У Гомлі дзяржаўная арганізацыя абвясьціла пра закупку кніг у бібліятэкі. Сярод іх ніводнай па-беларуску

Ілюстрацыйнае фота

Працэс русыфікацыі Беларусі працягваецца ў тым ліку празь бібліятэкі.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Сетка публічных бібліятэк гораду Гомля» абвясьціла электронныя аўкцыёны на набыцьцё новых кніг для дзяцей і дарослых. Выданьне «Флагшток» вывучыла сьпіс кніг, якія зьбіраюцца купіць у мясцовыя бібліятэкі.

На закуп зь бюджэту выдаткуюць больш за 16,5 тыс. рублёў (болей за 5,5 тыс. даляраў). Закупіць зьбіраюцца маль тысячу розных кніг. Сярод іх няма ніводнай кнігі на беларускай мове.

Папоўніць фонды зьбіраюцца пераважна творамі расейскіх аўтараў, напрыклад, Ганны Малышавай. Сьцьвярджаецца, што яна пасьпела выпусьціць ужо больш як 40 раманаў. Гомельцам прапануюць сэрыю ейных кніг «Авантюристка», якая выйшла пад выглядам гістарычных раманаў і мякка прасоўвае каштоўнасьці «расейскага сьвету».

Ёсьць таксама і заходнія аўтары, такія як Стывэн Кінг, але ў перакладзе на расейскую мову. Пры тым, што даўно існуюць беларускія пераклады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спачатку — мова. Ці магчымае ў Беларусі дзяржаўнае двумоўе

Набор дзіцячых кніг даволі стандартны — савецкая клясыка. Гэта такія творы як «Золотой ключик, или Приключения Буратино», «Аленький цветочек», «Айболит» і нават «Тимур и его команда». Зрэдку трапляюцца заходнія знакавыя выданьні для дзяцей: напрыклад, «Маўглі», «Маленькі прынц».

Астатнія кнігі — дэтэктывы, фантастыка, белетрыстыка. Конкурс на пастаўку кніг выйграла менская прыватная фірма «БукЛайнГрупп».

Увесну 2025 году гэткая ж сытуацыя была ў Рагачове — там для раённай бібліятэкі імя Уладзіміра Караткевіча набывалі 3475 кніг за 7 тыс. рублёў. Усе яны таксама былі па-расейску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Экстрэмізм» — значыць, любоў. Чаму закрываюць усё беларускае?


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Іншае імя любові». Чаму беларускія эмігранты гавораць міжсобку па-расейску