Стала вядома, колькі беларусы і іншаземцы павінны плаціць за дазвол паляваць на мядзьведзя

На зміовым паляваньні ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

У Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбакоў паведамілі аб цане ліцэнзіяў на паляваньне на мядзьведзяў.

Як адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі, грамадзянін Беларусі павінен заплаціць за дазвол паляваць 6 тысяч рублёў, а грамадзяне краін ЭАЭС (у Эўразійскі эканамічны саюз уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея. — РС) — 10 000 рублёў.

У чарговай абвестцы аб апошнім сёлета аўкцыёне нагадалі, што паляваньне на мядзьведзя завяршаецца 31 сьнежня. Наступны паляўнічы сэзон адкрыецца толькі 1 ліпеня 2026 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пасьля адстрэлу 10 мядзьведзяў зьмянілі правілы розыгрышу права на паляваньне на гэтых жывёл

У Беларусі панізілі прыродаахоўны статус мядзьведзя і дазволілі паляваць на яго з 1 ліпеня па 31 сьнежня. У сярэдзіне ліпеня ўпалявалі першага мядзьведзя, а ў верасьні паведамілі аб 10 упаляваных жывёлах.

Улады Беларусі дазвол апраўдваюць тым, што апошнімі гадамі вырасла колькасьць гэтых дзікіх жывёлаў. І мядзьведзі, застаючыся ў Чырвонай кнізе Беларусі, цяпер адначасова ўпісаныя ў пералік нармаваных паляўнічых жывёлаў.

У Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбакоў раней паведамлялі, што сёлета для адстрэлу заплянавалі каля 20 асобін мядзьведзя і столькі ж дазволаў прададуць праз аўкцыён. Да ўдзелу ў атрыманьні права паляваць на мядзьведзя дапускаюць паляўнічых з стажам, большым за тры гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За права ўпаляваць мядзьведзя заплацілі болей за 117 тысяч рублёў