Літва прыпыніла прыём заявак на працаўладкаваньне іншаземцаў

Помнік «Тры крыжы» ў Вільні ў колерах літоўскага сьцгу

З 15 кастрычніка 2025 году Дэпартамэнт міграцыі Літвы прыпыніў прыём новых заяў на працаўладкаваньне замежных грамадзян. Рашэньне прынялі, бо набліжаецца вычарпаньне ўстаноўленай на гэты год квоты на прыцягненьне работнікаў з-за мяжы.

На 2025 год квота складае 24 830 чалавек і ахоплівае ўсе прафэсіі і галіны эканомікі. Па стане на 15 кастрычніка ўжо выкарыстаныя 20 502 месцы, а яшчэ 4457 заявак на выдачу дазволаў на часовае пражываньне з мэтай працоўнай дзейнасьці знаходзяцца на разглядзе.

Агульная колькасьць скарыстаных і разгляданых заявак ужо перавысіла ўсталяваны ліміт, таму дэпартамэнт спыніў прыём новых зваротаў аб выдачы дазволаў на працу замежнікам.

Пасля вычарпаньня квоты дазвол на часовае пражываньне ў Літве па падставе працоўнай дзейнасьці можа быць выдадзены толькі ў выключных выпадках — калі заробак замежнага работніка складзе ня менш за 1,2 сярэдняга месячнага брута-прыбытку па краіне (цяпер гэта 2667,6 эўра), альбо калі яго прафэсія ўваходзіць у пералік высокакваліфікаваных і дэфіцытных для літоўскага працоўнага рынку — тады парог зьніжаецца да сярэдняга даходу (2223 эўра).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча адмовілася прымаць мігрантаў паводле эўрапейскага мэханізму рэлякацыі, у Літве абмяркуюць зьмены ў міграцыйнай палітыцы


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчык ПАРЭ камэнтуе 5 канкрэтных сытуацыяў беларусаў у выгнаньні: дэпартацыя, праблемы зь візай і рахункам, шлюб і нараджэньне дзіцяці