Камароўскім рынку ў Менску, 12 жніўня 2020 году. Архіўнае фота

У кіеўскім офісе на Падоле сабраліся з тузін чалавек, якія нядаўна выехалі зь Беларусі.

«Тут прыйшоў Андрэй [Стрыжак] і кажа: давайце падумаем, як праактыўна дапамагаць пратэстоўцам. Нам патрэбная свая „Салідарнасьць“», – успамінае адзін з сузаснавальнікаў Яраслаў Ліхачэўскі.

Яраслаў Ліхачэўскі, архіўнае фота

«Solidarność» – незалежны прафсаюз, які стварылі ў Польшчы ў 1980 годзе. Ён пасьля перарос у грамадзка-палітычны рух, які супрацьстаяў камуністычным ўладам. Гэта прывяло да таго, што Польшча дамаглася свабоды ад дыктатуры ў 1989 годзе.

На той момант у Беларусі ўжо дзейнічала ініцыятыва ByHelp, створаная ў 2017 годзе. Гэта быў першы сыстэмны палітычны фандрэйзінг у Беларусі. Ён займаўся дапамогай арыштаваным на «содні», кампэнсацыяй штрафаў, пашырыў дзейнасьць на выплаты пабітым, параненым і сем’ям загінулых падчас пратэстаў. Тады людзі за адзін дзень пасьля 9 жніўня сабралі амаль мільён даляраў на выплаты пацярпелым.

«Нам насыпалі столькі грошай, што мы не маглі абысьціся намі самімі, мной, Андрэем (Стрыжаком, які таксама быў сузаснавальнікам ByHelp. — РС) і парай чалавек», – успамінае кіраўнік ByHelp Аляксей Лявончык.

«Я прапанаваў калегам (з ByHelp. — РС) пашырыцца яшчэ больш: на мандат тым, хто быў звольнены з палітычных прычынаў і тым, хто хацеў рабіць страйк. Тут мы не знайшлі паразуменьня, бо ўнутраны рэсурс арганізацыі быў вычарпаны. Больш пашырацца не было куды, — расказвае Андрэй Стрыжак. — Тут я даведаўся, што ёсьць нейкія беларусы ў Кіеве і яны пачынаюць нейкі варушняк. Я паехаў зь імі знаёміцца. Прыйшоў і сказаў: „Давайце рабіць фонд пад назвай BySol — і празь вельмі кароткі час у нас будзе мінімум мільён эўра“».

Дамовіліся, што новы фонд будзе забясьпечваць пратэстоўцаў на выпадак страты працы. Страйкоўцам абяцаліся выплаціць па 1,5 тысячы эўра — тры месячныя заробкі «па пяццот». Неўзабаве BySol сапраўды сабраў першы мільён даляраў з індывідуальных ахвяраваньняў і пачаў рабіць выплаты страйкоўцам.

Аляксей Лявончык, архіўнае фота

Кіраўнік ByHelp Аляксей Лявончык кажа, што стварэньне новага фонду не было вынікам іхнага канфлікту, наадварот, ён тады быў зацікаўлены разьдзяліць вялікі аб’ём падобнай працы. Яны з Стрыжаком узаемна рэклямавалі ініцыятывы адзін аднаго.

Колькі дакладна было заснавальнікаў BySol, вызначыць не ўдалося. Суразмоўцы расказваюць розныя вэрсіі. «На паперы» фонду спачатку не было.

«BySol зьяўляўся вельмі хаатычна — як адказ на існыя праблемы. Падзеі разьвіваліся імкліва», — успамінае Аляксандра Зьверава, якая была ў фондзе ад самага пачатку.

Сярод тых, хто ствараў BySol, былі IT-прадпрымальнікі, аўтары мэдычнага стартапу Deep Dee Яраслаў Ліхачэўскі і Аляксей Кузьмянкоў (жыў у Нідэрляндах), бізнэсовец і ілюстратар Аляксандар Падгорны (вядомы як Саша Астэрман), блогерка Аляксандра Жук (выступае ў сетках як Саша Зьверава).

Гэтыя людзі сфармавалі каманду яшчэ ў Менску пасьля затрыманьня Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Яны займаліся назіраньнем за выбарамі, дапамогай ініцыятывам і актывістам падчас пратэстаў. Калі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў яны зьехалі ў Кіеў, да каманды далучыўся праваабаронца Андрэй Стрыжак. Сярод заснавальнікаў быў і кіраўнік ByHelp Аляксей Лявончык, а таксама некалькі ананімных ці непублічных людзей.

Кіеў. Выгляд на Падол з боку Дняпра. Ілюстратыўнае фота

«Тэмпэратура градусаў сорак. Памятаю гэты пякельны жнівень, калі мы сядзелі ў офісе за поўнач. Ехалі дадому. Усе здымалі ўшасьцёх адну вялікую кватэру, бо не было часу шукаць жытло. Рабілі „дэбрыф“ на кухні. Клаліся спаць. Недзе, а 4-й ці 5-й раніцы пад вокнамі пачыналі езьдзіць трактары, пачынала сонца пячы ў вокны. Спаць было ўжо немагчыма. Мы ўставалі і ехалі ў офіс. Спалі па тры гадзіны, калі пашчасьціць», — успамінае Яраслаў Ліхачэўскі ўмовы, у якіх яны працавалі.

«Шчыра ўпэўненыя: частка Sol у назьве — ад слова Салігорск»

У канцы жніўня 2020 году BySol зарэгістравалі ў Нідэрляндах. Ягоным адзіным заснавальнікам, паводле дакумэнтаў, быў прадпрымальнік Аляксей Кузьмянкоў. На яго былі зарэгістраваныя банкаўскія рахункі. Першыя месяцы дзейнасьць BySol вялася праз гэтую нідэрляндзкую структуру. Кузьмянкоў адказваў за тэхнічную частку арганізацыі збораў, расказвае Ліхачэўскі. Яны разам займаліся сайтам, дамэнам, хостынгам.

«Каб не было відаць, каму мы грошы пераводзім. Я дагэтуль ня ведаю ніводнага выпадку, калі б кагосьці затрымалі за атрыманьне дапамогі ад BySol. Былі затрыманьні, калі людзей прымушалі адкрываць іхны Facebook і паказваць, што яны данацілі», — кажа ён.

Сілавікі ў Беларусі з 2023 году сталі вылічваць і затрымліваць сотні чалавек, якія ахвяравалі грошы пратэстоўцам праз Facebook — у рамках ініцыятывы BySol. Іх выклікалі на гутаркі ў КДБ, прымушаючы сплаціць нібыта «кампэнсацыю нанесенай шкоды» — часта ў дзесяціразовым памеры ад сумы ахвяраваньня. На сотні, а мо і тысячы чалавек завялі крымінальныя справы за дапамогу.

У BySol тады патлумачылі, што сілавікі вылічваюць ахвярадаўцаў праз банкі. У фондзе паведамілі, што праз Facebook ахвяравалі грошы 66 тысяч чалавек. Параілі ахвярадаўцам выдаліць свае акаўнты у FB і зьехаць зь Беларусі. Каб абараніць сябе, беларусы тады сапраўды масава выдалялі акаўнты ў Facebook.

«Я ня ведаю фактаў пра пацярпелых ад дзейнасьці BySol. Ад нас не выцякала ніякая інфармацыя, не зьлівалася ніколі. Іншая рэч, калі сілавікі маглі схапіць кагосьці, пабачыць данаты або падпіску. На гэта мы ня маем уплыву, няма ў нас такой статыстыкі. Для нас бясьпека атрымальнікаў і ахвярадаўцаў вельмі важны момант. Гэтыя зьвесткі мы захоўваем у максымальнай сакрэтнасьці, з максымальным абмежаваньнем асобаў, якія маюць доступ да іх», — кажа цяперашні супрацоўнік службы камунікацыі BySol Зьміцер Ягораў.

Яраслаў Ліхачэўскі, акрамя тэхнічнай часткі, адказваў у фондзе за заводы — каардынаваў працу страйкамаў, кажа ён.

