Беспрацоўны ў Менску хацеў скрасьці кавалак сыру, цяпер яму пагражае да 6 гадоў турмы

Сыр у менскай краме. Ілюстрацыйнае фота

Паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі судзяць беспрацоўнага, які спрабаваў скрасьці ў менскай краме кавалак сыру за 8,75 рубля.

Пра выпадак паведаміла агенцтва «Минск-Новости».

36-гадовы беспрацоўны мянчук намагаўся скрасьці з крамы кавалак сыру цаной 8 рублёў 75 капеек. Супрацоўнікі крамы пабачылі спробу крадзяжу і спрабавалі затрымаць мужчыну, які адштурхнуў адну з прадавачак і зьбег. Тая ўпала. Сыр застаўся ў краме.

Мужчыну ў выніку затрымалі і зараз будуць судзіць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — арт. 14 «Замах на злачынства» і арт. 206, частка 2 — «Рабаваньне, спалучанае з гвалтам, не небясьпечным для жыцьця ці здароўя пацярпелага». Пакараньне ў гэтым артыкуле — да 5 гадоў абмежаваньня волі або ад 2 да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Абвінавачанага пакінулі на волі з падпіскай аб нявыезьдзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі па палітычных артыкулах сёлета асудзілі 15 непаўналетніх, у тым ліку за абразу Лукашэнкі