Беларускія вайскоўцы накіраваліся ў Таджыкістан на вучэньні АДКБ

Беларускія вайскоўцы перад адпраўкай у Таджыкістан на вучэньні АДКБ, 15 кастрычніка 2025 году

Беларускія вайскоўцы возьмуць удзел у вучэньнях Арганізацыі дагавору аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), якія адбудуцца ў Таджыкістане. Гэта вучэньні «Непарушнае братэрства – 2025» і «Бар’ер-2025».

Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі, у вучэньнях будуць таксама ўдзельнічаць падразьдзелы з Казахстану, Кіргізстану і Расеі.

На вучэньнях да 19 кастрычніка будуць практыкавацца ў навыках «міратворчай дзейнасьці і разам працаваць над ліквідацыяй крыніцаў біялягічных пагрозаў», а акцэнт будзе зроблены на «зладжанасьці дзеяньняў у апэратыўным рэагаваньні на крызісныя сытуацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачаліся вучэньні АДКБ

АДКБ — вайскова-палітычны блёк, мэтамі якога заяўленыя «ўмацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаваў-удзельніц». У яго ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.

З 2024 году Армэнія прыпыніла ўдзел у палітычных і вайсковых захадах арганізацыі. Сёлета ў сакавіку Армэнія афіцыйна апавясьціла сакратарыят АДКБ, што ня будзе плаціць складак у бюджэт АДКБ.