«Самыя мае любімыя былі „Белкалій“ — унікальныя хлопцы. Мы ў пэўны момант ад іх даведаліся, што яны былі шчыра ўпэўненыя: частка „Sol“ у назьве фонду ад слова Салігорск. Таму яны вельмі зьдзівіліся, чаму мы ня ўсе грошы фонду ім аддаём», — усьміхаецца Ліхачэўскі.

Страйк шахтароў у Салігорску, жнівень 2020. Архіўнае фота

Ён дадае, што яшчэ кантактаваў з IT-бізнэсамі і буйнымі донарамі. Асобная каманда кантактавала зь іншымі бізнэсамі. Андрэй Стрыжак займаўся краўдфандынгам (складчынай), адказваў за інтэрвію і працу з журналістамі. Роля Аляксандры Жук, зь ейных словаў, была прыцягваць увагу да дзейнасьці фонду ў сацыяльных сетках, камунікаваць з мэдыя. Аляксей Лявончык першыя месяцы рэклямаваў фонд у сацыяльных сетках.

У BySol былі ключавыя асобы, якія не ўваходзілі ў кіраўніцтва ініцыятывы. Прыкладам, дзяўчына з досьведам краўдфандынгу ў Беларусі адбудавала працэсы прыёму, апрацоўкі заявак, вэрыфікацыі. Яна пакінула фонд увесну 2021 году.

«Яна зрабіла тытанічную працу. Гэта тое, на чым трымаецца BySol дагэтуль. Усе лідэры сваіх кірункаў былі ключавымі пэрсанажамі. Мэдыкамі займаўся Андрэй Ткачоў, адна з ключавых асобаў», — адзначае Яраслаў Ліхачэўскі.

«Усе былі зараджаныя. Мы так хацелі ўсё парамантаваць. У нас было столькі веры ў тое, што мы робім, што мы зараз усё пабудуем, і будзе дэмакратыя ў Беларусі. Мы вельмі шмат працавалі. Выяжджаць з офісу ў 2-3 гадзіны ночы і вяртацца туды, а 9-й раніцы было нашым стандартным раскладам. Былі дні, калі я прыяжджала дадому, хадзіла ў душ, ляжала пару гадзін у ложку, бо спаць зусім не магла, і ехала зноў у офіс. Мы сябравалі, моцна падтрымлівалі адно аднаго, шмат жартавалі», — кажа Аляксандра Зьверава.

Пазьней дапамогу сталі дзяліць на кірункі: заводы, адукацыя, ахова здароўя, культура, міліцыянты (спачатку сілавікам дапамагаў таксама прадпрымальнік Мікіта Мікада, пакуль не затрымалі супрацоўнікаў ягонай кампаніі PandaDoc).

«У нас атрымалася „мапа міністэрстваў“. Ідэя была ня толькі даць фінансавую падтрымку, а знайсьці асобаў з адпаведнай галіны, якія маглі б стаць альтэрнатыўнымі лідэрамі. Мы хацелі знайсьці выбітных дактароў, прадстаўнікоў культуры, адукацыі. Праводзілі перамовы з нідэрляндзкімі ўнівэрсытэтамі, каб беларускія дактары маглі атрымаць дадатковую адукацыю і ліцэнзію на працу. Гэта пашыралася за межы грашовай дапамогі», — успамінае Яраслаў Ліхачэўскі.

Некаторыя каманды потым выдзеліліся ў «даччыныя» арганізацыі: фонды спартовай, культурнай, мэдычнай салідарнасьці.

«Мы досыць жвава выбудавалі працэсы, якія складаліся з аднаго боку з фандрэйзінгу, прыцягваньня грошай, а з другога — са збору і вэрыфікацыі на выплаты. Спачатку было няшмат, а потым яны пасыпаліся масава. Трэба было разумець, хто сапраўды патрабуе дапамогі, а хто проста грошай хоча», — расказвае Ліхачэўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ўжо ня памятаю свайго сапраўднага імя». Як працуе эвакуацыйная каманда, якая вывозіць людзей зь Беларусі

BySol займаўся таксама рэлякацыяй актывістаў зь Беларусі ў Літву, дапамагаў зь візамі, жытлом на першы час. У 2021 годзе зьявілася служба тэрміновай эвакуацыі людзей без пашпартоў або ў вышуку, якая стала працаваць пры фондзе.

У канцы жніўня 2020-га частка каманды BySol сустрэлася зь Сьвятланай Ціханоўскай у Вільні. Дамовіліся перавезьці людзей у Літву і каардынаваць дзейнасьць зь ейным офісам. І ўжо ў пачатку верасьня пераехалі. Спачатку каманды Ціханоўскай і BySol месьціліся ў адным офісе, там жа працавала студыя «Краіна для жыцьця».

Каманда BySol пры пераезьдзе з Кіева ў Вільню складала каля 60 чалавек, кажа Яраслаў Ліхачэўскі. Калі ён пакідаў каманду ў 2021 годзе, яна налічвала каля 30 чалавек.

У канцы 2020 году фонд BySol зарэгістравалі таксама ў Літве, у тым ліку таму, што бальшыня супрацоўнікаў месьцілася ў гэтай краіне, і так было зручней. Ліхачэўскі адзначае, што ня памятае канфліктаў у фондзе ў той час.

«Мы стараліся зрабіць гарызантальную дэмакратычную структуру, у якой ініцыятыва і адказнасьць была больш на лідэрах кірункаў, якія не абавязкова ўваходзілі ў „борд“ (праўленьне арганізацыі. — РС)», — тлумачыць сузаснавальнік фонду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2700 эвакуацый, 8 мільёнаў эўра дапамогі: Фонд BySol адзначае 5-ці гадовы юбілей. Распыталі кіраўніцтва пра дасягненьні і праблемы

«Развод» літоўскай і нідэрляндзкай частак

Суразмоўцы расказалі Свабодзе, што за пяць гадоў дзейнасьці фонду каманда перажыла два крызісныя пэрыяды. Трэці ідзе цяпер і зьвязаны з сыходам Андрэя Стрыжака.

«Недзе праз год (пасьля стварэньня фонду. — РС) усё пачало ламацца. Хлопцы пачалі сварыцца, канкураваць, нешта высьвятляць. Да мяне любілі па чарзе прыйсьці паплакацца, бо нешта не маглі падзяліць. Потым пачаліся міжусобныя канфлікты», — расказвае Аляксандра Зьверава.

Яна тлумачыць, што спрэчкі былі пра тое, як разьмяркоўваць фінансаваньне, на якія праекты накіроўваць.

Першыя двое сузаснавальнікаў Яраслаў Ліхачэўскі і Аляксей Кузьмянкоў сышлі з фонду BySol у жніўні 2021 году. Разам зь імі каманду пакінула і яшчэ адна непублічная прадстаўніца кіраўніцтва. Паводле Ліхачэўскага, гэта спачатку ня меўся быў сыход. Яны дамовіліся зрабіць рэструктурызацыю і падзяліць фонд на літоўскую і нідэрляндзкую часткі, каб больш эфэктыўна працаваць.

«А потым празь некаторы час было такое: „Мы не зацікаўленыя ў далейшым супрацоўніцтве і камунікацыі“. Андрэй (Стрыжак. — РС) гэта паведаміў. Нас адрэзалі. Сышлі трое сузаснавальнікаў зь сямі», — кажа Ліхачэўскі.

Ліхачэўскі кажа, што бакі разышліся, бо мелі рознае бачаньне далейшага разьвіцьця фонду, калі рэвалюцыя ў Беларусі ня здолела хутка перамагчы.

«Мы хацелі заставацца ключавым гульцом нароўні з буйнымі донарамі, магчыма, прасіць іхнай падтрымкі, але стварыць сытуацыю, калі мы былі б больш патрэбныя ім, чым яны нам з сваімі грашыма. У нас для гэтага былі ўсе інструмэнты, у тым ліку нашая тэхнічная экспэртыза. Андрэй кінуўся разьвіваць праектавы кірунак. У выніку BySol станавіўся ўсё больш залежным ад донарскіх грошай. Нам гэта не падабалася», — успамінае прадстаўнік нідэрляндзкай часткі фонду.

