Былой палітзьняволенай Асі Булыбенцы, якая трапіла ў псыхіятрычны шпіталь і папрасіла дапамогі, сабралі 12 000 эўра

Ася Булыбенка, архіўнае фота

Ася Булыбенка, якая адбыла два гады турмы паводле выраку ў «справе студэнтаў», на волі апынулася ў складаных жыцьцёвых абставінах.

Дзяўчына цяпер знаходзіцца на лячэньні ў псыхіятрычным шпіталі ў Вільні з працяглым ПТСР ( постраўматычны стэрасавы разлад). Ася зьвярнулася з просьбай аб грашовай дапамозе.

Абноўлена: Па стане на 16 гадзін 15 кастрычніка стала вядома, што патрэбныя грошы ўжо сабралі.

«Дзякуючы велізарнай уцягнутасьці беларусаў, валянтэраў, журналістаў, дыяспары Кіпра і проста неабыякавых людзей, Асі ўдалося закрыць доўг па страхоўцы». Доўг складаў 360 эўра, ужо сабралі 12 тысяч і грошы працягваюць паступаць,— напісалі валянтэры з «Ружовых хусьцінак».

Ася ў 18 гадоў удзельнічала ў пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе, яе затрымлівалі чатыры разы, адзін зь якіх скончыўся зьняволеньнем на 2 гады. Пасьля вызваленьня яна зноў правяла 30 сутак пад арыштам — у жудасных умовах, напісала Ася Булыбенка:

«Пасьля гэтага я зьехала ў Літву, дзе сутыкнулася з цяжкім ПТСР. Я перажыла спробу самагубства, патрапіла ў лякарню, пачала лячэньне — псыхіятра, псыхоляга, мэдыкамэнты. Паўгода таму я пераехала ў Польшчу і вырашыла, што змагу справіцца сама. Я спыніла тэрапію і лячэньне, што, на жаль, прывяло да пагаршэньня стану. Цяпер я знаходжуся ў псыхіятрычным шпіталі ў Літве з дыягназамі дэпрэсія, анарэксія і ПТСР. З-за даўгоў па страхоўцы я не магу атрымліваць лячэньне бясплатна, а аплаціць яго самой — проста няма чым».

Ася апублікавала сярод іншага выпіс са свайго падатковага кабінэта і зьвесткі пра доўг лякарні ў памеры, які складае некалькі соцень эўра.

«Я прашу дапамогі, каб пакрыць даўгі па страхоўцы і аплаціць лячэньне, безь якога я не змагу выбрацца. Мне трэба аднавіцца і стабілізавацца. Любая падтрымка — нават самая невялікая — мае для мяне вялікае значэньне», — напісала Ася Булыбенка.

Дапамагчы Асі Булыбенцы заклікалі актывісткі ініцыятывы «Ружовыя хусьцінкі». Па зьвестках актывістак, Ася Булыбенка зьвярнулася да іх у сытуацыі, калі засталася зусім без працы і дапамогі:

«Для нас самае важнае — здароўе і жыцьцё чалавека. Калі Ася зьвярнулася за дапамогай, мы не змаглі прайсьці міма. Яе гісторыя ясна паказвае, што неабходна сыстэма экстранай падтрымкі. Што ініцыятывам трэба перабудоўваць працу — ствараць крызысныя фонды, каб рэагаваць тут і цяпер, калі гаворка ідзе аб выратаваньні чалавека. Разглядаць такія звароты тыднямі — недапушчальна», мяркуюць у ініцыятыве «Ружовыя хусьцінкі».

  • Асі Булыбенцы 24 гады, яна вучылася ў БНТУ, адкуль яе адлічылі за ўдзел у пратэстах.
  • Дзяўчына была фігуранткай гучнай «справы студэнтаў», яе арыштавалі ў лістападзе 2020 году і асудзілі на 2,5 года зьняволеньня паводле 342 артыкулу КК аб масавых беспарадках.
  • Ася Булыбенка цалкам адбыла свой тэрмін у жаночай калёніі № 4 і вызвалілася ў лістападзе 2022 году, але і пасьля выхаду на волю дзяўчыне давялося адбыць месяц пад адміністрацыйным арыштам.
  • У 2023 годзе праз пагрозу новых рэпрэсій Ася Булыбенка мусіла зьехаць за мяжу. У размовах з журналістамі дзяўчына не хавала, што знаходзіцца ў складаным псыхалягічным стане і мае матэрыяльныя праблемы.
  • У Вільні Ася Булыбенка ўдзельнічала ў акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі, дэманстравала свае мастацкія працы на выставах ды івентах рамесьнікаў, у тым ліку супрацоўнічала з ініцыятывай «Вольныя паштоўкі», якая рыхтуе і замаўляе паштоўкі салідарнасьці і дасылала іх палітвязьням.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Скрадзеная маладосьць». Шэсьць гісторый студэнтаў, якія прайшлі праз турму