Грамадзянін Літвы Віталіюс Моцкус прыйшоў на пасаду дырэктара фонду BySol у чэрвені 2024 году, калі звольніўся папярэдні кіраўнік. Гэта была бюракратычная праца, якая вымагала камунікацыі зь літоўскімі падатковымі органамі, бухгальтэрыяй.
Сёлета ўлетку BySol апынуўся ў крызісе пасьля скандалу з рассылкай заснавальнікам фонду Андрэем Стрыжаком непрыстойных фота. Пасьля ўнутранага расьсьледаваньня BySol 24 верасьня абвясьціў, што Стрыжак застаецца ў фондзе на шасьцімесячны выпрабавальны тэрмін у якасьці кансультанта, але адхілены ад усіх кіроўных, прадстаўнічых і ўстаноўчых функцыяў. Пасьля рашэньня Міжнароднага гуманітарнага фонду выключыць BySol са свайго складу, Стрыжак вырашыў канчаткова спыніць працу ў арганізацыі.
«Выходзіць, што я быў „папяровы чалавек“, з дакумэнтамі працаваў. Не ўваходзіў у нейкія групы, ня быў замяшаны там, дзе маглі б убачыць асабістыя інтарэсы, амбіцыі, калі б яны былі. У мяне такіх няма… Я нібы такі чалавек збоку», — расказаў Свабодзе Віталіюс Моцкус.
ЭКСКЛЮЗІЎ СВАБОДЫ: ЧЫТАЙЦЕ ЎСЮ ГІСТОРЫЮ BySol не Андрэя Стрыжака. Невядомая гісторыя фонду беларускай салідарнасьці вачыма стваральнікаў і ўдзельнікаўАндрэй Стрыжак ужо перадаў Моцкусу паўнамоцтвы новага заснавальніка BySol. Ён выйшаў з працоўных чатаў і цалкам сышоў з арганізацыі, у якой цяпер працуюць менш за 30 чалавек. Пра сыход з фонду заявілі ўсе іншыя чальцы дырэктарату, акрамя Моцкуса. Цяпер ён адзіны мае статус заснавальніка фонду паводле дакумэнтаў.
«Вельмі небясьпечная сытуацыя, калі я звар’яцею і нешта зраблю. Я гэта кажу з сарказмам, бо гэта вельмі добра разумею. Ня буду прадпрымаць нічога такога, што мне стрэльне ў галаву. Гэтая арганізацыя ўжо ня ёсьць арганізацыяй аднаго чалавека, і хочацца, каб надалей не была», — кажа пра цяперашнюю сытуацыю з кіраваньнем фондам Віталіюс Моцкус.
Моцкус — праваслаўны сьвятар у царкве Канстантынопальскага патрыярхату. Ён вучыўся ў Беларусі, у яго жонка беларуска, ён ня раз езьдзіў у Беларусь.
«Віталіюс вядомы камандзе тым, што ён чалавек шчыры, спачувае Беларусі, арыентуецца ў нашых падзеях, сам езьдзіў у Беларусь. Віталіюс выконваў дырэктарскія функцыі як мэнэджэр, але ня ўмешваўся ў нейкія працэсы ўнутры», — камэнтуе супрацоўнік камунікацыйнай групы BySol Зьміцер Ягораў.
Каманда фонду падтрымала кандыдатуру Моцкуса на пасаду заснавальніка арганізацыі пасьля сыходу Андрэя Стрыжака.
Сам Моцкус прызнае, што каманда цяпер знаходзіцца ў стрэсе праз учынак Стрыжака і праз тое, што ў арганізацыі ня ведалі, што менавіта з гэтым рабіць, бо раней не было такога досьведу.
«Калі гэтая каманда будзе працаваць так, як цяпер працуе, фонд будзе існаваць. Я цешуся за каманду. Мы ўсе маем вялікае жаданьне гэтую арганізацыю дасканаліць», — мяркуе цяперашні кіраўнік Віталіюс Моцкус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды»: Ці разбурыў сэкс-скандал дапамогу палітвязьням і эвакуацыю з-пад пагрозы арышту