Андрэй Стрыжак на форуме "Беларусы годныя лепшага". Варшава, студзень, 2025

Андрэй Стрыжак называе іншую прычыну разыходжаньня з калегамі: Ліхачэўскі быў упаўнаважаны знайсьці фінансаваньне на каманду, а ён знайшоў грошы на пабочны праект, які не прадугледжваў фінансаваньня каманды.

«Яраслаў хацеў рэалізоўваць свой праект Digital Solidarity. Але ў нас быў вялікі скепсіс, бо ён выступаў як канкурэнт для кропкі пасадкі ў выглядзе bysol.org. Замест таго, каб лабіяваць інтарэсы каманды, былі пралабіяваныя інтарэсы гэтага праекту. Ён фактычна ствараў нейкую паралельную структуру, якая не адпавядала таму стану справаў, якія былі на той момант. Яна стварала нешта новае», — тлумачыць Стрыжак.

Ён дадае, што яны дамовіліся, што гэта будзе «мірны развод, без скандалаў».

«Каб не было такога, што ў Беларусі ўсяго па два і BySol’аў таксама два. За Ліхачэўскім засталася нідэрляндзкая юрыдычная асоба», — расказвае ён.

Ліхачэўскі кажа, што не хацеў аддаваць назву фонду, якую перш зарэгістравалі ў Нідэрляндах.

«Мы вырашылі, што больш эфэктыўна даць Андрэю рабіць тое, што ён хоча. Вельмі крыўдна было аддаваць яму імя BySol і патураць яму на шляху „BySol гэта я“. Лёша (Кузьмянкоў) мяне пераканаў, што таньней будзе аддаць, чым бясконца ваяваць за гэта імя», — расказвае Яраслаў Ліхачэўскі.

«У іх назва засталася Belarus Solidarity Foundation. А ў нас быў Фонд беларускай салідарнасьці BySol. Гэта дзьве розныя юрыдычныя асобы і таму розныя назвы. Гандлёвая марка не рэгістравалася, ні за кім не замацоўвалася», — тлумачыць Стрыжак.

Каб разыход прайшоў больш спакойна, у якасьці мэдыятараў паміж двума бакамі выступалі праваабаронцы. Пасьля гэтага Ліхачэўскі і Кузьмянкоў пэўны час займаліся ініцыятывай Digital Solidarity. Іхныя напрацоўкі потым увайшлі ў праект «Новая Беларусь».

Свабода зьвярталася па інтэрвію таксама да Аляксея Кузьмянкова, але марна.

Грошы ў капэртах

У 2022 годзе, калі пачалася поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны, фонд BySol пашырыў дапамогу таксама на Ўкраіну. Андрэй Стрыжак называе гэты год пераломным у працы арганізацыі.

Аляксандра Зьверава

У гэты год і ў пачатку 2023-га здарыўся другі крызіс, калі арганізацыя апынулася ледзь не на мяжы распаду. У нас няма агульнай карціны таго пэрыяду. Аднак, з словаў суразмоўцаў, пытаньні былі зьвязаныя з грашыма, асабістымі канфліктамі і ўладай унутры. У выніку частка каманды сышла, а рэшта здолела перасабрацца і працягнуць працу.

Пасьля аддзяленьня нідэрляндзкай часткі фонду, з словаў Аляксандры Зьверавай, атмасфэра ў камандзе пачала пагаршацца.

«Андрэй вакол сябе зьбіраў ня добрых спэцыялістаў, а ляяльных. У нас быў жарт наконт Андрэя і таго, што ён закрые фонд. Была імпрэза, калі запрасілі ад фонду пагаварыць Лёшу Кузьмянкова. Андрэй прыехаў амаль у сьлязах, кідаў кампутар і казаў, што закрые фонд, бо не яго паклікалі пагаварыць. Часьцей ад фонду клікалі яго. Калі клікалі мяне, ён прыходзіў і казаў: „А чаму паклікалі цябе, а не мяне?“» — успамінае суразмоўца.

З словаў Зьверавай, Стрыжак часта на нарадах гаварыў у духу тэорыі змовы — «усе супраць нас», «навокал адныя ворагі». Гэта пацьвярджалі і іншыя суразмоўцы Свабоды. Паводле Зьверавай, каманда верыла гэтаму.

Трэцім сузаснавальнікам, які сышоў з фонду, стаў бізнэсовец Аляксандар Падгорны (Саша Астэрман). Паводле Зьверавай, гэта адбылося прыкладна ўвесну 2022 году.

«Андрэй настолькі імкнуўся заняць адзіную лідэрскую пазыцыю, што стаў Сашу выжываць. Ён яго не пускаў на нарады, на сустрэчы, у офіс, у каманду», — расказвае Зьверава.

Свабода зьвярталася да Аляксандра Падгорнага па інтэрвію, але нам не ўдалося пагаварыць.

«Аляксандар дыстанцыяваўся доўгі час ад фонду праз асабістыя прычыны, — кажа пра Падгорнага Андрэй Стрыжак. — Калі ён вярнуўся ў арганізацыю, яна была ўжо зусім іншай, моцна разьвілася і пайшла далей. У Аляксандра было жаданьне займацца кірункамі, якімі ўжо займаліся іншыя. Ён сузаснавальнік, але яму было складана ўбудавацца ў сыстэму».

Стрыжак дадае, што пікам сытуацыі стаў пачатак поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, калі трэба было выконваць зьвязаныя з гэтым задачы ў фондзе. На ягоную думку, ім добра даў бы рады Падгорны, але здарыўся канфлікт паміж Падгорным, камандай і Стрыжаком, і ў выніку бізнэсовец сышоў.

Зьверава расказала, што Астэрман у Беларусі меў свой бізнэс, ён «бачыў грошы». Калі ён зьехаў зь Беларусі і ўключыўся ў дапамогу пратэстоўцам, то страціў беларускі бізнэс. Некалькі месяцаў ён даваў фонду BySol свой офіс у Вільні.

У лістападзе 2022 году з фонду звольнілася чацьвёртая сузаснавальніца зь першага складу — Аляксандра Зьверава. Яна кажа, што ў арганізацыі адбываліся рэчы, якія яе бянтэжылі. Яна чула пра выпадкі дамаганьняў Стрыжака да некалькіх супрацоўніц фонду, а таксама выпадкі яго злоўжываньня службовым становішчам, калі за асабістыя адносіны супрацоўніца мела лепшыя ўмовы працы.

Яшчэ адна супрацоўніца, Маша Анімія, таксама сказала, што ў фондзе былі парушэньні межаў працоўных адносінаў, але адзначыла, што дэталяў ня ведае. Стрыжак цяпер у размове з Свабодай назваў гэтую заяву «дзіўнай» і адзначыў, што людзі працавалі прыкладна ў аднолькавых умовах.

Намёт BySol на фэстывалі Tutaka ў Польшчы. Супрацоўнікі фонду за данаты прыклейваюць ахвочым на цела налепкі «экстрэміст», «каханьне». 2025 год. Архіўнае фота

Яшчэ адна справа была зьвязаная з стыпэндыямі для супрацоўнікаў, дадатковымі да асноўных заробкаў. З словаў Зьверавай, гэтыя грошы, каля тысячы эўра ў месяц, людзі здымалі з карты і аддавалі гатоўкай Андрэю Стрыжаку, так было некалькі месяцаў.

«Гэта дэкляравалася як фонд забесьпячэньня. Калі раптам будзе перапынак у фінансаваньні, каб было з чаго плаціць заробак, давайце стыпэндыю складваць кэшам. У маім уяўленьні гэта быў сюр, так адбывацца не павінна», — расказвае Аляксандра.

Яна кажа, што потым запыталася ў Стрыжака, куды ідуць гэтыя грошы, запытала справаздачу. Пазьней у калектыве абмяркоўвалі пытаньне грошай.

