Інстытут вывучэньня вайны: Масква завяршае шматгадовыя стратэгічныя намаганьні дзеля фактычнай анэксіі Беларусі

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Маскве ў сакавіку 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Расея намагаецца павялічыць сваю вайсковую прысутнасьць у Беларусі і інтэграваць краіну ў прарасейскія структуры.

Як адзначаецца ў справаздачы ISW за 14 кастрычніка, да такой высновы экспэрты прыйшлі, аналізуючы зробленыя напярэдадні заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт яго ўдзелу ў спыненьні вайны ва Ўкраіне.

Паводле экспэртаў Інстытуту вывучэньня вайны, Лукашэнка паўтарыў крамлёўскія наратывы аб патэнцыйнай ядзернай пагрозе ў выпадку перадачы Ўкраіне амэрыканскіх крылатых ракет Tomahawk, каб стрымаць ЗША ад такога рашэньня, і аб зьнікненьні Ўкраіны як незалежнай дзяржавы ў выпадку працягу вайны.

«Паводле ацэнак ISW, Беларусь ёсьць фактычным хаўрусьнікам Расеі ў вайне супраць Украіны і што Масква завяршае шматгадовыя стратэгічныя намаганьні дзеля фактычнай анэксіі Беларусі. Захад павінен надалей падтрымліваць жорсткія санкцыі супраць Беларусі, пакуль Беларусь працягвае рухацца да таго, каб стаць фактычным складнікам расейскай эканомікі і ваеннай машыны», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прапанаваў ЗША «вялікую ўгоду» і ацаніў ролю Трампа ў спыненьні вайны на Блізкім Усходзе

14 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду на тэмы «міжнароднай абстаноўкі і разьвіцьця беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў» з удзелам прэм’ера, кіраўніка сваёй адміністрацыі, дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі, генэральнага пракурора і старшыні КДБ.

На нарадзе Лукашэнка заявіў аб гатоўнасьці да «вялікай угоды» з ЗША і аб прынцыпах, на якіх улады плянуюць аднавіць дачыненьні з амэрыканскім бокам.

Апроч таго, ён папярэдзіў, што перадача Ўкраіне ракетаў Tomahawk прывядзе да ядзернай вайны, а таксама чарговы раз заявіў аб гатоўнасьці ўдзельнічаць у перамовах аб спыненьні вайны ва Ўкраіне.