Музэй Яўгеніі Янішчыц месьціўся ў вёсцы Парэчча Пінскага раёну, у школе, дзе вучылася паэтка. Базавая школа закрылася — так звычайна адбываецца празь недахоп вучняў, а матэрыялы з экспазыцыі закрытага музэю перадалі ў мясцовы дом культуры ў Парэччы і Пінскую раённую бібліятэку імя Яўгеніі Янішчыц.
15 кастрычніка стала вядома, што музэй Яўгеніі Янішчыц пераядзе ва ўстанову «Музей Беларускага Палесся». Рашэньне аб перадачы экспанатаў у кастрычніку мусіць прыняць Пінскі райвыканкам.
Што з культурнымі пляцоўкамі
За апошнія 4 гады ў Беларусі паменела ўстановаў культуры. Напрыклад, у 2021 годзе ў Горадні закрыўся прыватны «Цікавы музэй», бо арэндная плата за памяшканьне паднялася ў 6 разоў, паводле ўласьнікаў музэю.
Агулам са зьвестак Белстату вынікае, што за 4 гады музэяў стала на 5 адзінак менш. Цяпер іх 155. Праз картатэку знаходзім, што музэі сапраўды ліквідоўвалі як юрыдычныя адзінкі. Аднак гэта ня значыць, што ўсе яны зьніклі: многія зь іх перападначалілі.
Напрыклад, горадзенскі «Музэй на Траецкай», які спэцыялізуецца на гісторыі габрэяў Горадзеншчыны, цяпер філіял музэю гісторыі рэлігіі. Магілёўскі мастацкі музэй імя Масьленікава стаў філіялам абласнога краязнаўчага музэю імя Раманава.
А вось многія культурныя прасторы і пункты закрыліся незваротна. Напрыклад, у 2021 годзе на запыт пракуратуры ў Горадні зьліквідавалі Цэнтар гарадзкога жыцьця, які стварыў журналіст Павал Мажэйка. Там праходзілі выставы, дыскусіі, вечарыны. Менскі культурны цэнтар «Корпус» абвесьціў пра сваё закрыцьцё ў чэрвені 2022 году. У траўні 2022 году прыпынілася дзейнасьць музычнага клюбу «Бруге», а ў красавіку 2025 году клюб абвесьціў пра канчатковае закрыцьцё. Гэта была заўважная пляцоўка беларускай альтэрнатыўнай сцэны.
Цяпер асноўнай вялікай пляцоўкай для альтэрнатыўнай сцэны стаў клюб «Рэактар», які наноў адкрыўся летась у ліпені.
Што да іншых установаў культуры, то з 2020 году клюбаў стала менш на 343 адзінкі (пераважна гэта вясковыя клюбы), на 2024 год іх было 2250. Бібліятэк стала менш на 334 адзінкі, цяпер іх 2175.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму на «Беларусьфільме» «кіна ня будзе». Тлумачыць Валер Карбалевіч«На вёсцы закрываецца музэй ці бібліятэка — і застаецца толькі крама з алькаголем»
Паводле Натальлі Задзяркоўскай, кіраўніцы «Музэю Вольнай Беларусі», які працуе ў Варшаве, установы культуры скарачаюцца ў Беларусі некалькі гадоў, улады тлумачаць гэта эканоміяй. Пад закрыцьцё трапляюць найчасьцей сельскія клюбы і бібліятэкі.
Натальля Задзяркоўская
«Такім чынам, нейкая вёска ці мястэчка наагул застаецца без установы культуры. Крама з алькаголем працуе, а культурная ўстанова — не. А гэта месца для камунікацыі, месца, дзе людзі могуць сабрацца. Гэта невялікая эканомія, але сацыяльныя наступствы для невялікага населенага пункту», — кажа Натальля Задзяркоўская.
На яе думку, закрыцьцё любога музэю — нэгатыўная зьява, бо іх у Беларусі ня так і шмат.
«Дзіўна, што іншыя музэі не прынялі матэрыялы з школьнага музэю Яўгеніі Янішчыц. Для захоўваньня музэйных фондаў ёсьць жорсткія патрабаваньні, фонды мусіць перадавацца ў музэй, ніяк не ў бібліятэку. Ёсьць жа Дзяржаўны літаратурны музэй, чаму яны не праявілі зацікаўленасьць», — задаецца пытаньнем суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад забарону трапілі нават фальклёр і міталёгія. Маніторынг культурнага ўціску ў Беларусі«Канцэрты кожныя выходныя, але і скасоўваюць шмат»
Свабода пагаварыла зь беларусамі, якія ходзяць на імпрэзы. Паводле аднаго з суразмоўцаў, культурныя падзеі праходзяць рэгулярна, але «шмат чаго скасоўваецца».
«Фактычна ёсьць дзясятак гуртоў, якія граюць, якім можна. Аднак ніколі не адгадаеш — скасуюць канцэрт ці ён адбудзецца. Праходзяць таксама шмат квізаў, бываюць выставы», — адзначыў адзін з суразмоўцаў.
Апошні скасаваны канцэрт мусіў адбыцца ў «Рэактары» 11 кастрычніка. Там мелі выступіць гурты Torf, «Куклы», «Бронепаровоз». 10 кастрычніка клюб у сваіх сацсетках паведаміў пра скасаваньне канцэрту, бо «адклікалі гастрольнае пасьведчаньне». Таксама арганізатары напісалі, што «канцэрт быў важны ў тым ліку для выжываньня клюбу». Пасьля гэтага людзі ў камэнтарах пачалі пісаць, што гатовыя не дамагацца вяртаньня грошаў за квіткі, абы клюб існаваў.
Каб правесьці ў Беларусі канцэрт ці фэстываль, трэба атрымаць на яго гастрольнае пасьведчаньне ад уладаў. Арганізатары павінны быць у рэестры тых, каму дазволена рабіць культурныя імпрэзы. Аднак усё гэта не гарантуе выніку: ужо ўзгодненую імпрэзуф могуць адмяніць.
Адзін з суразмоўцаў Свабоды, знаёмы з сфэрай культуры, кажа, што для скасаваньня канцэрту пэўнага гурту дастаткова, каб адзін з музыкаў быў «нядобранадзейны» з гледзішча ўладаў. Напрыклад, трапляў у поле зроку сілавікоў праз палітыку ці «выступіў недзе ня там».
Пры гэтым вялікія і малыя канцэрты адбываюцца, культурнае жыцьцё не спыняецца, адзначаюць суразмоўцы. Людзі знаходзяць магчымасьць і арганізаваць імпрэзу, і сабраць гледачоў.
«Беларусы адчуваюць патрэбу ў імпрэзах і умеюць адрозьніваць, што ім навязвае ідэалёгія, а што сапраўднае. На добрыя імпрэзы нікога ж ня трэба заганяць, людзі квіткі купляюць. Як бы ні зьнішчалі і ні рэпрэсавалі гэтую сфэру, усё зьнішчыць ня ўдасца», — мяркуе Натальля Задзяркоўская.
Летась у Беларусі мінімум 7 імпрэзаў скасавалі з падачы ўладаў ці праўладных блогераў. 29 верасьня стала вядома, што спэктакль «Сёстры Грым» у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек забаронены і не пабачыць сцэны. 13 верасьня была скасаваная яго прэм’ера, тады паведамілі, што «з тэхнічных прычын».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аказваецца, тэатар можа зьмясьціцца на кухні». Гісторыя горадзенскага актора, які разносіў піццу, а пасьля адкрыў сваю школу