Пра гэта таксама расказвала Маша Анімія. Яна працуе ў BySol амаль з самага пачатку, з кастрычніка 2020 году. Займаецца дапамогай беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне і камунікацыяй. Яна адна зь нямногіх супрацоўнікаў фонду, хто не хавае свайго твару. Маша запісвае відэаролікі для сацыяльных сетак BySol.

Маша Анімія

Яна расказала Свабодзе, што каманда дамаўлялася наконт тых стыпэндыяў, якія яны атрымлівалі. Іх зьбіралі, каб стварыць «падушку бясьпекі» для супрацоўнікаў.

«Не было такога, што некага прымушалі гэта рабіць. Заўсёды можна было распытаць, на што гэта, чаму, куды, дзе разьлікі. Калі ты даеш згоду на распараджэньне сваімі сродкамі, заўсёды можна прадумаць, як ты будзеш атрымліваць за іх справаздачу. Іншая рэч, што ў той момант гэтымі пытаньнямі часткова займаліся людзі, якія даўно не працуюць у фондзе, і тое, як яны гэта рабілі, магло выклікаць больш пытаньняў, чым у пачатку», — кажа Маша Анімія.

Гэтая сытуацыя з грашыма настолькі паўплывала на калектыў, што пасьля яе паўстала пытаньне стварэньня нейкай дадатковай кіроўнай структуры кшталту дырэктарату.

«Трэба было стварыць структуру, якая магла б рэпрэзэнтаваць яшчэ нейкія спосабы, меркаваньні для працы, каб было дзеяньне і супрацьдзеяньне, для адкрытасьці ўсіх рашэньняў, і каб супрацоўнікам было зразумела, і каб нічога не прымалася дырэктыўным загадам — калі вось так і ніяк інакш, а калі вы не разумееце — вашыя праблемы», — тлумачыць Маша Анімія.

Стрыжак пра збор стыпэндыяў у «стабілізацыйны фонд» сказаў, што каманда дамовілася аб гэтым на выпадак недахопу грошай. Такая сытуацыя ўжо здаралася ў 2021 годзе. Аднак, зь ягоных словаў, каманда не дамовілася канкрэтна, як будуць траціцца гэтыя грошы, і ў выніку іх раздалі чальцам каманды.

Паводле Аляксандры Зьверавай, у калектыве абмяркоўвалі пытаньне, як нейкім чынам абмежаваць уладу Стрыжака ў фондзе. Пасьля гэтага, кажа яна, Стрыжак прымусіў яе звольніцца.

З словаў Андрэя Стрыжака, Зьверава, Падгорны і яшчэ некалькі супрацоўнікаў сышлі з фонду пасьля асабістых, а не працоўных канфліктаў з трэцімі асобамі ў калектыве, а ня зь ім.

Стрыжак у выніку застаўся адзіным сузаснавальнікам фонду, ён тлумачыць тым, што іншых ахвотных не было.

«Калі мы пачалі шукаць, хто гатовы быў бы стаць сузаснавальнікам, такіх людзей не знайшлося, бо акурат тады пачынаўся моцны ціск, прызнаньне арганізацыяў „тэрарыстычнымі“», — успамінае Стрыжак.

У верасьні 2023 году рэжым Лукашэнкі прызнаў «тэрарыстычнай арганізацыяй» полк Каліноўскага, для добраахвотнікаў якога зьбіраў грошы BySol. Сам фонд прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» яшчэ ў канцы 2021 году.

«Прыйшлі да рашэньня, што трэба „вешаць“ сузаснавальніцтва на мяне аднаго, бо я ўсё адно адкрыты. Гэта мела ўтылітарны сэнс, а ня тое, што я ўсіх разганяю і застаюся адзінаўладны. У нас тады фармавалася гарызантальная структура кірункаў плюс выканаўчая структура дырэктарату», — працягвае суразмоўца.

Найлепшыя паказчыкі

Людзі, якія прыйшлі працаваць у BySol у апошнія два гады, у размове з Свабодай адзначалі, што гэты пэрыяд быў досыць спакойным. Яны чулі, што раней у фондзе бывалі нейкія канфлікты і крызісы, але не цікавіліся дэталямі.

Ананімны супрацоўнік BySol Павал* (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) адзначыў, што да скандалу са Стрыжаком фонд дасягнуў найлепшых вынікаў за ўсю гісторыю свайго існаваньня ўва ўсіх парамэтрах. На ягоную думку, атмасфэра ў камандзе, узаемны давер, вынікі працы, адносіны з партнэрамі былі на найлепшым узроўні.

Ганна Дапшэвічуце. Фота Караліны Паляковай

Ганна Дапшэвічуце ўваходзіла ў дырэктарат фонду. Яна працавала апэрацыйнай дырэктаркай. Прыйшла ў BySol менш за два гады таму. Пасьля апошняй сытуацыі з Андрэем Стрыжаком вырашыла пайсьці з фонду.

У размове з Свабодай яна адзначае, што на ранейшых яе месцах працы існавалі больш гарызантальныя адносіны. У BySol яны былі больш вэртыкальныя або нават «дыяганальныя» — стратэгічна важныя рашэньні прымаў дырэктарат, які складаўся з чатырох чалавек, пасьля кансультацыі з камандамі. Гэта дапамагала досыць хутка прымаць рашэньні.

Дапшэвічуце лічыць, што ў фондзе да скандалу вакол Андрэя Стрыжака была досыць свабодная атмасфэра, дзе людзі маглі выказваць сваю думку, з узаемападтрымкай, без канкурэнцыі. Рашэньні дырэктарату тлумачыліся. Яна мяркуе, што да ўсіх чальцоў дырэктарату быў давер. Роля Стрыжака, паводле Ганны, — лідэр думак.

«Нарады маглі пачынацца з таго, што Андрэй расказвае пра „агульную тэмпэратуру“ ў сэктары, што дзе адбываецца, для агульнага разуменьня асяродзьдзя, дзе мы працуем. Нешта візіянэрскае. Гэта задавала тон рабоце, тон прыняцьцю рашэньняў унутры фонду. Ніколі не бывала так, што прыходзіў Андрэй і казаў: „Я хачу так і будзе так“. Калі быў перагін, можна было пра гэта сказаць, і Андрэй мяняў сваё рашэньне ня раз», — кажа яна.

Зьміцер Ягораў, архіўнае фота

Супрацоўнік камунікацыйнай групы Зьміцер Ягораў, які працуе ў BySol больш за паўтара году, заўважае, што большасьць рашэньняў прымалі пасьля кансультацыі з камандай. Стратэгічныя рашэньні, прыкладам, адкрываць ці закрываць нейкі кірунак дзейнасьці, прымаў дырэктарат, але — пасьля кансультацыящ з прадстаўнікамі гэтага кірунку.

«У супрацоўнікаў BySol досыць шырокая аўтаномнасьць. Што датычыць стратэгічных рашэньняў або спрэчак, тут заўсёды апошняе слова меў дырэктарат. Гэта ўсё адбывалася ў кансультацыях. Прынамсі за маім часам не было нейкай дыктатуры. Гэта было досыць дэмакратычна. Заўсёды быў шанец, што цябе пачуюць, калі ты хочаш выказацца», — тлумачыць Ягораў.

Новы кіраўнік фонду Віталіюс Моцкус таксама мяркуе, што раней важныя рашэньні прымалі, кансультуючыся з камандай.

Маша Анімія, якая працуе ў фондзе пяць гадоў, кажа, што раней фінальнае рашэньне прымаў Андрэй Стрыжак. Часам яно адрозьнівалася ад думкі спэцыяліста, які займаўся тым канкрэтным кірункам.

«Магчыма, праз тое, што мы як супрацоўнікі гэта культывавалі, часам бывала зьмешваньне прыватнага фонду і грамадзкай арганізацыі, якога нельга было дапускаць. Многія пытаньні не былі настроеныя на іх вырашэньне больш чым адным чалавекам», — камэнтуе Маша Анімія.

