Польшча адмовілася прымаць мігрантаў паводле эўрапейскага мэханізму рэлякацыі, у Літве абмяркуюць зьмены ў міграцыйнай палітыцы

Ілюстрацыйнае фота

У польскім МЗС нагадалі, што выдаткавалі вялікія грошы на ўмацаваньне ўсходняй мяжы, каб нелегальныя мігранты не пранікалі натоўпамі ў Эўразьвяз.

Польшча ня будзе прымаць мігрантаў з іншых краін у рамках эўрапейскага мэханізму рэлякацыі, — паведаміў у Люксэмбургу міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі.

Палітык нагадаў, што Польшча значнымі інвэстыцыямі ўмацавала ўсходнюю мяжу, якая зьяўляецца вонкавай мяжой Эўрапейскага зьвязу, а таксама прыняла мільёны ўкраінскіх уцекачоў:

«Няма ніякіх сумневаў, што Польшча будзе вызваленая ад любых рэлякацыйных мэханізмаў. Мы заявілі пра гэта вельмі ясна — пра гэта неаднаразова заяўляў прэм’ер Дональд Туск. І мы будзем паўтараць: мы ніколі не пагодзімся на рашэньні, якія могуць быць патэнцыйна небясьпечнымі для нашых грамадзян. Гэта пазыцыя заўсёды будзе гучаць з боку ўраду прэм’ера Туска», — падкрэсьліў Кервіньскі.

Паводле міністра ўнутраных спраў, рашэньне Эўракамісіі аб вызваленьні Польшчы ад рэлякацыйных мэханізмаў варта чакаць на працягу двух тыдняў. Тады Брусэль апублікуе тлумачэньні да Міграцыйнага пакту, ухваленага вясной летась.

Пакт прадугледжвае прынцып абавязковай рэлякацыі: краіны ЭЗ павінны дапамагаць тым краінам-чальцам, якія знаходзяцца пад моцным міграцыйным ціскам — альбо прымаючы частку ўцекачоў, альбо выплачваючы 20 тысяч эўра за кожнага непрынятага чалавека.

Польшча разьлічвае на фармальнае вызваленьне ад гэтай працэдуры.

Таксама Марцін Кервіньскі расказаў, колькі спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы спынілі польскія памежнікі. Галоўным чынам, гэта спробы з тэрыторыі Беларусі.

«Што да выдаткаў, якія мы нясем на ахову ўсходняй мяжы Эўразьвязу, мы чакаем падтрымкі ад усіх краін Эўрапейскага зьвязу. Гэта велізарныя інвэстыцыі ў паляпшэньне тэхнічнага бар’еру, стварэньне электроннага бар’еру, а таксама ў прыцягненьне памежнай службы, вайскоўцаў і паліцыі. Толькі сёлета мы спынілі амаль 27 000 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы. Калі б гэтыя асобы перасеклі нашу мяжу праз Польшчу, яны б апынуліся ў краінах Эўрапейскага зьвязу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што паказала блякада польска-беларускай мяжы: сем тэзісаў Валера Карбалевіча

Пазыцыя Літвы

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што грамадзкасьць краіны занепакоеная ростам міграцыйных плыняў. Рост колькасьці замежнікаў у Літве вядзе да заклапочанасьці пра нацыянальную тоеснасьць краіны.

«На гэтым этапе нам трэба вельмі дакладна і ўзважана ацаніць, які аб’ём міграцыі мы можам сабе дазволіць, які аб’ём мэтазгодна дазволіць. І мы павінны рупліва берагчы такія аспэкты, як нацыянальная бясьпека і наша нацыянальная тоеснасьць», — цытуе Наўседу агенцтва BNS.

У прыватнасьці, занепакоенасьць літоўцаў выклікае тое, што мноства мігрантаў, жывучы доўга ў краіне, так і не вывучае літоўскую мову. У канцы верасьня Сейм абяцаў разгледзець больш строгія захады да мігрантаў, якія пражылі ў краіне пяць гадоў.

Па стане на 1 кастрычніка ў Літве жыла амаль 211 тысяча замежнікаў. Найбольшая колькасьць з іх — украінцы (77 тысяч), за імі ідуць беларусы (51 тысяча) і расейцы (14 тысяч).

Ужо 16 кастрычніка ў прэзыдэнцкім палацы ў Вільні адбудзецца дыскусія наконт таго, якія захады можа прыняць дзяржава ў міграцыйнай палітыцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Літве абмяркоўваюць «засільле» расейскай мовы ў Вільні