Яна шкадуе, што раней брала меншы ўдзел у канфліктных сытуацыях, менш праяўляла ініцыятыву, як робіць цяпер, падчас апошняй сытуацыі вакол Стрыжака.

«Папяровы чалавек»

Віталіюс Моцкус, грамадзянін Літвы, прыйшоў на пасаду дырэктара фонду BySol у чэрвені 2024 году, калі звольніўся папярэдні кіраўнік. Гэта была хутчэй папяровая праца, якая вымагала камунікацыі з падатковымі органамі, бухгальтэрыяй.

Віталіюс Моцкус

Моцкус вучыўся ў Беларусі, у яго жонка беларуска, ён ня раз езьдзіў у Беларусь. Ён расказаў Свабодзе, што яго рэкамэндавалі на гэтую пасаду. Пры гэтым, заўважае ён, у яго з фондам BySol супольныя каштоўнасьці.

«Я з вамі ня толькі цяпер, але і раней», — пераказвае ён сваю рэпліку на працоўным сумоўі.

Прадстаўніца дырэктарату Ганна Дапшэвічуце адзначыла, што Моцкус ніколі ня быў публічнай асобай у фондзе. Ягоная сфэра абавязкаў адрозьнівалася ад іншых кіраўнічых роляў.

«Ён літоўскі дырэктар, які ў вялікай ступені займаўся тым, што зьвязана з афіцыйнай юрыдычнай асобай у Літве», — кажа Дапшэвічуце.

Літоўскае грамадзянства Моцкуса спрашчала працоўныя працэдуры, зьвяртае ўвагу Зьміцер Ягораў на гэтую перавагу дырэктара.

«Ён ня быў раней вельмі моцна паглыблены ў працу BySol. Віталіюс вядомы камандзе тым, што ён чалавек шчыры, спачувае Беларусі, арыентуецца ў нашых падзеях, сам езьдзіў у Беларусь. Віталіюс выконваў дырэктарскія функцыі як мэнэджар, але ня ўмешваўся ў нейкія працэсы ўнутры», — камэнтуе Зьміцер Ягораў.

Ён дадае, што менавіта Моцкусу хацеў перадаць свае правы Стрыжак. Каманда таксама падтрымала ягоную кандыдатуру. Яго называюць найменш зацікаўленым у гэтай пасадзе прэтэндэнтам з магчымых, а таксама найменш асабіста, па-чалавечы знаёмых камандзе.

«Выходзіць, што я быў „папяровы чалавек“, з дакумэнтамі працаваў. Не ўваходзіў у нейкія групы, ня быў замяшаны там, дзе маглі б убачыць асабістыя інтарэсы, амбіцыі, калі б яны былі. У мяне такіх няма… Я нібы такі чалавек збоку», — заўважае сам Моцкус.

Жоўтая надзіманая качка, якая апошнім часам рэклямавала дзейнасьць BySol на фэстывалях

Моцкус кажа, што пагадзіўся на гэтую ролю, каб у фондзе спакайней прайшоў пераходны пэрыяд.

«У жыцьцё каманды ён асабліва не ўваходзіў. Так заўсёды было. Усе дырэктары падпісвалі дакумэнты. Займаліся чыста адміністрацыйнымі справамі. Яны ня бралі ўдзелу ў нашых нарадах, абмеркаваньнях», — заўважае супрацоўнік BySol Павал.

Віталіюс Моцкус — сьвятар, служыць у праваслаўнай царкве Канстантынопальскага патрыярхату. Але падкрэсьлівае, што ня зьмешвае сьвятарства з працай у сьвецкай арганізацыі. Ён просіць, каб да яго на працы зьвярталіся проста па імені, бяз слова «айцец». Да таго ж у фонд зьвяртаюцца людзі розных веравызнаньняў, і ён ня хоча акцэнтаваць увагу на сваёй канфэсіі.

Стрыжак-гейт

Каманда даведалася пра рассылку «дыкпікаў» (фота геніталіяў) Андрэем Стрыжаком з артыкулу на «Эўрарадыё» сёлета ў ліпені. Андрэй пасьля публікацыі напісаў пра яе ў працоўным чаце і прыслаў спасылку, расказвае Ганна Дапшэвічуце.

«Гэта быў шок, даволі вялікі. Было відавочна, што будуць досыць жорсткія наступствы», — кажа Ганна Дапшэвічуце.

Яна адзначае, што кіраўніцтва доўга маўчала публічна, бо перад афіцыйнай заявай хацелі пагаварыць з камандай, паслухаць думак. Паралельна кіраўніцтва размаўляла з партнэрамі і з экспэртамі ў пытаньнях гвалту. Заява фонду выйшла праз два дні пасьля публікацыі артыкулу.

У фондзе стварылі камісію, якая разьбірала сытуацыю. У яе ўвайшлі чальцы дырэктарату. Яны прапаноўвалі і партнэрам BySol далучыцца да камісіі, але тыя адмовіліся, каб ня здарылася канфлікту інтарэсаў. З партнэрамі падчас разбору трымалі сувязь, тлумачылі, што адбываецца, адзначае Дапшэвічуце.

Намёт BySol на фэсьце Tutaka ў Польшчы. Дзяўчаты выбіраюць бліскаўкі – падарунак за данаты. 2025 год. Архіўнае фота

Андрэй Стрыжак гэтыя два месяцы працягваў працаваць у BySol. Але яго адхілілі ад кіроўных і прадстаўнічых функцыяў, ён выконваў задачы, не зьвязаныя з прыняцьцем рашэньняў.

У выніку разбору камісія парэкамэндавала Стрыжаку пакінуць фонд. Аднак ён не пагадзіўся. Некалькі суразмоўцаў пацьвердзілі нам, што заснавальнік BySol ініцыяваў галасаваньне (сам Андрэй Стрыжак кажа, што ініцыятарам быў ня ён адзін) у калектыве, падчас якога большасьць супрацоўнікаў выступілі за тое, каб ён застаўся ў фондзе, але не на кіроўнай пасадзе.

Гэтыя зьмены ў канчатковым рашэньні (заставацца Стрыжаку ці сыходзіць), а таксама тое, як і хто іх прымаў, выклікалі найбольш напружаныя абмеркаваньні ў калектыве і ўзмацнілі крызіс.

«З гэтым і здарылася самая вялікая загваздка. Мы прымаем такое рашэньне. „Не, я зь ім ня згодны як заснавальнік“, — кажа Андрэй. Гэта быў ціск на ўвесь калектыў: тут я магу пасунуцца, а тут я ня буду рабіць гэтага прынцыпова», — успамінае гэтую сытуацыю Дапшэвічуце.

Яна лічыць, што паводзіны Стрыжака, калі ён не пагадзіўся з рашэньнем дырэктарату, разьбілі калектыў на некалькі лягераў. У выніку быў падарваны давер да дырэктарату.

«Мая асабістая думка: Андрэй увесь гэты тыдзень вельмі моцна абараняўся, быццам выступаў перад судом прысяжных. Ён не запалохваў кагосьці. Гэта быў шантаж і маніпуляцыя. У ягоных словах заўсёды было нешта, што прымушала рабіць выбар: каму ты давяраеш больш — мне, заснавальніку Андрэю Стрыжаку, або дырэктарату, камісіі. Здарыўся штучны падзел», — мяркуе Дапшэвічуце.

Пасьля таго, як стала вядома, што Стрыжак застаецца працаваць у BySol, фонд ня толькі выключылі зь Міжнароднага гуманітарнага фонду, які быў важным донарам, але ад супрацы з BySol сталі адмаўляцца ўсе партнэры, расказала Дапшэвічуце.

Фінансаваньне BySol зь міжнародных фондаў складае крыху больш за 20% усяго бюджэту, амаль 80% — гэта ахвяраваньні, якія прыходзяць праз сайт bysol.org, паведаміла Дапшэвічуце. З гэтых грошай амаль 80% ідзе на простыя выплаты і праектную дзейнасьць, каля 20% — на адміністрацыйныя выдаткі.

Урэшце Стрыжак абвясьціў, што ён цалкам сыходзіць з BySol. Зь ягоных словаў, рашэньне ён прымаў пад уплывам комплексу фактараў — унутраных і вонкавых. Андрэй патлумачыў у размове з Свабодай, што не сышоў адразу з фонду сам, бо разьлічваў на сувымернае пакараньне пасьля таго, як выбачыўся перад пацярпелымі і пагадзіўся на разбор камісіі.

«Я быў упэўнены, што маштабы маіх дзеяньняў, якія маглі тэарэтычна камусьці нашкодзіць, несупастаўныя з тым пакараньнем, якое я атрымаў: публічны кансэлінг, шэймінг, цкаваньне, зьнішчэньне мяне як чалавека, як асобы, як прафэсіянала», — камэнтуе Стрыжак.

Ён дадае, што ня мог сябе абараняць, бо ня ведаў, у чым зьмест абвінавачваньняў, праз ананімнасьць выпадкаў. У рашэньні камісіі выпадкі дамаганьняў і злоўжываньня службовым становішчам былі апісаныя агульнымі словамі, у выглядзе статыстыкі, без дэталяў таго, што і з кім адбылося. Да таго ж, паводле Стрыжака, камісія ня ўлічвала, у якіх адносінах ён знаходзіўся з пацярпелымі жанчынамі, бо ён мог быць зь імі ў «зоне флірту».

«Мы трапілі ў дзіўны стан: „не да законаў“. У сёньняшніх рэаліях можна скасаваць чалавека, не паказваючы сябе публічна і ня робячы праўных захадаў. Абсалютна няпраўныя мэтады былі ўжытыя. Гэта для мяне вялікая перашкода, каб нешта рабіць у гэтым полі», — кажа суразмоўца.

Стрыжак дадае, што праз такую перашкоду ня ведае, ці вернецца працаваць у ранейшую сфэру.

«А хто прымае рашэньні?»

Выніковае рашэньне наконт «Стрыжак-гейту» ў калектыве абмяркоўвалі больш за тыдзень. Думкі супрацоўнікаў мяняліся падчас дыскусіі. Як і рашэньні. З словаў суразмоўцаў Свабоды, большасьць палічыла непрымальным сам учынак Андрэя. Але былі розныя погляды, ці варта яму заставацца працаваць далей.

Цяпер у камандзе напружаная абстаноўка.

«Атмасфэра вельмі складаная. Калегі пакідаюць каманду. Гэта псыхічная нагрузка, моцныя эмоцыі, складаныя пачуцьці. Вельмі моцнае напружаньне вакол арганізацыі, не дае ўпэўненасьці, калі зьяўляецца інфармацыя, што партнэры адмаўляюцца супрацоўнічаць, што выключаюць з Гуманітарнага фонду», — кажа прадстаўнік службы камунікацыі BySol Зьміцер Ягораў.

Адным з спрэчных пытаньняў было тое, што Стрыжак не пагадзіўся з пазыцыяй камісіі і дырэктарату. Паводле Зьмітра, ён ня чуў у калектыве шкадаваньня аб тым, што Андрэй вырашыў цалкам звольніцца, але было шкадаваньне — што той не сышоў раней, да рашэньня камісіі, добраахвотна.

«Шмат каму з каманды, хто працаваў даўно з Андрэем, па-чалавечы шкада, што яму трэба сыходзіць. Але ад яго дзеяньняў пацярпелі канкрэтныя людзі. Гэта накладае цень на працу ўсёй каманды: ці бясьпечна да нас зьвяртацца, ці бясьпечна з намі супрацоўнічаць. Калі мы гаворым пра інстытут рэпутацыі, то ён мусіць працаваць», — разважае Ягораў.

Андрэй Стрыжак на IV Канфэрэнцыі беларусаў сьвету, Варшава, 2025

На думку суразмоўцы, навука з справы Стрыжака — бескампраміснасьць у павазе да правоў чалавека, у абароне інстытуту рэпутацыі арганізацыі, да якой мае быць давер.

Калі стала вядома, што Стрыжак застаецца, шэсьць чалавек заявілі пра сыход (потым некаторыя перадумалі).

«Тое, як прайшоў увесь працэс, як засунулі ў кут усе папярэднія дамоўленасьці, як прымаюцца рашэньні, — для мяне гэта непрымальна. Моцную ролю адыграла тое, як Андрэй павёў сябе ў гэтай сытуацыі, мэтады, якімі ён кіраваўся, таксама для мяне непрымальныя. Уся сытуацыя з „дыкпікамі“ — я не змагу рабіць выгляд, што гэтага не было», — тлумачыць Ганна Дапшэвічуце, чаму вырашыла сысьці з фонду.

Яна заўважае, што раней некаторыя рашэньні прымалі на падставе вусных дамоўленасьцяў, а не запісаных у статуце пунктаў. І гэта, паводле яе, таксама прывяло да крызісу.

Суразмоўца дадае, што сыход Андрэя для яе не азначае аўтаматычна, што яна можна вярнуцца ў каманду, бо рэч ня толькі ў Стрыжаку: гэтая сытуацыя запусьціла ў арганізацыі розныя працэсы.

«Я адыходжу, няма ніякай барацьбы за ўладу і няма ніякіх староньніх спробаў „адціснуць“ фонд. Гэта адна з спэкуляцыяў, якая завяла ў тупік ня толькі камандныя працэсы, але і самога Андрэя, на маю думку», — камэнтуе сытуацыю Ганна Дапшэвічуце.

Праблемай для калектыву стаў крызіс кіраваньня, мяркуе супрацоўнік BySol Павал.

«Сытуацыя вялікага расчараваньня. У фондзе ўсё выстройвалася на асабістых адносінах, якія былі сяброўскімі, даверлівымі. Цяпер выявіліся праблемы кіраваньня. Мы апынуліся ў крызісе прыняцьця рашэньняў. А хто прымае рашэньні?» — разважае Павал.

Ён лічыць асноўнай праблемай тое, што падчас спрэчнай сытуацыі дырэктарат прымаў рашэньні дырэктыўна. Гэта не спадабалася камандзе. Выявілася, што ў Статуце не зафіксавана, хто прымае рашэньні ў падобных сытуацыях.

«Мы раней не адчувалі, што дырэктарат — орган, які прэтэндуе на супэрпаўнамоцтвы. А тут была праведзена выразная лінія: мы дырэктарат, а вы каманда. Гэта для нас было новым, нечаканым і пагрозьлівым сымптомам», — кажа суразмоўца.

Маша Анімія кажа, што вынесла з «Стрыжак-гейту» сваю навуку.

«Нельга думаць, што нехта ёсьць, ён вырашыць, а я ў сваіх справах пакапаюся. Вельмі шкадую, што пэрыядычна ўва мне вылазіў той маленькі беларусік, які думаў: „Можа, яно потым зьменіцца. Я тут прамаўчу, там не паўдзельнічаю. Потым яно мо само пройдзе“. Шкадую, што недзе мала прымала ўдзел. Не скажу, што было кепска, што ўсе гэтыя гады фонд быў нейкім не такім. Фонд быў такім, якім мог, якім яго рабілі людзі, абставіны», — кажа яна.

Новы кіраўнік BySol Віталіюс Моцкус адзначыў у размове з Свабодай, што каманда цяпер знаходзіцца ў стрэсе праз учынак Андрэя Стрыжака і праз тое, што ў арганізацыі ня ведалі, што менавіта з гэтым рабіць, бо раней не было такога досьведу. Моцкус заўважыў, што ў такіх выпадках, прыкладам, у Літве чалавек меўся б сам адразу пакінуць пасаду.

Андрэй Стрыжак = BySol?

Усе суразмоўцы Свабоды, часам нават без адпаведнага пытаньня, паўтаралі фразу, што BySol — гэта не адзін Андрэй Стрыжак, у тым ліку так казаў ён сам. Яны дадавалі, што такое ўспрыманьне склалася апошнім часам. Андрэй быў тварам фонду і доўгі час ці не адзіным публічным яго прадстаўніком. Адна з асноўных прычын у тым, што за дзейнасьць у BySol пагражае крымінальная адказнасьць.

Сёлета ўлетку некалькіх заснавальнікаў фонду завочна асудзілі ў Беларусі за іхную дзейнасьць на 16–18 гадоў турмы. Перасьлед пагражае таксама родным фігурантаў, якія застаюцца ў Беларусі, ператрусамі, допытамі, канфіскацыяй маёмасьці.

Зьміцер Ягораў з службы камунікацыі кажа, што недзе год таму ў фондзе заўважылі, што BySol асацыююць перадусім з адным чалавекам. Тады вырашылі больш разьвіваць фондаўскія сеткі, рабіць публічнымі іншых чальцоў каманды, запісваць зь імі відэаролікі.

«Андрэй выступаў як інфлюэнсер. Ягоны прыватны акаўнт параўнальны з акаўнтам BySol’у. Мы разумелі, што так ня можа быць, каб вялікая арганізацыя стаяла за адным чалавекам. Гэта абясцэньваньне працы іншых людзей, якія працуюць у арганізацыі штодня. Ствараецца ўражаньне, што адзін чалавек робіць усю гэтую працу. З чалавекам можа здарыцца што заўгодна, прыкладам, ён захоча зьмяніць сфэру дзейнасьці», — камэнтуе Ягораў.

Пры гэтым Зьміцер заўважае, што адчуваньня, нібыта Стрыжак захапіў уладу ў фондзе, у яго не было, прынамсі да апошняй спрэчкі Стрыжака з дырэктаратам. Андрэй і раней спрачаўся з дырэктаратам, але выніковае рашэньне магло быць не такім, як хацеў ён.

«Калі камісія агучыла рэкамэндацыі, дырэктарат прыняў рашэньне, а Андрэй як заснавальнік не згадзіўся з гэтым рашэньнем, і потым дырэктарат прыняў іншае рашэньне. Тады стала неспакойна, бо на нашых вачах дамоўленасьці пачыналі рассыпацца», — успамінае Ягораў.

Адзін зь першых сузаснавальнікаў Яраслаў Ліхачэўскі мяркуе, што Стрыжак прыклаў шмат высілкаў, каб фонд асацыяваўся найперш зь ім самім. На ягоную думку, Андрэй адмыслова сутыкаў ілбамі людзей у камандзе, у тым ліку сузаснавальнікаў, каб тыя сыходзілі.

«У чалавека была мэта быць BySol’ам, і каб BySol быў ім. Калі для гэтага трэба пазбавіцца часткі каманды, значыць, такая цана. Андрэю важна было мець фонд імя сябе. Ён зрабіў вельмі шмат, каб па адным, па два выціснуць з фонду ўсіх сузаснавальнікаў і ўсякую апазыцыю, што прывяло да той сытуацыі, якую сёньня назіраем. Мне здаецца, што імкненьне да палітычнай кар’еры ў Андрэя большае, чым да ролі праваабаронцы і да дапамогі людзям», — кажа Яраслаў Ліхачэўскі.

Ён кажа, што такія паводзіны заўважыў за паплечнікам не адразу, а зь цягам часу, калі фонд станавіўся важнейшым, а ў камандзе зьяўляліся больш людзей, якіх запрашаў Андрэй, бо сам ён спачатку далучыўся да каманды, створанай іншымі.

«Гэта колы пекла, якімі мы ходзім тысячу разоў. Мы бачылі іх у розных сытуацыях: пачынаючы ад глябальна беларускай і заканчваючы дэмакратычнымі ініцыятывамі. Я ня ведаю, чаму мы самі ствараем тое, з чым мы мусілі змагацца? Ня ведаю, як гэта перамагаць», — кажа Ліхачэўскі.

Некалькі суразмоўцаў Свабоды сказалі, што Андрэй Стрыжак паведамляў ім пра свае амбіцыі стаць прэзыдэнтам. У фондзе была невялікая каманда, якая працавала над ягоным палітычным вобразам, пэрсанальным брэндам. Ён запісваў навагодняе віншаваньне на 2021 год, як гэта робяць прэзыдэнты.

«Мы недзе патуралі яму ў гэтых фантазіях, магчыма, больш, чым трэба было. Магчыма, трэба было яго спыніць. Але думалі, калі ў яго ёсьць час і энэргія і гэта не каштуе нам шмат грошай, хай робіць», — кажа Ліхачэўскі.

Андрэй Стрыжак на канфэрэнцыі “Новая Беларусь”, 2024 год, архіўнае фота

Прадстаўніца дырэктарату BySol Ганна Дапшэвічуце таксама адпрэчвае думку, што BySol — гэта адзін Андрэй.

«Не Андрэй займаецца эвакуацыяй, не Андрэй займаецца зборамі, не Андрэй займаецца задачамі камунікацыйнай групы. Хоць ува ўсе кірункі ён мог быць уключаны. Два месяцы, калі Андрэя адхілілі ад прадстаўнічых функцыяў, паказалі, што ўсё працуе, усё нармальна», — кажа Дапшэвічуце.

Яна дадае, што пры гэтым сыход Стрыжака — для арганізацыі страта спэцыяліста і лідэра думак у сэктары.

Маша Анімія адзначае, што ёй часта бракавала згадваньня ўсяе каманды, якая пераважна працуе ананімна.

Андрэй Стрыжак адпрэчвае, што ён захапіў уладу ў BySol.

«Калі б я захапіў уладу ў фондзе, то дагэтуль бы заставаўся ягоным адзінаўладным кіраўніком», — кажа ён.

На думку кіраўніка ByHelp Аляксея Лявончыка, які шмат гадоў супрацоўнічае з Андрэем Стрыжаком, той быў адным зь нямногіх публічных прадстаўнікоў BySol ня толькі таму, што яму хацелася, але і таму, што больш амаль ніхто не пагаджаўся на гэта, бо баяліся наступстваў ад рэжыму Лукашэнкі. Каб стаць заснавальнікам фонду, чалавек мусіць пагадзіцца на зьяўленьне свайго імя ў рэестры ў адкрытым доступе.

«Калі б яны захацелі стаць публічнымі, яны б сталі. Я ня ў курсе ўнутранай кухні, але з таго, што пра яго ведаю, Андрэй нікога не прымушаў сядзець ціха і ня рыпацца. Думаю, перад гэтай сытуацыяй BySol паставіла беларуская рэальнасьць», — камэнтуе Лявончык.

«Калі б не было даверу беларусаў да беларусаў, не было б і BySol»

Фонд беларускай салідарнасьці BySol працуе за мяжой больш за пяць гадоў. Ён дапамог дзясяткам тысячаў чалавек. Людзі ахвяравалі яму больш за 8 мільёнаў эўра. Выплаты атрымліваюць людзі, якія знаходзяцца і на тэрыторыі Беларусі – пад пагрозай крымінальнага перасьледу. Служба эвакуацыі за гэты час вывезла з краіны больш за 2700 чалавек.

Налепка “экстрэміст” ад фонду BySol. Фэст Tutaka, 2024 год. Ілюстрацыйнае фота

Нашыя суразмоўцы адзначалі, што фонд BySol — унікальная, выбітная зьява для беларускага грамадзтва.

Яраслаў Ліхачэўскі кажа, што вельмі складаны час і абставіны «зьвялі разам вельмі крутых людзей», прафэсійных кожнага ў сваёй справе.

«Яны за абмежаваны час здолелі аб’яднацца і працаваць разам дзеля вялікай мэты. На маю думку, залаты век BySol быў у 2020–2021 гадах. Усё астатняе — спадчына створанага тады. Вельмі цешуся, што гэтая спадчына працуе і працягвае дапамагаць тысячам людзей».

Для Машы Аніміі істотна тое, што ініцыятыва «захавалася і разьвілася».

«Мне прыемна гаварыць, што BySol — адаптыўны інструмэнт. Калі ў 2020 годзе мы дапамагалі дваровым актывістам купіць сьцяг, балёнчык або раздрукаваць газэту, то калі гэта стала небясьпечна рабіць, мы пачалі падтрымліваць праекты актывістаў. Гэта і ёсьць адаптацыя. Ты спрабуеш адказваць на выклік, як бы ён ні зьмяняўся».

Ганна Дапшэвічуце называе моцным бокам BySol гнуткасьць.

«BySol не баяўся брацца за рызыкоўную працу, распрацоўваць новыя кірункі: праца зь беларускімі добраахвотнікамі ў краіне, дзе мы не знаходзімся — партнэры могуць праз гэта адмовіцца ад супрацы. BySol — адна зь нямногіх арганізацыяў, якая ў гуманітарным трэку працуе з гэтай тэмай».

На думку Зьмітра Ягорава, фэнамэнальнасьць фонду — «у даверы, які беларусы дэлегуюць арганізацыі».

«І мы ім даражым. Якія б у нас ні былі інструмэнты, рашэньні, сайты, сацсеткі, калі б не было даверу беларусаў да іншых беларусаў, не было б і BySol».

Фонд BySol зьмяняў і пашыраў сваю дапамогу залежна ад патрэбаў людзей. Ілюстрацыйнае фота

Аляксей Лявончык мяркуе, што за посьпехам BySol стаіць комплекс фактараў, але найперш дасьведчаная каманда і добрая камунікацыя. Паводле яго, за больш як 10 гадоў людзі пабачылі, што дапамога ў межах розных кампаніяў, якія вялі адныя і тыя ж людзі, — дапамогі ўкраінцам у 2014 годзе, дапамогі мэдыкам падчас каранавірусу — даходзіла да адрасатаў.

«У нейкі момант ты прыходзіш да BySol — людзі працягваюць ахвяраваць. Ты сутыкаесься з крызісам — людзі працягваюць данаціць. Чаму? Таму што збольшага ў асацыятыўнай памяці адкладаецца: дапамога даяжджае. У асацыятыўнай памяці не адкладаюцца спрэчкі на тэму таго, ці можна ў Беларусі прытрымлівацца эўрапейскіх правілаў празрыстасьці, або хто больш сабраў, хто менш сабраў. Ня донары вызначаюць выжывальнасьць арганізацыі, а публіка», — кажа Лявончык.

«Гэта ня фонд Андрэя Стрыжака. Гэта фонд беларускай салідарнасьці. Дзясяткі чалавек спрычыніліся да таго, каб ён быў такім, які ёсьць. Думаю, самае галоўнае ў тым, што з 2020 па 2025 год удалося закласьці падмурак салідарнасьці. Людзі сталі ахвяраваць. Людзі сталі падтрымліваць адно аднаго. Думаю, мая місія выкананая», — адзначыў Андрэй Стрыжак.

«BySol ёсьць і будзе»

У камандзе працуюць менш за 30 чалавек. Акрамя Стрыжака, пра сыход з фонду заявілі яшчэ двое чальцоў дырэктарату і адзін супрацоўнік каманды. Андрэй Стрыжак ужо перадаў паўнамоцтвы новаму заснавальніку Віталіюсу Моцкусу. Ён выйшаў з працоўных чатаў і цалкам сышоў з арганізацыі. Пра сыход з фонду заявілі ўсе іншыя чальцы дырэктарату, акрамя Моцкуса. Цяпер ён адзіны мае статус заснавальніка фонду паводле дакумэнтаў.

«Вельмі небясьпечная сытуацыя, калі я звар’яцею і нешта зраблю. Я гэта кажу з сарказмам, бо гэта вельмі добра разумею. Ня буду прадпрымаць нічога такога, што мне стрэльне ў галаву. Гэтая арганізацыя ўжо ня ёсьць арганізацыяй аднаго чалавека, і хочацца, каб надалей не была», — кажа пра цяперашнюю сытуацыю з кіраваньнем фондам Віталіюс Моцкус.

Мэрч фонду BySol

Зьміцер Ягораў адзначае, што калегі з дырэктарату, якія заявілі пра свой адыход, не сыходзяць у адзін дзень.

«Яны будуць заставацца ў арганізацыі столькі, колькі будзе патрэбна, у межах разумнага. Як толькі будзе выпрацаваная новая структура, як выглядае BySol знутры, як ён кіруецца, тады, а можа раней, пачнецца паступовая перадача справаў», — падсумоўвае Ягораў.

Паводле яго, у фондзе стварылі працоўную групу з тых супрацоўнікаў, якія самі захацелі туды ўвайсьці. Яна працуе над прапановамі рэформаў у фондзе, новай мадэльлю кіраваньня, зьменамі ў статуце арганізацыі.

Працоўная група сустракаецца двойчы на тыдзень, робіць хатнія заданьні па кансультацыях зь іншымі спэцыялістамі. Дэдлайну працы гэтай групы няма.

«Каб арганізацыя была з моцным устойлівым самакіраваньнем, а мне бачыцца, што такія прапановы будуць, такі запыт ёсьць, група рэгулярна сустракаецца, вывучае, як уладкаваныя іншыя фонды, як гэта выглядае з гледзішча літоўскага заканадаўства. Сэнс гэтых зьменаў у тым, каб кіраўніцтва BySol было ўстойлівым, дэмакратычным, празрыстым», — кажа Ягораў.

Фонд BySol хоча прапанаваць пацярпелым ад дзеяньняў Стрыжака жанчынам варыянты кампэнсацыі, дапамогі. Якая гэта будзе дапамога, пакуль не вызначыліся. Яна будзе залежаць ад самых пацярпелых. Пры гэтым, адзначае Віталіюс Моцкус, варта надалей захаваць ананімнасьць гэтых жанчын. Складанасьць у тым, што яны зьвярталіся не наўпрост у фонд.

«Важна ў іх запытаць, што яны думаюць. Каб не было так, што мы ўмоўна скажам: мы зараз вам выплацім па тысячы эўра. Як гэта ўспрымецца? „Вы ацэньваеце шкоду нам? Хочаце адкупіцца? Адкупіліся і забыліся?“ Каб так не ўспрымалася. Або скажам: кожная да псыхоляга. А яна скажа: „А я не хачу“. Як збалянсаваць працэс такога далікатнага кантакту, зважаючы на недавер да нас?» — разважае Моцкус.

Кіраўнік BySol адзначае, што трэба памагчы камандзе, якая цяпер у стрэсе. Каб вярнуць давер каманды да кіраўніцтва, на ягоную думку, варта размаўляць. Таксама варта прадугледзець, каб падобных сытуацыяў не здаралася ў будучыні. Зьміцер Ягораў адзначыў, што каманда будзе праходзіць навучаньне ў перадухіленьні харасмэнту.

Ягораў кажа, што зборы BySol ня ўпалі, іх узровень стабільны і апошнім часам, ужо пасьля таго, як стала вядома пра сыход Стрыжака і канфлікт унутры каманды. BySol падаў заяўку ў Міжнародны гуманітарны фонд на фінансаваньне аднаразовых выплатаў былым палітвязням. Калі яе разгледзяць, невядома.

Прадстаўнік службы эвакуацыі пры BySol расказаў Свабодзе, што адыход з фонду Андрэя Стрыжака наўрад ці паўплывае на тых, каму патрэбная дапамога ў эвакуацыі зь Беларусі.

«Напэўна, фонд не такі крохкі, каб быць тоесным аднаму чалавеку, фонд зможа працаваць як структура, якая не залежыць ад пэрсаналіяў. Рабіць сваю справу ці, як казаў мой колішні сябра: „Працаваць далей і дапамагаць сваім“», — выказаў думку адзін зь першых сузаснавальнікаў Яраслаў Ліхачэўскі.

«Калі гэтая каманда будзе працаваць так, як цяпер працуе, фонд будзе існаваць. Я цешуся за каманду. Мы ўсе маем вялікае жаданьне гэтую арганізацыю дасканаліць», — мяркуе цяперашні кіраўнік Віталіюс Моцкус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У асноўным па 30-35 эўра». Хто і як працягвае ахвяраваць грошы на дапамогу сем’ям палітзьняволеных